Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

чацьвер 18 ліпень 2019

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас цырымоніі закрыцьця ІІ Эўрапейскіх гульняў у Менску, чэрвень 2019

Амэрыканскае інфармацыйнае агенцтва Bloomberg паведаміла пра пляны Крамля і Пуціна на бліжэйшыя пяць год. Паводле інфармаваных крыніц агенцтва, праект аб’яднаньня зь Беларусьсю ўжо неактуальны.

Сьцісла

  • Расейскія мэдыі дружна пачалі абмяркоўваць варыянт з Пуціным — прэм’ерам пасьля 2024 году
  • Пераарыентаваліся нават Тэлеграм-каналы, якія «мачылі» Беларусь і пераконвалі ў непазьбежнасьці аб’яднаньня
  • Варыянт вырашэньня «праблемы-2024» праз аб’яднаньне зь Беларусьсю быў прадметам крамлёўскай «гульні тронаў»
  • Расея можа скараціць дапамогу Беларусі, але не настолькі, наколькі скараціла б, калі б працягвала прымушаць да «паглыбленай інтэграцыі»

Паводле Bloomberg, пляны Крамля на час пасьля 2024 году цяпер палягаюць у тым, каб Уладзімір Пуцін стаў прэм’ерам з пашыранымі паўнамоцтвамі і лідэрам «Адзінай Расеі». Пры гэтым агенцтва адзначае, што «намаганьні, накіраваныя на тое, каб пераканаць лідэра суседняй Беларусі пайсьці на зьліцьцё з Расеяй, якое дазволіла б Пуціну стаць кіраўніком аб’яднанай дзяржавы, пацярпелі няўдачу».

Bloomberg як «Правда» часоў СССР

Само па сабе паведамленьне хай сабе і аўтарытэтнага і дасьведчанага агенцтва не азначае, што адпаведная зьмена плянаў сапраўды адбылася. Але ёсьць ускосныя сьведчаньні таго, што паведамленьне Bloomberg можа адпавядаць рэчаіснасьці. Расейскія СМІ і інтэрнэт-рэсурсы пачалі горача абмяркоўваць гэты праект «зваротнай ракіроўкі», вяртаньня ў 2008 год, у часы зьмены Пуціна на Мядзьведзева ў Крамлі.

Але хіба ня больш паказальнай стала зьмена рыторыкі Тэлеграм-каналаў кшталту «Бульбы престолов», «Трикотажа», «Восточного притворства» і іншых, якія апошнія месяцы ўпарта пераконвалі публіку ў тым, што аб’яднаньне непазьбежнае і Лукашэнка будзе вымушаны здацца.

Цяпер яны гэтак жа дружна канстатуюць, што пляны імклівага паглынаньня Беларусі крыху скарэктаваныя. Не, працягваюцца развагі пра тое, што Расея корміць няўдзячную Беларусь, што Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах яшчэ пакажуць «кузькину мать», што Беларусь пазбавяць усёй дапамогі і тады беларусы ўсьвядомяць, каму яны абавязаныя сваім дабрабытам.

Але ўсё гэта гаворыцца без ранейшага імпэту і ўпэўненасьці. Нібыта па камандзе, нібыта публікацыя Bloomberg — установачны артыкул у савецкай «Правде». Можа і па камандзе, а можа недурныя людзі проста разумеюць, куды вецер дзьме.

Інтэграцыя зь Беларусьсю — стаўка ў крамлёўскай «гульні тронаў»

Дарэчы, і раней людзі, дасьведчаныя ў крамлёўскія гульнях, казалі, што варыянт з вырашэньнем «праблемы-2024» празь аб’яднаньне зь Беларусьсю — толькі адзін з магчымых, гэты варыянт адстойвае толькі адна з крамлёўскіх «вежаў» у вострай канкурэнцыі зь іншымі вежамі і іх варыянтамі.

Менск сапраўды, як мог, адбіваўся ад прапановаў «непрыязнага паглынаньня», зацягваючы, забалбочваючы перамовы аб «паглыбленьні інтэграцыі». Гэта можа і не дапамагло б, калі б гэты варыянт быў асноўным, магістральным.

Але ён ня быў такім, а быў адным зь сюжэтаў, ставак крамлёўскай «гульні тронаў». Менск дастаткова актыўна брыкаўся, каб забясьпечыць перамогу іншай крамлёўскай групоўцы зь іншымі, менш экзатычнымі і рызыкоўнымі сцэнарамі транзыту ўлады ў 2024 годзе.

У Расеі апошнім часам то звышсакрэтная падлодка патоне, то журналісту падкінуць наркату, а потым даводзіцца вызваляць, то яшчэ якая трасца з халерай ідзе ня так, як меркавалася і плянавалася. Прымушэньне суседняй краіны да аб’яднаньня — задача як мінімум тэхнічна складаная. І ня так можа пайсьці шмат што. Варыянт ракіроўкі з новым або тым самым Мядзьведзевым — значна больш надзейны і не абцяжараны рызыкамі.

Гэта, дарэчы, ня значыць, што беларускі варыянт адкінуты канчаткова і назаўжды. Да 2024 году часу яшчэ шмат, і гульня тронаў яшчэ ня скончылася. Але інтэнсіўнасьць ціску на Беларусь у кірунку паглыбленьня інтэграцыі напэўна істотна зьменшыцца.

Беларусь выбрала другі пункт «ультыматуму Мядзьведзева»

Гэта нават і ня будзе выглядаць як псыхалягічная капітуляцыя Масквы. Мядзьведзеў у сьнежні летась насамрэч прапановаў Беларусі выбар: паглыбленьне інтэграцыі за «пернікі» альбо захаваньне цяперашняга ўзроўню інтэграцыі і скарачэньне патоку «пернікаў». Беларусы проста выбралі другі з прапанаваных Масквой варыянтаў.

Пры гэтым скарачэньне патоку «пернікаў» цяпер можа і ня быць такім ужо драматычным. Гэта было даволі эфэктыўным сродкам прымушэньня да аб’яднаньня, пакуль Крэмль рабіў стаўку на гэта.

Калі стаўку вырашылі рабіць на іншае, то і імпэт адбіраць «пернікі» зьмяншаецца. «Пернікі» ж ня тое, каб зусім ужо бясплатныя. Беларусь можа і ня робіць усяго, чаго ад яе хацела б Расея, у абмен на «пернікі». Але яна многага ня робіць, чаго Расея не хацела б, каб яна рабіла. А гэта мае пэўную каштоўнасьць. Прынамсі, папярэднія 27 гадоў Расея ж аказвала Беларусі дапамогу, бачачы ў гэтым нейкі свой інтарэс, наўрад ці толькі разглядаючы «пернікі» як аванс за будучае аб’яднаньне. Ну дык гэты інтарэс нікуды ня зьнік.

Чарговая «вайна» дарагіх саюзьнікаў сканчаецца тым самым, чым і папярэднія.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

20 ліпеня 1994 году Аляксандар Лукашэнка ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў быў абраны прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. Яўка ў другім туры склала 70.6%, за Лукашэнку прагаласавала 80.6% ад тых, хто прыйшоў на выбары, 56% ад усяго дарослага насельніцтва краіны.

Як у далейшым мянялася папулярнасьць Лукашэнкі? Адказам на гэтае пытаньне цяжка лічыць афіцыйныя вынікі наступных прэзыдэнцкіх выбараў, бо яны, у адрозьненьне ад першых 1994 году, былі цалкам несвабоднымі і не адлюстроўвалі волевыяўленьня народу.

Сьцісла

  • Дынаміка даверу і недаверу да Лукашэнкі амаль супадала з дынамікай электаральнага рэйтынгу
  • Падчас выбараў 2001, 2006 і 2010 назіраліся пад'ёмы электаральнага рэйтынгу, выбары 2015 году былі выключэньнем
  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў адбывалася падзеньне рэйтынгу, якое праз пару гадоў зьмянялася яго ростам
  • Дынаміка рэйтынгу была шчыльна зьвязаная з эканамічным становішчам, эканамічны рост і падзеньне выклікалі адпаведныя зьмены рэйтынгу

Пэўнае ўяўленьне пра дынаміку стаўленьня да Лукашэнкі даюць дадзеныя дасьледнага цэнтру НІСЭПД. Гэты цэнтар з 1997 году да спыненьня правядзеньня нацыянальных апытаньняў у 2016 годзе рэгулярна адсочваў электаральны рэйтынг кіраўніка дзяржавы.

Графік 1.

* Крыніца: сайт інстытуту, на графіку пададзеныя сярэднія паказьнікі па ўсіх апытаньнях за адпаведныя гады

З графіку бачна, як электаральная падтрымка Лукашэнкі мянялася ў адпаведнасьці з дынамікай эканамічнага становішча і з электаральнымі цыклямі.

1997-1998 год — значны эканамічны рост, рэйтынг узьнімаецца амаль да ўзроўню, на якім быў на выбарах у 1994 году.

1998 год — расейскі дэфолт, зьніжэньне тэмпаў эканамічнага росту і рэйтынгу.

У 2001-м, у год прэзыдэнцкіх выбараў — невялікі пад’ём рэйтынгу.
Далей — падзеньне на два гады.

З 2003 году — «залаты» пэрыяд лукашэнкаўскай мадэлі і адпаведна новы рост папулярнасьці яе архітэктара. Пік — прэзыдэнцкія выбары 2006 году.

Пасьля выбараў — падзеньне рэйтынгу, ніз падзеньня — 2009 год, год сусьветнага крызісу, тэмпы эканамічнага росту падаюць амаль да нуля.

У 2010 годзе, годзе прэзыдэнцкіх выбараў, даходы насельніцтва дацягваюць да запаветных «папіццот», адпаведна падымаецца і рэйтынг, хаця ён і не дасягае рэкорднага ўзроўню 2006 году.

2011 год — год дэвальвацыі, істотнага падзеньня жыцьцёвага ўзроўню і рэйтынгу Лукашэнкі.

З 2012 году эканоміка пакрысе пераадольвае дэвальвацыйны шок, расьце і рэйтынг.

Канец 2014 году - пачатак 2015 году — новы шок, новая дэвальвацыя. Выбары 2015 году былі першымі, да якіх Лукашэнка прыйшоў на падаючым трэндзе рэйтынгу.

У 2016 годзе ўсьлед за зьніжэньнем узроўню жыцьця працягвалася і зьніжэньне рэйтынгу.

Узроўні даверу і недаверу Лукашэнку мяняліся прыблізна такім самым чынам, як і электаральны рэйтынг.

Графік 2.

* Крыніца: сайт інстытуту, на графіку пададзеныя сярэднія паказьнікі па ўсіх апытаньнях за адпаведныя гады

Пэрыяды падзеньня электаральнага рэйтынгу (пасьля 2001 і 2010 гадоў) прыкладна супадаюць з пэрыядамі, калі ўзровень недаверу да кіраўніка дзяржавы перавышаў узровень даверу да яго. Пасьлявыбарчы 2016 год таксама характарызаваўся гэтай перавагай недаверу над даверам.

На падставе графікаў 1-2 паводле аналёгіі можна меркаваць, што ў 2017-2018 гадах назіраўся пэўны рост рэйтынгу і даверу, бо адбываўся эканамічны рост і рост даходаў.

***

Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) быў заснаваны ў 1992 годзе сацыёлягам, прафэсарам Алегам Манаевым. У 2005 годзе інстытут як грамадзкая арганізацыя быў ліквідаваны рашэньнем Вярхоўнага суду Беларусі. Пасьля цэнтар працягваў сваю дзейнасьць у якасьці арганізацыі, зарэгістраванай у Літве. У 2016 годзе па беларускім тэлебачаньні быў паказаны фільм «Примат НИСЭПИ» пра дзейнасьць інстытуту з абвінавачаньнямі ў фабрыкацыі вынікаў апытаньняў. З прычыны ціску праваахоўных органаў на супрацоўнікаў інстытуту і на сетку інтэрвіюэраў кіраўніцтва НІСЭПД спыніла правядзеньне апытаньняў.
Абвінавачаньні супраць НІСЭПД у фабрыкацыі вынікаў апытаньняў былі разгледжаныя Ўсясьветнай асацыяцыяй вывучэньня грамадзкай думкі, праверка не знайшла пацьверджаньня абвінавачаньняў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG