Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

1 верасьня ў Польшчы пройдуць урачыстасьці, прысьвечаныя пачатку Другой Усясьветнай вайны.

На іх запрошаны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які ўжо даў згоду, і ня быў запрошаны прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

Таксама Варшава запрасіла і кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Аднак польскае выданьне Rzeczpospolita, спасылаючыся на добра інфармаваную крыніцу ў Менску, паведаміла, што прэзыдэнт Беларусі адмовіўся прыехаць у Польшчу, бо не запрошаны Пуцін.

Якія былі аргумэнты «за» і «супраць» таго, каб беларускі лідэр прыняў польскае запрашэньне?

Аргумэнты, пра якія ідзецца далей — гэта аргумэнты, якія значныя для самога Лукашэнкі.

За:

Паездка — гэта

  • дэманстрацыя павагі да важнага суседа, прычым з нагоды, стаўленьне да якой у Менску і Варшавы блізкія
  • умацаваньне канцэпту пра Беларусь — пераможцу ў Другой Сусьветнай вайне
  • магчымасьць асабістага кантакту зь лідэрамі заходняга сьвету
  • дэманстрацыя самастойнасьці зьнешняй палітыкі Беларусі
  • дэманстрацыя беларусам, што беларускага прэзыдэнта прымаюць у «клюбе» ўсясьветных лідэраў

Супраць:

Паездка — гэта

  • асабісты выклік лідэру саюзнай дзяржавы, прэзыдэнту Пуціну, якога не запрасілі на цырымонію
  • нагода для расейскай прапаганды казаць, што Беларусь здраджвае Расеі
  • рызыка выклікаць незадавальненьне часткі беларускага насельніцтва з жорсткімі прарасейскімі поглядамі
  • ускоснае прызнаньне польскай трактоўкі пакта Молатава-Рыбэнтропа
  • рызыка, што кіраўнік Беларусі апынецца на цырымоніі на другіх ролях у параўнаньні з лідэрамі буйных дзяржаваў

Гэткі балянс «за» і «супраць» для Лукашэнкі, і выглядае, што «супраць» пераважылі.

Але які балянс з пункту гледжаньня нацыянальных інтарэсаў Беларусі? Што, на ваш погляд, больш адпавядала б ім: паездка Лукашэнкі ў Польшчу на цырымонію, прысьвечаную пачатку Другой Сусьветнай вайны, ці яго адмова ад паездкі? Які ваш адказ?

1. Паездка
2. Адмова ад паездкі

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Джон Болтан і Дональд Трамп у Белым доме, травень 2019

Як паведаміла амэрыканскае выданьне Foreign policy, на гэтым тыдні ў Менск мае прыехаць дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан.

Цяжка прыгадаць, калі ў Беларусь апошні раз прыяжджаў амэрыканскі афіцыйны прадстаўнік такога высокага рангу, прыяжджалі звычайна намесьнікі памочніка дзяржсакратара, кангрэсмэны.

Болтан вызначаецца ня толькі сваёй высокай пасадай, але і вельмі жорсткім падыходам да геапалітычных апанэнтаў Амэрыкі, у прыватнасьці, да Расеі. Магчыма, менавіта таму Болтан — адзін з ключавых амэрыканскіх перамоўнікаў з Расеяй.

Навошта ён цяпер едзе ў Беларусь?

Адносіны паміж Менскам і Вашынгтонам, хай і вельмі павольна, але паляпшаюцца, дасягнутая дамоўленасьць аб аднаўленьні ўзаемнай дыпляматычнай прысутнасьці, урад Беларусі робіць захады наконт пакупкі амэрыканскай нафты.

Зь іншага боку, у пэўнай ступені мяняюцца амэрыканскія акцэнты ў зьнешняй палітыцы. Калі амэрыканскі прэзыдэнт сустракаецца з такімі лідэрамі, як Кім Чэн Ын, то на фоне апошняга Лукашэнка ўжо дакладна ня самы страшны дыктатар у сьвеце. Хаця і дыктатар, зразумела, але цяпер робяцца больш важнымі геапалітычныя нюансы.

Наўрад ці Болтан прывязе ў Менск запрашэньне для Лукашэнкі ў Белы дом, а для Беларусі — у NATO. Але размова можа ісьці, напрыклад, аб поўным скасаваньні эканамічных санкцыяў. Праўда, з 2015 году кожныя паўгода працягваецца іх замарозка, яны фактычна ня дзейнічаюць, але ў палітыцы сымбалі маюць значэньне.

У Вашынгтоне заўважаюць ціск з боку Расеі ў кірунку «паглыбленьня інтэграцыі», заўважаюць і тое, што афіцыйны Менск ад гэтых прапановаў упарта і з пэўным посьпехам адбіваецца.

Ізноў жа — ня тое, што Болтан прывязе абяцаньне грошай і амэрыканскіх войскаў. Але ў стасунках з найбліжэйшым саюзьнікам Расеі — усё на паўтанах, на намёках, на жэстах. Вось прыяжджае ў Менск амэрыканскі чыноўнік такога высокага рангу, якога раней не прыяжджаў. Гэта сыгнал Расеі, што незалежнасьць Беларусі Амэрыцы неабыякавая. І што яна зробіць? А хай для Расеі няпэўнасьць сытуацыі крыху падвысіцца, хай у Маскве думаюць, расшыфроўваюць сыгнал.

Гэта, так бы мовіць, тлумачэньне візыту па трэндзе — адносіны паляпшаліся працяглы час і колькасьць маленькіх крокаў перарасла ў якасьць.

Але ёсьць і іншае тлумачэньне. Сёньня прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон абвясьціў, што ўжо ў верасьні адбудзецца сустрэча лідэраў Нямеччыны, Францыі, Расеі і Ўкраіны. Таксама варта прыгадаць, што ў ліпені прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прапанаваў прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну сустрэчу ў фармаце «Нармандыя+», з удзелам ня толькі Макрона і кіраўніцы Нямеччыны Ангелы Мэркэль, але і прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, і тагачаснага брытанскага лідэра Тэрэзы Мэй. І сустрэчу Зяленскі прапанаваў правесьці ў Менску.

Прапанову Зяленскага не адкінуў ніхто, уключна з Масквой і Вашынгтонам. Амэрыканцы не выключаюць свайго наўпроставага далучэньня да перамоваў па Ўкраіне.

Месца сустрэчы чатырох лідэраў Макрон не назваў. Але калі гэта Менск, як прапаноўваў Зяленскі, то візыт Болтана ў беларускую сталіцу выглядае ў зусім іншым сьвятле.

Болтан — прафэсійны дыплямат, ён ня раз выконваў ролю «шэрпы» — асобы, якая вядзе папярэднія перамовы аб перамовах лідэраў дзяржаваў.

І тут нават неабавязкова, што да перамоваў 4-х лідэраў далучыцца прэзыдэнт ЗША, хаця і гэта нельга выключаць. Проста амэрыканцы хацелі б трымаць руку на пульсе гэтых перамоваў.

Цяпер усе клянуцца духам менскіх пагадненьняў (бо альтэрнатыва ня надта праглядаецца), хаця самі па сабе тыя пагадненьні не былі надта выгаднымі ні Ўкраіне, ні Захаду. Гаспадар перамоўнай пляцоўкі на іх хаду ня надта ўплывае, але, магчыма, і не адно каву цягае ўдзельнікам перамоваў. Ізноў жа нюансы, дэталі, у якіх, паводле ангельскай прымаўкі, і хаваецца д’ябал.

Калі перамовы чатырох лідэраў сапраўды адбудуцца ў Менску, што дастаткова імаверна, не выклікае сумневаў, што яны будуць прынамсі адной з тэмаў, якія будзе абмяркоўваць у Менску Джон Болтан.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG