Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

пятніца 1 сакавік 2019

Архіў
студзень люты сакавік красавік травень чэрвень ліпень жнівень верасень кастрычнік лістапад сьнежань
Фрагмэнт вокладкі кнігі Пятра Касьціньскага "Як сфальсыфікаваць выбары", 2019

Сьцісла

  • Новае ў відэазвароце Лідзіі Ярмошынай — дата датэрміновых выбараў, якую яна прапанавала: 1 сьнежня 2019 году
  • Хутчэй за ўсё гэтымі выбарамі будуць прэзыдэнцкія
  • Сытуацыя ў эканоміцы, стан справаў у нафтагазавай сфэры робяць для Аляксандра Лукашэнкі выгаднымі выбары менавіта сёлета
  • Як Лукашэнка, гэтак і апазыцыя, ужо пэўны час таму пачалі рыхтавацца да хуткіх выбараў
  • Ключавыя кандыдаты ад альтэрнатывы ўжо вядомыя: гэта Мікола Статкевіч, Тацьцяна Караткевіч ці Андрэй Дзьмітрыеў, Алена Анісім і прадстаўнік правацэнтрысцкай кааліцыі

Фармальна кажучы, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў сваім відэазвароце не сказала нічога новага. Яна ўжо даўно і шмат разоў паўтарае, што прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары, якія ў тэрмін павінныя адбыцца напрыканцы 2020 году, варта «разьвесьці»па часе і адны правесьці раней. 10 студзеня сёлета яна агучыла тэрмін, калі будзе абвешчанае канчатковае рашэньне: паводле яе, гэта будзе зроблена ў красавіку, падчас штогадовага пасланьня прэзыдэнта. Сёньня яна гэта паўтарыла.

Новае — хіба дата саміх выбараў, паводле Ярмошынай, іх варта правесьці 1 сьнежня сёлета. Зразумела, гэта не фармальнае абвяшчэньне выбараў, але наўрад ці яна б агучвала выключна сваё ўласнае меркаваньне. Дата можа аказацца і іншай, але выглядае, што выбары сапраўды адбудуцца сёлета напрыканцы году.

Да гэта схіляе ня толькі сёньняшняя заява Ярмошынай, але і заявы Аляксандра Лукашэнкі пра 2019 год, як пра год пачатку «выбарчай бакханаліі». Ну, і апазыцыя ўжо даволі даўно пачала падрыхтоўку да блізкіх выбараў. Магчыма, нешта ведала, магчыма, ёй паведамілі.

Якія выбары першыя

Экспэрты выказвалі розныя меркаваньні наконт таго, якія выбары абвесьцяць першымі. Некаторыя лічылі, што парлямэнцкія. Але большасьць назіральнікаў схілялася да думкі, што першымі ўсё ж будуць прэзыдэнцкія. Ярмошына і сёньня нагадала, што паводле закону прэзыдэнцкія выбары абвяшчае парлямэнт, парлямэнцкія —прэзыдэнт.

Але ў беларускіх умовах парлямэнт наўрад ці мае нейкую сваю волю ў гэтым пытаньні (як і ў любых іншых). Скажуць абвясьціць датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары — дык і абвесьціць.

Пры гэтым калі сыходзіць з тэрміну 1 сьнежня, прапанаванага старшынёй ЦВК, то афіцыйнае абвяшчэньне выбараў павінна адбыцца за тры месяцы, гэта значыць, на самым пачатку восені.

Так што падчас штогадовага пасланьня будзе агучанае толькі палітычнае рашэньне. Прывязка да пасланьня таксама падштурховае да думкі, што размова пойдзе менавіта пра датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары.

Паводле закону паўнамоцтвы Лукашэнкі скончацца толькі ўвосень 2020 году. І, напэўна, падчас пасланьня ён заявіць, што, маўляў, у дэпутатаў адбіраць паўнамоцтвы раней за тэрмін не хачу, а свае паўнамоцтвы гатовы скараціць.

Ён у красавіку дасьць згоду на скарачэньне паўнамоцтваў, дэпутаты напачатку верасьня і скароцяць, прызначыўшы выбары на сёлетні сьнежань.

Але за тое, што першымі сёлетнімі будуць менавіта прэзыдэнцкія выбары гаворыць шмат іншых аргумэнтаў.

Эканамічны ляндшафт перад выбарамі: сувэрэнітэт, «папіццот», нафта і газ

Многія назіральнікі ўжо адзначалі, што шматлікія заявы кіраўніка дзяржавы падчас інтэграцыйнага канфлікту з Расеяй былі вытрыманыя цалкам у стылістыцы выбарчай кампаніі. Да восені 2020 году імідж абаронцы айчыны, народу і сувэрэнітэту можа і выпетрыцца. А да 1 сьнежня сёлета можа і захавацца, калі працягваць яго напампоўваць за месяцы, якія засталіся.

500 даляраў сярэдняга заробку, якія былі забясьпечаныя напрыканцы 2018 году — таксама пэўная дэманстрацыя. Дэманстрацыя таго, што на канец бягучага году выйсьці на тыя ж запаветныя «папіццот» — гэта як бы і не цяганьне жылаў з эканомікі, ня нешта такое, што можа спарадзіць новую дэвальвацыю, кшталту той, у якую краіну абрынулася пасьля выбараў 2010 году.

Дарэчы, калі выбары будуць у сьнежні — гэта таксама такое перагуканьне з 2010 годам. Выбары 2006 году былі раньняй вясной, у 2001-м і 2015-м — увосень. А правесьці сёлета выбары ў сьнежні — напамін апазыцыі, што было ў сьнежні 2010 году. Улада намякае, што можа і паўтарыць у выпадку чаго.

«Падарункі» ад дарагога саюзьніка сыплюцца ўжо, але пакуль яны больш-менш вядомыя і не такія ўжо балючыя. Ранейшая дамова па газе сёлета яшчэ дзейнічае. Падатковы манэўр па нафце — гэта ўдар, але прынамсі сёлета — не накаўт, 380 мільёнаў даляраў —гэта шмат, але не катастрофа.

У наступным годзе гэта будзе больш, колькі давядзецца плаціць за газ у 2020 годзе —наагул невядома, канчаткова высьветліцца якраз у сьнежні. Дык лепш мець гэты пытальнік ужо пасьля выбараў, чым перад імі, калі праводзіць прэзыдэнцкія выбары ў 2020 годзе.

Словам, усе разьлікі паказваюць, што з пункту гледжаньня Лукашэнкі варта правесьці спачатку прэзыдэнцкія выбары. Ну і апазыцыя, дарэчы, рыхтавалася апошнія месяцы менавіта да іх. Выпадкова альбо не.

Апазыцыя і выбары: барацьба за ўплыў

У сёлетніх выбарах апазыцыя пераважнай часткай будзе ўдзельнічаць. Прычым галоўнымі фігурантамі кампаніі будуць пераважна прадстаўнікі палітычных арганізацыяў. Мікола Статкевіч ад БНК плюс кандыдат ад правацэнтрысцкай кааліцыі, якога зьбіраюцца вызначыць на праймэрыз, плюс Тацьцяна Караткевіч ці Андрэй Дзьмітрыёў ад «Гавары праўду». Радыкальны кандыдат, больш памяркоўны і вельмі памяркоўны — увесь спэктар. Ну, і Алена Анісім — старшыня ТБМ і дэпутатка палаты прадстаўнікоў.

Магчымыя і тут, зразумела, нечаканасьці. Але выглядае, што часу для вылучэньня колькі-небудзь сур’ёзнай кандыдатуры, якая мае хоць якія структуры і вядомасьць — для гэтага ўжо проста няма часу.

Так што ўдзельнікі кампаніі ўжо, хутчэй за ўсё, збольшага вызначаныя. Шанцы на вылучэньне адзінага кандыдата ад альтэрнатывы практычны нулявыя. У адрозьненьне ад 2001-га і 2006-га гадоў ніхто нават не вядзе размоваў пра гэта. Вылучыць правацэнтрысцкая кааліцыя адзінага кандыдата — гэта ўжо будзе паказьнікам пэўнага адзінства хаця б часткі палітычнага спэктру.

Паколькі грамадзка-палітычная сытуацыя, прынамсі, пакуль, не дае падставаў спадзявацца на нейкія вялікія грамадзкія ўзрушэньні ў сувязі з выбарамі, задача-мінімум, якую могуць ставіць перад сабой альтэрнатыўныя кандыдаты — умацаваньне ў грамадзтве пазыцыяў сваіх уласных і сваіх арганізацыяў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

"Зялёныя чалавечкі" ў вёсцы Перавальнае ў Крыме, 6 сакавіка 2014

«Беларусь чакае вайна і анэксія, калі яна не пачне рэфармавацца» — заявіў былы генэральны сакратар NATO Андэрс Форг Расмусэн у інтэрвію украінскаму парталу Liga. net.

Андэрс Форг Расмусэн
Андэрс Форг Расмусэн

«Цяпер для мяне самая крохкая краіна гэта Беларусь » — сказаў у інтэрвію румынскай службе нашага радыё кіраўнік амэрыканскага дасьледнага цэнтру Stratfor Джордж Фрыдман.

Джордж Фрыдман
Джордж Фрыдман

Не яны першыя, не яны апошнія. Але адзін — былы высокі чыноўнік самага магутнага ў сьвеце вайсковага альянсу, другі — кіраўнік дасьледчага цэнтру, які некаторыя лічаць ледзь не альтэрнатыўным ЦРУ. Да іх прагнозаў і перасьцярогаў прыслухоўвацца, зразумела, варта. А вось пагаджацца — неабавязкова.

Успамін пра «Захад-2017»

Тое, што сучасная Расея — краіна зусім не вэгетарыянская, не сакрэт ні для каго. Але справа напэўна ў дакладнай ацэнцы пагрозы.

Варта прыгадаць, колькі людзей напярэдадні і нават падчас вучэньняў «Захад-2017» прадказвалі і перасьцерагалі, што вучэньні скончацца анэксіяй Беларусі, а можа і ня толькі яе. І выказваліся ў такім духу ня толькі журналісты і палітолягі, ня толькі былыя чыноўнікі, але і міністры і нават кіраўнікі дзяржаваў.

Вучэньні прайшлі, расейскія войскі і тэхніка як прыехалі, так і вярнуліся дадому. Ці многія з тых «касандраў», якія казалі, што вучэньні — пралёг анэксіі, рахмана заўважылі — відаць, крыху мы пагарачыліся з тымі прагнозамі, нешта мы не ўлічылі? Ня памятаю ніводнага такога прызнаньня.

Чаму? Акрамя нежаданьня прызнавацца ў сваіх памылках ёсьць у гэтым і ідэалягічная подбіўка. Аўтары падобных алярмічных прагнозаў напэўна разглядаюць сябе, як тых гусей, якія, паводле паданьня, уратавалі Рым ад варожай навалы.

Галы таемна падышлі да сьценаў вечнага гораду, яго жыхары спалі, але сьвятарныя гусі ў храме Юноны пачалі гегетаць, разбудзілі сьпячых рымлянаў, тыя ўзяліся за зброю і далі адпор.

Дык можа і з «Захадам-2017», і ў цяперашняй сытуацыі адносна Беларусі тое самае? Таму Пуцін і не рашаецца праглынуць Беларусь, што ў сьвеце ўзьнімаецца крык, шум, які будзіць ад сну абаронцаў свабоды, у выніку гаспадар Крамля палохаецца і адмяняе напад.

Можа быць.

Ратаваньне ці дэмаралізацыя?

Але ёсьць і іншае тлумачэньне. Што пішуць і кажуць заходнія прагназісты? Расея вось-вось захопіць Беларусь. А што пішуць і гавораць розныя расейскія «птушкі» — ад Уладзіміра Жырыноўскага да Тэлеграм-каналаў кшталту Незагара? Пытаньне з далучэньнем Беларусі вырашанае, Менск здаўся, Лукашэнка здаўся.

Мова іншая, ацэнка — адваротная. У спадароў Расмусэна і Фрыдмана гэтая пэрспэктыва выклікае роспач, у расейскіх "касандраў" — шчырую радасьць. Але па сутнасьці і адны і другія гавораць пра адно і тое ж.

Дык гэтае «гергетаньне» — яно ратуе Менск ці наадварот, упэўнівае ўсіх, і беларусаў найперш, што варыянтаў уратавацца няма? Апэрацыі па дэмаралізацыі войскаў і насельніцтва праціўніка так жа і працуюць — здавайцеся, супраціў бессэнсоўны.

Тут ёсьць і яшчэ адна асаблівасьць гэтага дзіўнага сугучча. Тое, што расейскія апалягеты далучэньня Беларусі да Расеі нічога ня кажуць пра складанасьці і рызыку гэтай апэрацыі — гэта натуральна. Але дзіўна, што і іх заходнія апанэнты і калегі па прагназаваньні нічога ня кажуць пра фактары, якія маглі б прадухіліць такі сцэнар.

Парадаксальна, што і адны і другія сыходзяць з супольнага бачаньня: Беларусь залежная ад Расеі і палітычна, і эканамічна, і культурна, Беларусь ня мае ніякіх юрыдычных і фактычных гарантыяў ад анэксіі з боку Расеі, сама Беларусь слабая, няздатная абараніць сябе і не жадае абараняць сябе. Адсюль робіцца простая выснова: усё залежыць ад жаданьня Пуціна, а такое жаданьне ў яго ёсьць, таму анэксія непазьбежная.

Але сытуацыя, як выглядае, усё ж больш складаная. І адны і другія прагназісты ня ўлічваюць ні козыры, якія мае Беларусь, ні масавыя настроі ў Беларусі, ні тое, што залежнасьць ад РФ узаемная, ні рызыкі, якія тоіць падобная апэрацыя для Расеі.

Пры гэтым заходнія прагназісты ня кажуць нічога ўцямнага наконт таго, што ж трэба рабіць Захаду, каб прадухіліць спраўджваньне іх прагнозаў. Праяўляць пільнасьць, не забываць пра Беларусь. І ўсё. І гэта павінна надта натхніць беларусаў і напалохаць расейцаў? А не наадварот, не дэмаралізаваць беларусаў і ня ўпэўніць расейцаў, як героя стужкі «Месца сустрэчы зьмяніць нельга», што «няма ў вас мэтадаў супраць Косьці Сапрыкіна». Не прапаноўваюцца ж ніякія, нават тэарэтычна.

Што гарантуе ад анэксіі?

Не, вось спадар Расмусэн прапанову мае. Праўда, не да некалі кіраванага ім Паўночнаатлянтычнага альянсу, а да беларусаў. Усталяваць у Беларусі дэмакратыю і правесьці рэформы. Гэта, паводле яго, самая надзейная гарантыя ад анэксіі. Добрая прапанова. Дэмакратыя і сапраўды лепш за дыктатуру, а рэформы лепш за стагнацыю. У доўгатэрміновым пэрыядзе дык і праўда гарантыя.

Але калі глядзець на досьвед постсавецкіх краінаў, дык сувязь хіба не адваротная. Грузія і Ўкраіна — выдатніцы школы рэформаў і дэмакратыі. Але менавіта ў гэтых краінаў Расея адхапіла ладныя кавалкі тэрыторыі. А, скажам, у Азэрбайджане і Казахстане справы з рэформамі так сабе, а з дэмакратыяй — дык і зусім кепска. Між тым абедзьве краіны з Расеяй мяжуюць, але на іх тэрытарыяльную цэласнасьць яна не замахвалася.

Грузінскі горад Горы пасьля расейскага бамбаваньня, 9 жніўня 2008
Грузінскі горад Горы пасьля расейскага бамбаваньня, 9 жніўня 2008

Так што да парады былога генсека NATO напэўна і варта прыслухацца ў стратэгічным пляне. Але ў кароткатэрміновай пэрспэктыве яна не выглядае такой ужо надзейнай панацэяй ад гіпатэтычнай расейскай агрэсіі.

Я сам журналіст, таму разумею, што загалоўкі кшталту «Беларусі пагражае анэксія» прыцягваюць інтарэс, даюць клікі.

Але ад людзей з пэўным прафэсійным досьведам, з пэўнай рэпутацыяй, чакаеш усё ж не адно пагоні за клікамі, а нейкай веды ці хаця б разуменьня.

Рымскія гусі са старажытнага паданьня і не прэтэндавалі на ролю палітычных аналітыкаў. Але, гледзячы па ўсім, мелі звычку гергетаць тады, калі нагода была істотнай. Гергеталі б яны зь любой нагоды і нават безь яе, баюся, што наўрад ці яны б уратавалі Рым.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG