Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

Масква, 1 жніўня 2019

Шмат што ў пратэстах у расейскай сталіцы і ў супрацьдзеяньні ім перагукаецца зь беларускай практыкай.

Сьцісла:

  • Маскоўскія мэтады барацьбы з пратэстамі вельмі падобныя на тыя, што ўжываюцца ў Беларусі
  • На мітынг 10 жніўня людзей прыйшло больш, чым на папярэднія недазволеныя акцыі, але ўдвая менш, чым было заяўлена
  • Апазыцыя не радыкалізуе свае патрабаваньні і лад дзеяньняў, яна факусуецца на рэгістрацыі кандыдатаў на выбарах у Масгардуму
  • Сёньня маскоўскі пратэст быў падтрыманы маштабнай акцыяй у Санкт-Пецярбургу зь вялікай колькасьцю затрыманых

Супрацьдзеяньне вулічным пратэстам у Маскве суправаджаецца маштабным наступам на апазыцыйныя арганізацыі. Напярэдадні мітынгу 10 жніўня ператрус і арышты адбыўся ў Фондзе барацьбы з карупцыяй Навальнага (сам Навальны адбывае тэрмін адміністрацыйнага арышту), у дзень мітынгу праваахоўныя органы ўчынілі натуральны пагром у штабе незарэгістраванай кандыдаткі Любові Собаль, паплечніцы Навальнага.

Прапаганда, як і ў Беларусі ў падобных выпадках, робіць акцэнт на замежным умяшаньні, на замежных грошах. Маўляў, ня могуць жа самі расейцы быць супраць расейскай улады, толькі падбухтораныя і аплочаныя дзярждэпам.

Нават перахоплены дрон над маніфэстацыяй — дакладная калька з перахопу дронаў падчас сьвяткаваньня ў Менску ў 2018 годзе 100-й гадавіны стварэньня БНР.

Таксама падобна на беларускі вопыт выкарыстаньне падатковай службы і ваенкаматаў супраць ідэнтыфікаваных і патэнцыйных удзельнікаў пратэстаў. У Маскве гэтая практыка, бадай, нават больш сыстэмная, чым у Беларусі. Сьмешная гісторыяпра тое, як журналістцы Reuters даслалі позву з ваенкамату... служыць у войску. Пераблыталі пол, бываюць накладкі, калі гэтак шмат працы.

Калі казаць пра сёньняшнюю, дазволеную акцыю на праспэкце Сахарава ў Маскве, то яна была істотна больш шматлюднай, чым папярэднія недазволеныя акцыі, але не беспрэцэдэнтна шматлюднай. Паводле дадзеных незалежнай арганізацыі «Белы лічыльнік» у акцыі ўзяла ўдзел каля 50 тысячаў чалавек. Гэта удвая менш, чым было заяўлена арганізатарамі акцыі.

Варта заўважыць, што апазыцыя даволі стрыманая ў дэкляраваных мэтах і лёзунгах. Галоўны лёзунг акцыі «Вызваляй! Дапускай!»- вызваляй затрыманых, дапускай кандыдатаў да выбараў. Таксама было шмат лёзунгаў з патрабаваньнем адхіленьня ад пасадаў маскоўскага мэра Сабяніна і старшыні маскоўскай ЦВК Гарбунова. Але не прэзыдэнта.

Як адзначаюць расейскія экспэрты, улада ўспрымае гэтыя пратэсты, спароджаныя сюжэтам мясцовых выбараў, як ледзь ня спробу зрынаньня Пуціна і штурму Крамля. Прынамсі, як працэс, які да таго наўпрост вядзе. Гэтым, на думку экспэртаў, і тлумачыцца такая жорсткасьць супрацьдзеяньня. Гледзячы па ўсім, улады нават самі спрабуюць падштурхнуць пратэст да радыкалізацыі, да больш шырокіх палітычных патрабаваньняў.

Пра тое сьведчаць і правакацыйныя рассылкі СМСак напярэдадні акцыі 10 жніўня.

Гледзячы па ўсім, апазыцыя, адчуваючы настроі грамадзтва, не паддаецца гэтай спакусе і сьвядома факусуецца на той прычыне, якая спарадзіла пратэст — несправядлівай адмове ў рэгістрацыі апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты Маскоўскай гарадзкой думы.

Яшчэ адна асаблівасьць сёньняшняй акцыі — тое, што пратэст пашырыўся за межы сталіцы. Сёньня акцыі адбыліся толькі ў некалькіх гарадах — Санкт-Пецярбургу, Растове, нават Шыесе, дзе нядаўна адбываліся «сьмеццевыя» пратэсты. Таксама паказальна, што нагодай для сёньняшніх пратэстаў у Санкт-Пецярбургу быў чысты матыў салідарнасьці з масквічамі, піцерцы пратэставалі не з прычыны мясцовых, лякальных праблемаў, а ў падтрымку сталіцы.

Пры гэтым да сярэдзіны дня затрыманых у Санкт-Пецярбургу была значна больш, чым у сёньня ў Маскве да пачатку мітынгу на Сахарава і падчас яго. Паводле апошніх дадзеных, 10 жніўня ў Маскве ў сувязі з акцыяй пратэсту было затрымана каля 150 чалавек, пераважная частка — пасьля дазволенага мітынгу. Таксама адпрацаваная ў Беларусі тактыка хапуну пасьля дазволеных акцыяў.

Падчас папярэдніх, недазволеных пратэстаў 27 ліпеня і 3 жніўня, затрыманых кожны раз было ў 10 разоў больш, чым сёньня. Хаця канчатковыя лічбы затрыманых 10 жніўня пакуль невядомыя, паведамляецца, што паліцэйскі «хапун» працягваецца.

Сярод асаблівасьцяў маскоўскага пратэсту варта адзначыць галасы ў падтрымку пратэстаў, нават заклікі ўзяць у іх удзел з боку вельмі папулярнага блогера Юрыя Дудзя і рэпэра Oxxxymiron’а. Абодва яны раней не пазыцыянавалі сябе, як апазыцыянэраў.

Прагназаваць далейшае разьвіцьцё падзеяў даволі складана. Маштабы пратэсту пашырыліся, хаця колькасьць удзельнікаў недазволеных і дазволенай акцыяў нельга наўпрост супастаўляць. Аднак колькасьць пратэстоўцаў зараз усё ж меншая, чым была на піку пратэстаў 2011-2012 гадоў.

Пратэст пашыраецца геаграфічна, ён не ахапіў усю Расею, але ўжо не абмяжоўваецца Масквой.

Тое, што пратэст не радыкалізуецца, хутчэй станоўчы чыньнік, у тым ліку і з гледзішча пашырэньня яго маштабаў. Гвалт, заклікі да зрынаньня найвышэйшай улады ня толькі выклікалі б узмацненьне рэпрэсіяў, але і падарвалі б, звузілі сацыяльную базу пратэсту.

Выбары ў Маскоўскую гарадзкую думу адбудуцца 7 верасьня. Да іх — яшчэ тры суботы. Яны і будуць вызначальнымі для лёсу цяперашніх пратэстаў у Маскве.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, Сочы, 15 лютага 2019

20 гадоў таму, 9 жніўня 1999 году тагачасны прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын прызначыў выканаўцам абавязкаў старшыні ўраду РФ Уладзіміра Пуціна. У той жа дзень у сваім тэлезвароце Ельцын назваў Пуціна сваім пераемнікам. Пачалася пуцінская эпоха ў гісторыі Расеі.

Уладзімір Пуцін і Барыс Ельцын, 1999 год
Уладзімір Пуцін і Барыс Ельцын, 1999 год

Як мянялася за гэтыя гады стаўленьне беларусаў да лідэра суседняй краіны? Паспрабуем даць адказ на гэтае пытаньне, грунтуючыся на дадзеных сацыялягічных апытаньняў двух дасьледных цэнтраў — НІСЭПД і Беларускай аналітычнай майстэрні (БАМ).

Сьцісла:

  • Пікам гатоўнасьць беларусаў прагаласаваць за Пуціна, як за прэзыдэнта саюзу, быў 2002 год
  • Невыпадкова менавіта ў 2002 годам Пуцін прапанаваў Беларусі далучыцца да Расеі ў якасьці 6 губэрняў
  • Рэйтынг Пуціна сярод іншых замежных лідэраў — самы высокі, на ўзроўні 60%
  • Са станоўчых ацэнак Пуціна не вынікаюць станоўчыя ацэнкі паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі
  • Ацэнкі расейцамі Лукашэнкі падобныя на ацэнкі беларусамі Пуціна: добры прэзыдэнт, але для свайго народу

Лукашэнка і Пуцін на «выбарах» прэзыдэнта саюзу

Яшчэ ў сярэдзіне 90-х НІСЭПД стаў задаваць рэспандэнтам пытаньне, каго б яны хацелі бачыць на пасадзе кіраўніка саюзу Беларусі і Расеі, калі б такая пасада была ўведзеная.

Гіпатэтычнае пытаньне задавала агульную рамку, якая дазваляла адначасова ацэньваць беларускіх і расейскіх палітыкаў.

Графік 1.

Да 1999 году ў адказах на гэтае пытаньне Аляксандар Лукашэнка пераўзыходзіў у шмат разоў усіх без выключэньня расейскі палітыкаў — Ельцына, Прымакова, Жырыноўскага, Лужкова, Яўлінскага. Але ўжо з лістапада 1999 году карціна пачала мяняцца, прычым выбухападобным чынам. У красавіку 2000 году Пуцін абагнаў Лукашэнку, у красавіку 2001 году разрыў стаў двухразовым, у красавіку 2002 году кожны другі апытаны беларус быў гатовы бачыць Пуціна прэзыдэнтам гіпатэтычнай аб’яднанай дзяржавы.

І наўрад ці выпадкова ўжо ў чэрвені 2002 году Пуцін зрабіў сваю заяву аб «аддзяленьні мух ад катлет», а ў жніўні агучыў ультыматум, прапанаваўшы Беларусі банальна далучыцца да РФ у выглядзе шасьці губэрняў. Праўда, і тады, як і 16 гадоў пазьней, у 2018 годзе, ультыматум фармуляваўся як дылема — альбо паўнавартаснае абʼяднаньне ў адну дзяржаву, альбо захаваньне існых саюзных адносінаў, але без залішняй шчодрасьці з боку Расеі.

У адказ на прапанову Пуціна Беларусі стаць фактычна часткай Расеі беларуская эліта прадэманстравала рэдкую салідарнасьць — адказ быў адмоўны.

Той інтэграцыйны крызіс 2002 года прадэманстраваў, што ўжо тады за гады незалежнасьці адносна яе каштоўнасьці, па меншай меры ў эліце, усталяваўся кансэнсус.

Аднак вышэй прыведзены графік паказвае, што рэч ня толькі ў настроях эліты, гэтыя настроі адлюстроўвалі дынаміку настрояў усяго грамадзтва.

Газавыя, нафтавыя, харчовыя і інфармацыйныя «войны»

З канца 2002 году «саюзны» рэйтынг Пуціна плаўна, але няўхільна пакаціўся ўніз. А рэйтынг Лукашэнкі, хоць і ня гэтак манатонна, рос. У 2004 годзе адбыўся першы на постсавецкай прасторы крызіс з адключэньнем паставак расейскага газу. Потым быў крызіс пачатку 2007 году, калі ўжо Беларусь прыпыніла на некалькі дзён расейскі нафтавы транзыт, далей — малочная «вайна» 2009 году, у 2010 годзе «Газпром» зноў прыпыніў пастаўкі, а НТВ распачало інфармацыйную атаку на Лукашэнку, паказаўшы сэрыял «Хросны бацька».

Напэўна, для Расеі, для расейскай грамадзкай думкі, гэта выглядала такім чынам, што Расея ахвяруе свае рэсурсы саюзьніку, аддачу атрымлівае недастатковую і таму спрабуе паставіць Менск на месца.

Але беларуская грамадзкая думка ўспрымала гэта ня так, успрымала як ціск, як несправядлівасьць. І ўскосна, але вельмі пераканаўча пра гэта сьведчыць няўхільнае падзеньне «саюзнага» рэйтынгу Пуціна. Не да нуля, але пік 2002 году застаўся ў незваротным мінулым.

Цяжка сказаць, як мяняўся «саюзны» рэйтынг Лукашэнкі і Пуціна пасьля чэрвеня 2014 году, якім сканчаецца вышэй прыведзены графік. Праз 2 гады НІСЭПД быў разгромлены, а іншыя сацыялягічныя службы асьцярожнічаюць і такіх пытаньняў не задаюць.

Тым не менш варта зьвярнуць увагу на апошняе значэньне на графіку — чэрвень 2014 году, пік «крымнашавых» настрояў у Расеі. У Расеі рэйтынг Пуціна рэкордна высокі. У Беларусі, як бачым, «саюзны» рэйтынг Пуціна таксама трохі падвысіўся ў параўнаньні з 2006-м ці 2010-м гадамі, але нязначна.

І гэта пры тым, што грамадзкая думка Беларусі вялікай большасьцю ухваліла далучэньне Крыму да РФ і гэтая большасьць заставалася нязьменнай і ў наступныя гады. Іншымі словамі, «Крымваш», а вось Пуцін — ня наш. Дакладней, не зусім наш.

Пуцін — найлепшы сярод замежных лідэраў

Яшчэ адно апытаньне НІСЭПД 2015 году паказала стаўленьне рэспандэнтаў да Пуціна ў параўнаньні зь лідэрамі іншых замежных дзяржаў. У гэтым апытаньні дзейнасьць Пуціна ацанілі станоўча 60% рэспандэнтаў, адмоўна — кожны пяты. Наступным за расейскім лідэрам па станоўчых ацэнках апынуўся тагачасны прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў (44%), за ім старшыня КНР Сі Цзіньпін і канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель (па 35%).

Паводле апытаньня, праведзенага ў красавіку 2017 году Беларускай аналітычнай майстэрняй, Пуціна ацэньвалі станоўча 66% апытаных і адмоўна толькі 11% рэспандэнтаў. Наступным па папулярнасьці за расейскім лідэрам быў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, якога станоўча ацэньвалі толькі 14%, а адмоўна — 29%.

Пуцін сярод замежных лідэраў — найлепшы, але менавіта як замежны.

Гэтае стаўленьне да Пуціна варта супаставіць са стаўленьнем беларусаў да розных варыянтаў двухбаковых адносінаў Беларусі і Расеі.

Графік 2.

На графіку 2 вельмі выразна бачная тая ж кропка пералому — 2002 год, а таксама тэндэнцыя — зьніжэньне долі рэспандэнтаў, якія выступаюць за паўнавартаснае абʼяднаньне дзьвюх дзяржаваў у адзіную. Пра тое, што доля прыхільнікаў такіх узаемаадносін у другой палове дзясятых была невялікая, сьведчаць і пазьнейшыя дадзеныя Беларускай аналітычнай майстэрні.

Графік 3.

Графік 3 паказвае, што разьмеркаваньне перавагаў вельмі ўстойлівае: толькі пара адсоткаў выступаюць за ўваходжаньне Беларусі ў РФ, прыкладна каля 15% — за паглыбленьне інтэграцыі ў той ці іншай форме. Гэта ў цэлым адпавядае колькасьці прыхільнікаў паўнавартаснага абʼяднаньня ў апытаньнях НІСЭПД.

Пуцін сам па сабе, як лідэр сяброўскай саюзнай Расеі, добры для больш чым 60% беларусаў. Істотна большае, чым цяпер, збліжэньне зь кіраванай ім краінай падтрымліваюць прыкладна ў чатыры разы меней беларусаў.

Варта зазначыць, што гэтая прырода адносінаў да суседзкага лідэра ўласьцівая і расейцам. Экспэрт «Фонда «Общественное мнение» Грыгоры Кертман казаў пра стаўленьне да Аляксандра Лукашэнкі расейскіх рэспандэнтаў, зафіксаванае на фокус-групах: «Гэты прэзыдэнт вельмі добры для Беларусі, але для Расеі ён быў бы ня надта добры. Сымпатыя да яго — гэта сымпатыя як да кіраўніка дружалюбнай краіны. І гэтая сымпатыя не экстрапалявалася на Расею, ня тое, што мы хацелі б такога лідэра для Расеі. Ёсьць уяўленьне, што яго падтрымлівае пераважная большасьць беларусаў і гэта адзін з матываў сымпатыяў да яго. Калі братэрскі народ яго любіць, значыць, ён добры прэзыдэнт менавіта для гэтага народу».

Падводзячы вынікі, можна сказаць, што Ўладзімір Пуцін быў і застаецца для беларусаў вельмі паважаным і аўтарытэтным палітыкам. Але як свайго, беларускага лідэра яны яго ў большасьці не ўспрымаюць. І ў гэтым — істотнае адрозьненьне ад сытуацыі пачатку нулявых гадоў.

Адпаведна і прапановы аб паглыбленьні інтэграцыі нават ад такога паважанага палітыка знаходзяць падтрымку толькі ў невялікай частцы беларускага грамадзтва.

Аднак зразумела, што аўтарытарная ўлада што ў Беларусі, што ў Расеі можа праігнараваць меркаваньне большасьці беларусаў: наогул кажучы, Лукашэнка можа пагадзіцца на прапановы Крамля пад ціскам абставінаў, а Расея ў прынцыпе можа паспрабаваць «паглыбіць інтэграцыю» сілай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG