Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

Перапіс насельніцтва

Прагноз нахабны, але тым не менш рызыкну.

Палітыка беларускай дзяржавы ў дачыненьні да беларускай мовы агульнавядомая, даходзяць чуткі пра тое, што перапісчыкі ў некаторых месцах пішуць людзям расейскую ў якасьці роднай аўтаматычна. Да таго ж супраць майго прагнозу дзейнічае і дэмаграфія. Падчас мінулага (2009 году) перапісу немалая частка тых, хто назваў роднай беларускую, былі людзьмі вельмі сталага веку. У 2019 годзе многіх зь іх ужо няма з намі.

І тым ня менш ад свайго прагнозу я не адмаўляюся. Прычына — ня млявая і шмат у чым прывідная «мяккая беларусізацыя» і ня заклікі вядомых людзей назваць падчас перапісу роднай беларускую. Гэтыя фактары не закранаюць масы, мільёнаў людзей. Але ёсьць фактары, якія закранаюць.

Самы галоўны — гэта вайна, вайна ва Ўкраіне, вайна каля мяжы. Гэтая вайна выклікала моцнае абвастрэньне нацыянальных пачуцьцяў і ва Ўкраіне, і ў Расеі, дарэчы. Валянтэрскі рух, мода на вышыванкі — толькі некаторыя праявы гэтага абвастрэньня ва Ўкраіне. Завоблачныя адсоткі ў апытаньнях за «Крымнаш» у Расеі, паток рэальных добраахвотнікаў (ня толькі камандзіраваных міністэрствам абароны РФ) на вайну ў Данбасе — таксама індыкатары мабілізацыі нацыянальных пачуцьцяў. Выбух нацыянальных пачуцьцяў — рэч не абавязкова такая ўжо прыемная, асабліва для суседзяў. Я не расстаўляю знакі, я толькі фіксую, што ва Ўкраіне і Расеі вайна нацыянальныя пачуцьці абвастрыла.

А што ў Беларусі? Вайна ля мяжы — гэта для беларусаў рэч сур’ёзная, гэта ня тое, на што можна не зьвяртаць увагі. Масавым, дамінуючым стаўленьнем у Беларусі было і ёсьць — гэта ня наша вайна. А ня наша — гэта не чыя? А мы, чыёй гэтая вайна не зьяўляецца — гэта хто? Мы не расейцы, мы не ўкраінцы, а хто?

Вайна прымушае задаваць сабе гэтае пытаньне мільёны беларусаў. Яна абвастрае нацыянальныя пачуцьці і ў іх таксама. Ва ўкраінцаў і расейцаў — таму што яны ўцягнутыя ў вайну, у беларусаў — таму што яны ня хочуць быць у яе ўцягнутыя.

На мой погляд, крыху менш моцны, але таксама ўплывовы фактар - беларуска-расейскія жарсьці па інтэграцыі. Ня будзем перабольшваць: народ, масы — гэта не супольнасьць палітычных актывістаў, народ ад хітрыкаў перамоўных рухаў цела далёкі. Але адгалоскі гэтага шуму даносяцца і да мас. Даносіцца, у прыватнасьці, мантра, якую Аляксандар Лукашэнка паўтарае раз за разам, прычым паўтарае менавіта ў сувязі з інтэграцыяй — «мы ніколі ня станем часткай іншай дзяржавы». А чаму, дарэчы, ня станем? Таму што «мы» — гэта не «яны», пры ўсёй да «іх» павазе. А гэтыя «мы», якія «ня станем» — гэта хто? Тое самае пытаньне.

І адказ будзе адпаведным вастрыні, актуальнасьці пытаньня.

Падчас цяперашняга перапісу ў ФБ разгарэлася дыскусія — а ці трэба, а ці можна хлусіць, адказваючы на пытаньне перапісу, што родная — беларуская, калі ў рэальнасьці маці не сьпявала вам калыханкі па-беларуску?

У філялёгіі адрозьніваюцца канстатуючыя і пэрфарматыўныя выказваньні. Да вас зьвяртаюцца «Прывітаньне, як справы?», вы адказваеце «Дзякуй, добра». Калі ў вас справы насамрэч так сабе, то вы схлусілі? Не. Нават калі ў вас і насамрэч усё ў парадку, вы не сказалі праўду. Ваш адказ наогул ня быў выказваньнем пра стан вашых справаў, ён быў вітаньнем у адказ на вітаньне.

Беларускі салдат перад шыхтом аднапалчанаў з аўтаматам у руках прамаўляе: «Я клянуся годна выконваць вайсковы абавязак, мужна і самааддана бараніць незалежнасьць, тэрытарыяльную цэласьць і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь». А ён праўду кажа ці хлусіць? Дурное пытаньне. І ні адно і ні другое, ён прымае прысягу.

І вітаньне ў выглядзе «Дзякуй, добра», і прысяга — гэта пэрфарматывы.

Святлана Алексіевіч падчас перапісу 1999 году назвала роднай беларускую (яна пра гэта расказвала), Аляксандр Лукашэнка ў часе цяперашняга перапісу зрабіў тое самае. Дык яны ж абое гавораць па-расейску, Алексіевіч і Нобэля атрымала за кнігі, напісаныя па-расейску. Падчас мінулага перапісу беларускую роднай назвалі 53 %, пры гэтым толькі 23 % сказалі, што дома гавораць па-беларуску.

Ну, можа быць, камусьці маці і праўда сьпявала калыханкі па-беларуску, а пазьней ён ці яна перайшлі на расейскую. Але ці многім з гэтых 30 % (53 мінус 23)?

Алексіевіч, Лукашэнка, мільёны іншых беларускіх грамадзян падчас перапісу 2009 году — яны ўсе схлусілі? Насамрэч яны адказалі на пытаньне, якое прадугледжвае канстатуючы адказ, пэрфарматывам. Паводле аналёгіі — прынялі прысягу.

Аналёгія — ня тоеснасьць. Хтосьці мог і можа адказваць на гэтае пытаньне перапісу канстатуючым выказваньнем, сказаць, як яно насамрэч. Пры гэтым ён ці яна не абавязкова менш ляяльныя краіне і нацыі. Адказваць на пытаньне перапісу пра родную мову «прысягай» — такога жорсткага правіла ў сучасным беларускім культурным кодзе няма. Але ёсьць псыхалягічны мэханізм, які падахвочвае многіх, вельмі многіх, адказваць на гэтае пытаньне менавіта так, у такім ключы: «Я беларус (-ка) — значыць, мая родная мова — беларуская».

Думаю, што абвастрэньне, мабілізацыя нацыянальных пачуцьцяў пад уплывам вайны ва Ўкраіне і інтэграцыйных гульняў праз гэты псыхалягічны мэханізм павялічыць долю тых, хто адкажа на пытаньне пра родную мову — беларуская, незалежна ад мовы калыханак, якія ім сьпявалі іх маці.

Ці правільны мой прагноз, даведаемся пасьля 30 кастрычніка.

Перадрук з парталу TUT. BY

Парлямэнт будзе стэрыльны

Выснова, якая напрошваецца зь нерэгістрацыі Анісім і Канапацкай, — парлямэнт будзе безь любых прадстаўнікоў незалежнага грамадзтва.

Сьцісла

  • Яны не былі рэвалюцыянэркамі ў палаце
  • Улада разьлічвае, што Захад яе будзе прымаць і без пары незалежных дэпутатаў
  • Гэта — прагноз па трэндзе
  • Аднак ня выключана, што гэтых прадстаўніц незалежнага грамадзтва проста вырашылі памяняць на іншых, каб гэтыя ня думалі, што яны набылі самастойную палітычную вагу

Погляд публікі

Калі 4 гады таму было абвешчана, што яны сталі дэпутаткамі, многія меркавалі, што іх фактычна прызначылі ў парлямэнт, дзе яны будуць адыгрываць ролю вітрыны ня тое каб надта дэмакратычнага, але больш-менш прыстойнага аблічча беларускай улады.

Так яно было ці не, усьведамлялі яны гэтую задачу ці не, але па факце яны яе выконвалі. Заходнія ўрады зафіксавалі: у Беларусі навідавоку прагрэс, было нуль незалежных дэпутатаў — сталі дзьве дэпутаткі.

Рабілі Алена і Ганна і шмат чаго іншага, узьнімалі легітымны шум у палаце, прапаноўвалі слушныя, карысныя законапраекты. Але пры гэтым зусім не былі рэвалюцыянэркамі, «на сьвятое», так бы мовіць, не замахваліся. Ці маглі ўдвох і ва ўмовах існаваньня палаты рэальна замахнуцца — можна спрачацца.

Погляд улады

Але гэта — на погляд публікі, грамадзкасьці. А на погляд улады можа і не. Шумелі, гаварылі, давалі інтэрвію, нейкія законапраекты вылучалі, словам, парушалі ідылічную карцінку адзінадушша правадыра і народу ў абліччы яго найлепшых прадстаўнікоў.

Ну так, Захаду паказалі. А сваім неяк нядобра паказваць гэткую разнастайнасьць


Дык для таго ж іх ў палату і запусьцілі, каб паказваць Захаду наяўнасьць плюралізму, розных думак. Ну так, Захаду паказвалі. І паказалі. А сваім неяк нядобра паказваць гэткую разнастайнасьць.

Тым больш што з Захадам, здаецца, і так някепска атрымліваецца. Вось з амэрыканцамі прымірыліся (амаль), Болтан прыяжджаў, на саміты Ўсходняга партнэрства Лукашэнку ўжо запрашаюць, за ўкраінскую палітыку хваляць. Палітвязьняў, зразумела, лепш больш не заводзіць ад граху падалей.

А Анісім і Канапацкая — ёсьць яны ў палаце ці няма, няўжо гэта так прынцыпова? Цяпер. А з унутрыпалітычных меркаваньняў, як улада іх разумее, дык лепш, зразумела, бязь іх. І не таму што яны самі па сабе такія пагрозьлівыя, а ў прынцыпе.

Прагноз на будучыню

Калі матывацыя нерэгістрацыі Анісім і Канапацкай сапраўды такая, то прагноз на гэтыя выбары просты і немудрагелісты — не прапусьцяць, не правядуць нікога, хто хоць нечым адхіляецца ад аглабельнай генэральнай лініі. Гэта, як мне здаецца, базавая вэрсія.

Але тэарэтычна можна дапусьціць, што справа менавіта ў нейкіх учынках, кроках Анасім і Канапацкай. Надта гучна шумелі, шмат гаварылі. Мо пусьцяць каго яшчэ цішэйшага. Дзеля падтрыманьня балянсу. Ці проста каб ня думалі, што сталі нейкімі самастойнымі фігурамі.

Як казаў расейскі імпэратар Павал І, другі чалавек у Расеі — той, зь кім я зараз размаўляю. І пакуль я зь ім размаўляю.

Анісім і Канапацкая не былі другімі асобамі ў Беларусі. Але зь імі неяк размаўляла сыстэма. Магчыма, цяпер паказала рацыю колішняга расейскага цара. А заўтра будзем размаўляць зь іншымі. З кім? А з кім захочам. Але ня з гэтымі. Каб ня думалі пра сябе зашмат.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG