Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

панядзелак 7 кастрычнік 2019

Архіў
кастрычнік 2019
пан аўт сер чац пят суб няд
30 1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31 1 2 3

Дакладна, зразумела, ня ведаю. Мяркую, што пяройдуць на «ты», калі ўжо не перайшлі падчас папярэдніх тэлефонных гутарак.

Лукашэнка мае звычку «тыкаць» усім, каму можна (і нельга). Ён на прэсавай канфэрэнцыі для ўкраінскіх журналістаў ужо назваў Зяленскага Валодзем. Са свайго боку Зяленскі больш чым на 20 гадоў маладзейшы за Лукашэнку, але ён лідэр немалой краіны, таму зьвяртацца да кіраўніка іншай краіны на «вы», калі той кажа «ты», не выпадае.

Так што паспрабую напісаць нешта ў жанры Wikileaks ці стэнаграмы адміністрацыі Трампа, якая апублікавала гутарку шэфа з Зяленскім.

Зяленскі: Саша, мне ў хуткім часе гаварыць з Пуціным. Як зь ім размаўляць? Ты маеш вопыт, як ніхто. На што зь ім можна дамовіцца?

Лукашэнка: Валодзя, я шмат разоў прапаноўваў нашую міратворчую місію на Данбасе. Адказу не было ад вас ды і ад Масквы. Вашая справа. Але зараз іншы расклад, зараз у вас плян Штайнмаера, выбары там. Ты сказаў — там на выбарах ня будзе нічыіх кулямётаў. А куды падзенуцца кулямёты тамтэйшых хлопцаў? Мы можам іх ураўнаважыць сваімі.

Зяленскі: Саша, усе нашыя кіраўнікі цябе пыталіся, не парушу традыцыю: ты не прапусьціш расейцаў празь Беларусь на нас, калі нават ім вельмі захочацца? І ці захочацца ім?

Лукашэнка: Валодзя, у цябе там ізноў Майданам пахне. Мая табе парада — не саступай, не нахіляйся, пакажы, што ты мужык, а не анучка. Інакш кірдык табе, паедзеш у Растоў.

Зяленскі: Саша, а што ў цябе з расейцамі, куды завядзе гэтая вашая інтэграцыя? Яны цябе зусім заціснуць ці грошай не дадуць?

Лукашэнка: А як ты сабе ўяўляеш гэтыя выбары ў Данбасе? Глядзі, расейцы вас могуць кінуць. Разам з эўрапейцамі. Як бы ты дурнем не аказаўся ў выніку. А народ у вас гарачы.

Зяленскі: Саша, падкінулі б вы нам паболей паліва. Расейцы нас прыціснулі, зіма хутка. Мы знойдзем варыянты, але зараз трэба хутка абярнуцца.

Лукашэнка: Падставіў цябе Трамп капітальна. А пра эўрапейцаў і ён і ты праўду казалі. Чужыя яны нам, Валодзя, уключна з Трампам. А мы — ім. Урок табе. Трэба сваіх трымацца.

Магчыма, калісьці зьбег абставінаў запоўніць прабелы ў гэтай гутарцы. . Але гледзячы па тых жа зьлівах у Wikileaks і па апублікаванай стэнаграме гутаркі Трампа і Зяленскага размаўляюць уладары сьвету прыкладна гэтак.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Федэрыка Магерыні

Дыпляматычнай сэнсацыяй сёньняшняга дня стаў перанос на няпэўны тэрмін візыту ў Менск вярхоўнай прадстаўніцы Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыкі Магерыні.

Таксама стала вядома, што пераносіцца на няпэўны тэрмін і нарада міністраў замежных справаў дзяржаваў «Усходняга партнэрства», якая мелася адбыцца 4-5 кастрычніка ў Менску і на якую як раз і зьбіралася прыехаць галоўная дыпляматка Эўразьвязу.

Сьцісла:

  • Кіраўнікі дыпляматыі Эўразьвязу наведвалі Менск ня надта часта
  • Матывацыя пераносу візыту Магерыні і міністэрскай нарады не выглядала занадта важкай
  • Візыт Магерыні меў бы сымбалічны зьмест, цяпер сымбалічны зьмест мае яго перанос
  • У Маскве зларадна рагочуць: «У Эўропу сабраліся, браты-беларусы? Ну дык вось вам паказалі, як там да вас ставяцца»

Для афіцыйнага Менску візыт Магерыні, як і міністэрская нарада, мусілі стаць важнай прэстыжнай падзеяй, знакам росту палітычнай вагі.

Нарада кіраўнікоў МЗС дзяржаваў-удзельніц партнэрства ўпершыню за 10 гадоў існаваньня гэтай ініцыятывы мусіла прайсьці ў Беларусі.

Эўрапейскія чыноўнікі рангу Магерыні за ўсю найноўшую гісторыю Беларусі наведвалі краіну двойчы: у 2009 годзе, у разгар папярэдняга пацяпленьня адносінаў паміж Беларусьсю і ЭЗ, Менск наведаў тагачасны кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Хавіер Саляна, у жніўні 2014 году пераемніца Саляны Кэтрын Эштан удзельнічала ў Менску ў перамовах па ўкраінскім канфлікце паміж прэзыдэнтамі Ўкраіны і Расеі Пятро Парашэнкам і Ўладзімірам Пуціным.

Аляксандар Лукашэнка і Хавіер Саляна, Менск, люты 2009
Аляксандар Лукашэнка і Хавіер Саляна, Менск, люты 2009

Так што кіраўнікі дыпляматыі Эўразьвязу наведвалі Менск ня надта часта, тым больш важным, важкім выглядаў заплянаваны візыт.

Чаму перанесьлі візыт і нараду?

І тым больш важны яго перанос. Асабліва з улікам таго, што матывацыя, па шчырасьці, не выглядала занадта важкай. Прэсавая сакратарка Магерыні паведаміла, што візыт кіраўніцы дыпляматычнага ведамства ЭЗ «адкладзены з прычыны шэрагу зьменаў у парадку дня некалькіх удзельнікаў».

Раней зьявілася інфармацыя, што ў Менск не прыедзе міністар замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч, які ў апошні момант скасаваў паездку з прычыны ўдзелу ў пахаваньні вэтэрана антыкамуністычнага руху Корнэля Маравецкага.

Уладзімер Макей і Яцак Чапутовіч, Нью-Ёрк, верасень 2019
Уладзімер Макей і Яцак Чапутовіч, Нью-Ёрк, верасень 2019

Прынамсі, такой была афіцыйная вэрсія. Магчыма, польскага міністра зьвязвалі асабістыя адносіны з памерлым Маравецкім, аднак варта заўважыць, што нацыянальная жалоба з нагоды яго сьмерці ў Польшчы не абвяшчалася.

Да таго ж у Эўразьвязе 28 краінаў, у кожнай ёсьць МЗС, плюс 5 дзяржаваў-партнэраў акрамя Беларусі. Калі адзін з 33-х міністраў з асабістых прычынаў ня змог прыехаць у Менск, гэта не выглядае дастаткова важкай падставай, каб туды ня ехала і кіраўніца дыпляматыі Эўразьвязу. І тым больш гэта не выглядала дастатковай падставай для зрыву даўно заплянаванай сустрэчы, упісанай у шчыльныя графікі міністраў вялікай колькасьці дзяржаваў.

Візыт Магерыні і яго перанос як сымбалі

Тут таксама варта дадаць, што візыт Фэдэрыкі Магерыні ў Менск, калі б ён адбыўся, меў бы збольшага сымбалічнае значэньне. 31 кастрычніка яна пакідае сваю цяперашнюю пасаду, ужо прызначаны яе наступнік, ім стане міністар замежных справаў Гішпаніі Жазэп Барэль.

Фэдэрыка Магерыні і Жазэп Барэль, ліпень 2019
Фэдэрыка Магерыні і Жазэп Барэль, ліпень 2019

Так што яе візыт у Менск, калі б ён адбыўся, не азначаў бы нейкай новай лініі ў палітыцы ЭЗ адносна Беларусі, гэта быў бы жэст ухвалы крокаў Менску па нармалізацыi стасункаў з ЭЗ і па ўрэгуляваньні крызісу ва Ўкраіне.

Але цяпер сымбалічны зьмест набыла адмена або перанос візыту. Напэўна, па сутнасьці гэта чыста тэхнічны момант. Аднак калі размова ідзе пра ўсяго трэці за 10 гадоў візыт чыноўніка адпаведнага ўзроўню і пра першую міністэрскую нараду ў Менску за тыя самыя 10 гадоў, то тэхнічныя моманты робяцца зьмястоўнымі.

Можна ўявіць сабе, як зларадна рагочуць цяпер у Маскве: «У Эўропу сабраліся, браты-беларусы? Ну дык вось вам паказалі, як там да вас ставяцца».

Дзьмітры Мядзьведзеў і Ўладзімір Пуцін
Дзьмітры Мядзьведзеў і Ўладзімір Пуцін

Напэўна, у Варшаве і Брусэлі гэта так не ўспрымаюць. А ў Маскве ўспрымаюць менавіта так. І ў Менску, мяркую, гэтак жа. І дзіўна, калі ў Брусэлі гэтага не разумеюць.

«Нас на Захадзе ніхто не чакае»

У парадку зусім ужо кансьпіралягічнай вэрсіі перанос візыту Магерыні і міністэрскай нарады мог быць своеасаблівай дэманстрацыяй Менску заклапочанасьці Эўразьвязу інтэграцыйнымі гульнямі Беларусі з Масквой, маўляў, калі інтэграцыя будзе занадта шчыльнай, то Беларусі ня варта спадзявацца на прагрэс у стасунках з ЭЗ — Зьвяз ня мае звычкі ўсталёўваць шчыльныя сувязі з рэгіёнамі Расеі, у які можа ператварыцца Беларусь.

Калі сапраўдная матывацыя была менавіта такая, гэта было б прынамсі канцэптуальна: матыў быў бы адпаведны наступствам. Іншая справа, што такая матывацыя была б абсалютна варʼяцкай і падштурхнула б Менск дакладна ў тым накірунку, рух па якім хацелі прадухіліць гэткім дэмаршам. Але тады гэта было б па меншай меры вынікам нейкай, хай і памылковай, стратэгіі. А так той самы вынік атрымаўся, хутчэй за ўсё, як зьбег выпадковых недарэчнасьцяў і неразуменьня псыхалёгіі і культуры партнэра.

Нядаўна Лукашэнка паўтарыў сваю ўлюбёную мантру: «Нас на Захадзе ніхто не чакае». Калі міністар важнай краіны можа аддаць перавагу пахавальнай цырымоніі сябра перад даўно заплянаванай паездкай у Менск, калі на гэтай падставе высокая чыноўніца з Брусэлю касуе свой візыт у Беларусь — ну дык і сапраўды ж не чакаюць. Лукашэнка дакладна ў гэтым толькі ўпэўніцца.

Калі глядзець абʼектыўна, то, зразумела, нічога страшнага і незваротнага не адбылося: правядуць нараду пазьней, можа на яе прыедзе ўжо не «кульгавая качка» Магерыні, а яе наступнік Барэль, якому служыць кіраўніком дыпляматыі ЭЗ наступныя 5 гадоў.

Але, як той казаў, асадачак застанецца. А ў Маскве ня толькі пасьмяюцца цяпер, але і ў будучыні ў патрэбны момант нагадаюць «казус Чапутовіча-Магерыні».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG