Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

Уладзімір Зяленскі і Аляксандар Лукашэнка

Менск і Кіеў могуць стварыць сытуацыйны саюз, узгадніўшы перамоўныя пазыцыі, каб дамагчыся лепшых умоваў газавых кантрактаў ад Масквы.

Сьцісла:

  • Перамовы паміж Украінай, Расеяй і Эўразьвязам пра новы кантракт на транзыт расейскага газу ў ЭЗ скончыліся безвынікова
  • Масква патрабуе аб Кіеву адмовіцца ад судовых прэтэнзіяў да «Газпрому»
  • Беларусь мае праблемы з заключэньнем новага доўгатэрміновага кантракту на пастаўкі расейскага газу
  • Менск і Кіеў могуць стварыць сытуацыйны саюз, узгадніўшы перамоўныя пазыцыі, каб дамагчыся лепшых умоваў газавых кантрактаў ад Масквы

У панядзелак у Брусэлі скончыліся безвынікова трохбаковыя газавыя перамовы паміж Украінай, Расеяй і Эўразьвязам аб новым доўгатэрміновым кантракце на транзыт расейскага газу праз Украіну.

Прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў у аўторак, што для дасягненьня дамоўленасьцяў па транзыце газу Ўкраіна павінная «выключыць з парадку дня судовыя прэтэнзіі». Пры гэтым папярэдні кантракт, які дзейнічае зараз, сканчаецца сёлета.

У аўторак выканаўчы дырэктар «Нафтагазу Ўкраіны» Юры Вітрэнка заявіў аб падрыхтоўцы новага пазову да расейскага «Газпрому». «Нафтагаз Украіны» 1 лістапада плянуе накіраваць расейскаму «Газпрому» зыскавыя патрабаваньні на суму 11 млрд даляраў у якасьці кампэнсацыі за магчымае спыненьне транзыту газу па тэрыторыі Ўкраіны.

У чым інтарэсы Беларусі ў газавым канфлікце Расеі і Ўкраіны?

Што азначае гэты канфлікт для Беларусі? Калі Масква і Кіеў не дамовяцца, то транзыт расейскага газу праз Украіну будзе спынены: няма кантракту — няма транзыту. «Паўночны паток-2» і «Паўднёвы паток» пакуль недабудаваныя, «Паўночны паток-1» функцыянуе, але яго прапускная здольнасьць не дазваляе перанакіраваць празь яго ўвесь аб’ём газу, які зараз ідзе праз Украіну. У гэтым і сутнасьць спрэчкі. Мела б Расея альтэрнатыўныя каналы дастаўкі газу, якія б цалкам кантралявала — яна б нават не вылучала ўльтыматумаў, а проста спыніла б транзыт праз Украіну. Зараз яна ня мае магчымасьці гэтага зрабіць.

Дакладней, ня мае магчымасьці зрабіць цалкам. Але пэўная альтэрнатыва ёсьць — гэта беларускі транзыт. Гэтая альтэрнатыва для Масквы тым больш цікавая, што труба, якая праходзіць празь Беларусь — не беларуская, а расейская. Магістральны газаправод «Ямал-Заходняя Эўропа» ад пачатку будаваўся як расейская ўласнасьць, «Белтрансгаз» прадалі Расеі ў нулявыя. Аднак труба расейская, але праходзіць яна па беларускай тэрыторыі. Сувэрэннай.

Гэта значыць, што і за транзыт трэба плаціць, і поўнага, стоадсоткавага кантролю над трубой у Расеі ўсё ж няма. Што ў сваю чаргу зьяўляецца козырамі беларускага боку.

А козыры Менску зараз патрэбныя, як ніколі. Інтэграцыйнае дужаньне, расейскае «прымушэньне да інтэграцыі» адбываецца шмат у якіх сфэрах. Але адна зь іх — гэта як раз газавая. Ва Ўкраіны доўгатэрміновы кантракт з «Газпромам» сканчаецца сёлета. Але і ў Беларусі таксама. І Масква не сьпяшаецца яго падпісваць і зь Менскам. Зь ім ультыматум фармулюецца можа менш брутальна, чым з Кіевам, але таксама жорстка. Альбо Беларусь інтэгруецца з Расеяй як мага глыбей, альбо.... Якой будзе цана ў выпадку гэтага «альбо», не агучваецца, але ўяўляецца, што вышэйшай, чым існая. Ці прынамсі не настолькі нізкай, як гэтага хацелася б беларускаму боку.

Беларусь, Украіна ў «дылеме вязьня»

Але тое, што Кіеў і Менск адначасна трапілі ў аднолькава складаную сытуацыю ў адносінах з «Газпромам», адкрывае для іх магчымасьць супольных дзеяньняў. Калі Расея не атрымае магчымасьці перапампоўваць істотна большыя абʼёмы газу праз Беларусь, яна будзе вымушаная пайсьці на саступкі Ўкраіне, інакш ёй проста ня будзе куды дзяваць гіганцкія абʼёмы газы, якія яна зараз перапампоўвае празь Украіну. Гэта велізарныя страты і глыбокі энэргетычны крызіс у Эўразьвязе. У чым Расея насамрэч зусім не зацікаўленая.

Ня тое, каб Беларусь была тут ключавым зьвеньням, але каардынацыя перамоўных палітык паміж Кіевам і Менскам маглі б палепшыць вынік перамоваў для абодвух.

Іншая справа, што ў мінулым такая каардынацыя ніколі не атрымлівалася. У мінулым кожны раз, калі ў Расеі была энэргетычная «вайна» з Украінай, Беларусь адыгрывала ролю альтэрнатывы ўкраінскаму транзыту, даючы Маскве магчымасьць заціснуць Украіну яшчэ мацней. Як, дарэчы, і наадварот. Калі Масква ціснула на Менск, то Ўкраіна не спрабавала трымаць адзіны фронт з Беларусьсю. У выніку чаго ў выйгрышы аказвалася Масква.

Гэта як у знакамітай «дылеме вязьня» з тэорыі гульняў: ёсьць стратэгія, якая дае выйгрыш абодвум гульцам, але ёсьць вялікая спакуса не каапэравацца з партнэрам, а «кінуць» яго, атрымаўшы аднабаковы выйгрыш.

Шанцы сытуацыйнага саюзу

Вялікая імавернасьць, што і гэтым разам адбудзецца нешта падобнае. І таму што так было раней, і таму што асаблівага даверу паміж Менскам і Кіевам няма, і таму што каардынацыя перамоўных тактыкаў паміж Беларусьсю і Ўкраінай, іх хай сабе і сытуацыйны саюз можа раззлаваць Маскву ня толькі зь эканамічных, але і зь палітычных прычынаў.

Але чыньнік, які спрыяе зьяўленьню зараз такога саюзу — гэта сынхроннасьць крызісаў, тое, што Расея цісьне і на Беларусь, і на Ўкраіну. І тут ня мае значэньня, у каго які геапалітычны курс і хто дэмакратыя, а хто дыктатура. Насустрач адна адной краіны штурхаюць нацыянальныя інтарэсы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Сьцісла:

  • Інфармацыя пра завоблачныя заробкі польскіх лекараў не адпавядае рэчаіснасьці
  • Сярэдні заробак польскага лекара прыкладна ўдвая большы, чым беларускага
  • Сярэдні заробак у Польшчы ў цэлым прыкладна ўдвая большы, чым у Беларусі
  • Сэзонная праца лекарам за мяжой — справа складаная, калі ўвогуле магчымая
  • Рашэньне аб спрашчэньні іміграцыі лекараў у Польшчу прывядзе да павялічэньні патоку гэтай іміграцыі
  • З суадносінаў заробкаў вынікае, што велізарным гэты паток з Беларусі ня будзе

У​ Польшчы плянуюць спрасьціць правілы прыёму на працу лекараў з-за межаў Эўразьвязу. Адпаведны законапраект ужо трапіў у польскі парлямэнт. Паведамлялася, што ў першую чаргу зьмены накіраваныя на прыцягненьне лекараў з суседніх Беларусі і Ўкраіны. У прыватнасьці, замежным лекарам ня трэба будзе праходзіць працэдуру пацьверджаньня дыплёма аб заканчэньні ВНУ.

Ці варта чакаць ці перасьцерагацца, што беларускія дактары масава зьедуць у Польшчу, карыстаючыся новымі правіламі іміграцыі?

Польская дасьледчая фірма Sedlak & Sedlak вывучала, якімі былі заробкі польскіх дактароў у 2018 годзе. Дадзеныя прыведзеныя ў наступнай табліцы

Заробкі дактароў у Польшчы ў 2018 годзе

Стаж

Заробак у злотых

Заробак у далярах

Да 1 году

3535

922

2-3 гады

4880

1274

6-8 гадоў

6847

1787

11-15 гадоў

8515

2223

Сярэдняя

6000

1566

Пры гэтым сярэдні заробак у Польшчы ў 2018 годзе склаў
4585 злотых ($1197).

Польскія дадзеныя цікава параўнаць з беларускімі. Паводле Белстату, сярэдні заробак беларускага ўрача ў верасьні сёлета склаў 1508 рублёў ($739). Пры гэтым сярэдні заробак па краіне ў цэлым у жніўні склаў 1117 рублёў (558 $).

Сярэдні заробак беларускага ўрача ў 2019 годзе быў у даляравым эквіваленце прыкладна ўдвая меншы, чым яго польскага калегі ў 2018 годзе. Але ў адпаведныя часовыя пэрыяды і заробак сярэдняга беларускага працаўніка быў прыкладна ў столькі ж разоў ніжэйшым, чым заробак сярэдняга паляка.

Заробак польскага ўрача быў у 2018 годзе на 30% вышэйшы за сярэдні па краіне, заробак беларускага доктара сёлета на 35% большы, чым заробак сярэдняга беларускага працаўніка.

Відавочна, што Польшча — краіна, багацейшая за Беларусь; і польскі сантэхнік, і польскі будаўнік, і польскі IT-шнік, і польскі доктар багацейшыя за іх беларускіх калегаў.

Але «зьвесткі» пра нейкія фантастычныя заробкі польскіх дактароў статыстыкай не пацьвярджаюцца. Польскі доктар прыкладна настолькі ж багацейшы за беларускага ўрача, наколькі Польшча ў цэлым багацейшая за Беларусь.

Калі казаць пра магчымую эміграцыю беларускіх дактароў, то варта ўлічваць, што гэтай працы не ўласьцівая сэзоннасьць. Можна зьезьдзіць на некалькі месяцаў папрацаваць на будоўлі ці на ўборцы ўраджаю і вярнуцца дамоў, у Беларусь, з польскім заробкам, але да беларускіх цэнаў, камуналкі і г. д. Доктарам паехаць папрацаваць на некалькі месяцаў напэўна складана. А ехаць у Польшчу на сталае жыцьцё на працу доктарам — гэта ехаць жыць і працаваць у краіну, дзе зарабок доктара прыкладна настолькі ж вышэйшы сярэдняга па краіне, наколькі і ў Беларусі.

Ня ўсё вымяраецца сярэднімі лічбамі, узровень жыцьця — шматфактарны паказьнік. Але калі ўсё ж апэраваць толькі сярэднімі лічбамі, суадносінамі заробкаў у галіне і ў краіне ў цэлым, то прагназаваць велізарны паток «мэдычнай» эміграцыі зь Беларусі ў Польшчу не выпадае.

Пэўная, большая, чым цяпер, колькасьць дактароў паедзе. Калі больш заможная краіна лібэралізуе рэжым працоўнай іміграцыі зь менш заможнай, то гэта па вызначэньні вядзе для павялічэньня памераў гэтай іміграцыі. Груба кажучы, калі адно сховішча вады вышэй за іншае і паміж імі труба, то чым большы дыямэтар трубы, тым большы паток.

Але тыя суадносіны заробкаў, якія я прывёў, сьведчаць, на мой погляд, пра тое, што ў гэтым выпадку паток «мэдычнай» эміграцыі з Беларусі ў Польшчу будзе не такім ужо і вялікім.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG