Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

Калі казаць пра зьнешні гандаль, то карціна менавіта такая: ёсьць толькі два гіганты, два «полюсы», усе астатнія — па вялікім рахунку драбяза.

Іншыя лідэры сусьветнай эканомікі — ЗША, Кітай, Японія, у таваразвароце Беларусі — карлікі. І гэта ня толькі цяпер — гэтая сытуацыя застаецца нязьменнай шмат гадоў.

* На графіку ў гандлі з ЭЗ улічаныя і краіны, якія ўступілі ў саюз у 2004, 2007 и 2013 гадах

Крыніцы: Белстат, Сусьветны банк

Сумарная доля РФ і ЭЗ у зьнешнім гандлі Беларусі на працягу 20 гадоў вагалася ў раёне 75–80%. На графіку бачныя і зьмены тэндэнцый. Пункт перагіну — сярэдзіна нулявых, 2004–2005 гады. Да іх таваразварот з Расеяй быў прыкладна на 10 працэнтных пунктаў вышэйшы, чым пасьля.

У гандлі з ЭЗ відавочны няўхільны рост з 1997 году да таго самага пункту перагіну 2004–2005; потым да крызісу 2008–2009 — плято, на ЭЗ прыпадае стабільная траціна ад сусьветнага таваразвароту Беларусі; пасьля крызісу — паніжальны трэнд; у апошнія гады — фактычна вяртаньне ў сэнсе долі на 20 гадоў таму.

Аднак гэтыя агульныя долі ў таваразвароце ў пэўнай ступені прыглушваюць, хаваюць істотна розныя тэндэнцыі, якія мелі месца ў ролі РФ і ЭЗ асобна ў экспарце і імпарце Беларусі.

*На графіку ў гандлі з ЭЗ улічаныя і краіны, якія ўступілі ў саюз у 2004, 2007 і 2013 гадах

Крыніцы: Белстат, Сусьветны банк

Што сапраўды мала зьмянялася, дык гэта доля ЭЗ у імпарце Беларусі. 20 гадоў таму яна была на 5–7 працэнтных пунктаў вышэйшая, чым цяпер, з пачатку тысячагодзьдзя яна практычна не зьмянялася, застаючыся ў раёне 20%.

Доля Расеі ў імпарце была менш стабільная, відаць прыкметны «горб», рост гэтай долі прыкладна на 10 працэнтных пунктаў з наступным зьніжэньнем да паказчыкаў, якія мелі месца ў канцы мінулага стагодзьдзя.

А вось у чым назіраецца рэзкая і вельмі істотная дынаміка, дык гэта ў экспарце, у долях у ім беларускіх «полюсаў». У параўнаньні з 1997 годам доля ЭЗ у беларускім экспарце ўзьляцела больш як у тры разы. У 2005–2009 гадах доля ЭЗ у экспарце пераўзыходзіла долю Расеі, прычым прыкметна. Пры гэтым доля Расеі ў экспарце няўхільна падала фактычна да 2009 году. Сусьветны крызіс 2008–2009 гадоў азначаў зьмену тэндэнцый, доля экспарту ў ЭЗ пайшла ўніз, хоць і з ваганьнямі, доля Расеі ў экспарце — уверх, хоць таксама з рэзкімі ваганьнямі.

Доля нейкай краіны або саюзу краін у гандлі Беларусі характарызуе хутчэй «вагу» той краіны або саюзу краін, а ня ўласна дынаміку ўзаемнага гандлю. Дынаміку лепш паказваюць абсалютныя лічбы, экспарт і імпарт у мільёнах даляраў.

*На графіку ў гандлі з ЭЗ улічаныя і краіны, якія ўступілі ў саюз у 2004, 2007 і 2013 гадах

Крыніцы: Белстат, Сусьветны банк

Апошні графік паказвае дзьве цікавыя асаблівасьці, якія ня так яскрава бачныя на графіках доляў.

Першая асаблівасьць — роля двух крызісаў, першага — сусьветнага, 2008–2009 гадоў, другога — лякальнага, зьвязанага з рэзкім падзеньнем цаны на нафту. У 2009 годзе прасеў экспарт у РФ, а экспарт у ЭЗ — паваліўся. І другое падзеньне экспарту: у ЭЗ — у 2013 годзе, у РФ — у 2015 годзе, пасьля дэвальвацыі ў РФ і ў Беларусі.

А другая асаблівасьць палягае ў тым, што ўсе 4 паказчыкі мяняліся досыць узгодненым чынам. Да 2008 году ўсе яны ў прынцыпе раўнамерна расьлі, праўда, імпарт у Расею ўсё больш перавышаў экспарт, а экспарт у ЭЗ усё больш перавышаў імпарт. Ну, а ў 2009 годзе пачаўся «танец цмокаў», хоць таксама ў досыць высокай ступені ўзгоднены. Экспарт у Расею, імпарт зь яе і экспарт у ЭЗ «танцавалі» ў апошнія гады прыкладна аднолькава.

Апошняя асаблівасьць паказвае, што гандаль Беларусі хоць з Расеяй, хоць з ЭЗ — гэта функцыя ад стану эканомікі Беларусі і ад сусьветнай каньюнктуры. Зьмяняюцца гэтыя фактары — мяняюцца і абʼёмы гандлю з асноўнымі гандлёвымі партнэрамі, прычым у адным і тым жа кірунку.

Зрэшты, можна назіраць і адрозьненьні. Хоць некаторыя зь іх пацьвярджаюць апісаныя вышэй асаблівасьці.

* На графіку ў гандлі з ЭЗ улічаныя і краіны, якія ўступілі ў саюз у 2004, 2007 і 2013 гадах

Крыніцы: Белстат, Сусветны банк

Першае ўражаньне ад графіка: гандаль з Расеяй — са стабільным дэфіцытам, з ЭЗ — як правіла, з прафіцытам. Пры гэтым сальда гандлю з Расеяй і ЭЗ да ўсё таго ж пераломнага пункту 2004 году прыкладна кампэнсавалі адно аднаго. 2008–2010 гады — самы вялікі разрыў паміж дысбалянсамі, у гэтыя гады розьніца паміж абсалютным значэньнем адмоўнага сальда ў гандлі з Расеяй і абсалютным значэньнем дадатнага сальда ў гандлі з ЭЗ складала гіганцкія для Беларусі 6–8 мільярдаў даляраў. Да 2016 году гэтая розьніца зьнізілася да «сьціплага» значэньня 4,3 мільярда даляраў.

Аналіз дынамікі міжнароднага гандлю на вялікіх часавых інтэрвалах моцна зьніжае напал катастрафічных прагнозаў: маўляў, усё разбураецца, залежнасьць нарастае, заўтра крах. Графікі, якія адлюстроўваюць працэсы ў 20-гадовым дыяпазоне, хутчэй схіляюць да эклезіястаўскага: «Няма нічога новага пад сонцам».

Расла доля Эўропы ў экспарце, а потым — Расеі, а потым абедзьве зьніжаліся. Крызісы, прычым сусьветныя або рэгіянальныя, ламалі тэндэнцыі, якія потым выраўноўваліся.

У спрэчках пра зьнешні гандаль Беларусі часта прыводзіцца аргумэнт, згодна зь якім ён такі, таму што Беларусь купляе ў Расеі нафту і газ па субсыдыяваных цэнах — адсюль, маўляў, і ўвесь экспарт у Эўропу. Падыме Расея цану на энэрганосьбіты, і карціна імгненна зьменіцца.

Адмаўляць ролю танных энэрганосьбітаў не выпадае. Але дынаміка на працягу 20 гадоў, на мой погляд, паказвае, што ролю гэтага фактару таксама ня варта перабольшваць. Былі і гандлёвыя «войны», і рэзкія падвышэньні цэнаў на энэрганосьбіты, па-рознаму ў Маскве глядзелі на эканамічнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Гэта мела наступствамі ваганьні паказчыкаў гандлю як з Расеяй, гэтак і з ЭЗ. Але ваганьні, а не доўгачасовыя абвалы або ўзьлёты.

Калі за 20 гадоў Расея не памяняла кардынальна ўмовы гандлю — не захацела ці не змагла, — то вельмі верагодна, што і ня зьменіць. Не захоча ці ня зможа.

Яно, вядома, усё калісьці здараецца першы раз. Ну вось тады, можа, і прыйдзе час біць у набат.

На мой погляд, па меншай меры дадзеныя аб зьнешнім гандлі сьведчаць пра жывучасьць беларускай эканомікі. З крызісаў яна зь вялікімі цяжкасьцямі, але ўсё ж выкараскваецца.

Ну, а полюсамі, галоўнымі «магнітамі» для Беларусі, мяркуючы па ўсім, яшчэ доўга застануцца ўсё тыя ж — Расея і Эўропа.

Перадрук з парталу TUT. BY

Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін, Пэкін, травень 2017

Абсалютна відавочна, што Кітай ужо некалькі гадоў адыгрывае значна большую ролю, чым раней, у зьнешняй палітыцы Беларусі, прычым як у эканамічнай, гэтак і ў палітычнай сфэрах. Высокія, у тым ліку і самыя высокія, госьці зь Менску рэгулярна наведваюць Пэкін, кітайскія сябры прыяжджаюць у Беларусь. Створаны кітайскі індустрыйны парк пад Менскам, наладжаны выпуск кітайскіх аўтамабіляў, кітайскія і беларускія вайсковыя канструктары стварылі ракетны комплекс «Палянэз».

Аляксандар Лукашэнка ў самых цёплых словах гаворыць аб стратэгічным партнэрстве Беларусі і Кітаю, яго сын віншуе кітайскі народ са сьвятамі, кітайская мова зьявілася ў надпісах у аэрапорце Менск-2, кітайскія салдаты дэфілююць на парадзе ў Менску 3 ліпеня.

Пры гэтым калі з Расеяй адносіны рэгулярна псуюцца, пэрыяды бясхмарнага сяброўства зьмяняюцца скандаламі і гандлёвымі «войнамі», то з Кітаем вонкава стасункі ледзь не ідылічныя.

І ўсё гэта адбываецца на тле імклівага росту эканамічнай, вайсковай і палітычнай вагі Кітаю ў сьвеце.

Але ці вынікае з усіх гэтых фактаў і тэндэнцыяў, што Кітай робіцца роўным Расеі партнэрам Беларусі?

Спробы даць адказ на гэтае пытаньне часам грашаць залішнім журналізмам, як, дарэчы, і ў многіх іншых краінах сьвету. Ах, кітайцы купілі ці збудавалі ў Беларусі завод, ух, Кітай даў Беларусі велізарны крэдыт — заўтра кітайцы ўсё скупяць, выціснуць расейцаў і запануюць у Беларусі.

Як у анэкдоце часоў позьняга СССР. У Парыжы, на скрыжаваньні праспэкту Мао Цзэдуна і вуліцы Чжоў Эньлая, адзін француз кажа другому: Ведаеце, пры рускіх было значна лепш.

Мо і запануюць некалі. Але няхутка. Укладаюць грошы — дык яны па ўсім сьвеце ўкладаюць. І ня толькі ў Афрыцы і Цэнтральнай Азіі, дзе іх эканамічная прысутнасьць сапраўды значная, але і ў Эўропе, і ў ЗША. Летась КНР інвэставала ў Нямеччыну рэкордную суму 14 мільярдаў даляраў. Сёлета кітайскія інвэстыцыі ў ЗША, праўда, абрынуліся на 92% з прычыны гандлёвай вайны Пэкіну і Вашынгтону, але яшчэ пару гадоў таму складалі дзясяткі мільярдаў даляраў.

Так што адна і нават некалькі зьдзелак з удзелам кітайскага капіталу ня робяць эканамічнага надворʼя. Ну і галіны, якія дастаюцца кітайцам у Беларусі — ня тыя, якія вызначаюць шлях. Прадалі б ім, скажам, «Беларуськалій», МАЗ ці нафтаперапрацоўчыя заводы, наклалі б яны сваю лапу на ПВТ — тады можна было б казаць, што так, кітайцы прыйшлі.

Адчуваньне прыходу Pax China у Беларусь тлумачыцца, напэўна, двума фактарамі. Першы — гэта банальны расізм. Культурна Кітай усё ж ад беларусаў вельмі далёкі, ніякіх гістарычных каранёў іх прысутнасьць ня мае. Таму масавая сьвядомасьць успрымае іх прыход больш востра, чым успрымала б чый-небудзь іншы, больш культурна і гістарычна звыклы.

А другі фактар — гэта беларуская дзяржаўная палітыка. Беларуская дзяржава стварае адчуваньне значна большай кітайскай прысутнасьці, чым яна ёсьць насамрэч. Ці то для таго, каб паказаць Маскве, што для Беларусі не адна яна сьвятло ў акенцы, ці каб паказаць тым самым кітайцам, як іх любяць у Менску. А за дабро варта плаціць дабром. Ці хаця б проста плаціць. Прыемна, напэўна, кітайцам, калі ў краіне на далёкім паўночным захадзе да іх ставяцца так шчыра.

Ну а зараз — пра рэальнасьць. Паглядзім на ключавы сумарны паказьнік двухбаковых адносінаў, на ўзаемны гандаль.

Вось як выглядае «вага» Расеі ў зьнешнім гандлі Беларусі.

Крыніца: Белстат

Як бачым, у канцы 90-х — на пачатку нулявых доля Расеі ў зьнешнім гандлі Беларусі складала прыкладна 60%, а зь сярэдзіны нулявых па сёньняшні дзень каля паловы ўсяго зьнешнегандлёвага абароту Беларусі прыпадала на Расею.

Пры гэтым з пачатку тысячагодзьдзя доля Расеі ў імпарце ў Беларусь даволі істотна перавышала яе долю ў экспарце Беларусі. У некаторыя гады разрыў быў ледзь не двухразовы, апошнімі гадамі ён заўважна зьменшыўся. Парадаксальным чынам у сэнсе гэтых доляў бакі летась вярнуліся да суадносінаў, якія былі 22 гады таму: цяпер доля Расеі ў экспарце — 44%, тады была 46%, у 2017 годзе доля Расеі ў імпарце была 57%, 22 гады таму — 53%.

Ну а зараз — да гандлю Беларусі зь нібыта «другой Расеяй», новым «старэйшым братам», сувымерным з Расеяй партнэрам Беларусі.

Крыніца: Белстат

Неяк сувымернасьцю і ня пахне. Доля гандлю з Расеяй у зьнешнім таваразвароце Беларусі на працягу дзесяцігодзьдзяў вагалася прыблізна ў раёне 50%, часам дасягаючы 60%. Так, гандаль з Кітаем за 22 гады рос выбухападобна, ад фактычнага нуля да заўважных лічбаў. Але якіх? Да «магутных» 3-5% ад агульнага таваразвароту. Прынамсі ў 10 разоў менш, чым з Расеяй. І гэта эканамічная супрацьвага Расеі, «старэйшы брат», як гэтае паняцьце ні разумець? 50% і 5% — гэта ўсё ж розныя вагавыя катэгорыі.

Аналіз апошняга графіку паказвае, за кошт чаго адбыўся «кітайскі цуд» у беларускім зьнешнім гандлі. Адказ да болі банальны — за кошт імклівага росту долі кітайскага імпарту. У апраўданьне можна сказаць, што не адна Беларусь сутыкнулася з гэтым, шырокі паток кітайскага шырспажыву залівае ўвесь сьвет. Гэта не ў дакор кітайцам. Ну такія ў іх тавараў суадносіны цана/якасьць. Ня будзем нават фіксавацца на нейкіх асаблівасьцях кітайскага бізнэсу і магчымасьцяў допуску да кітайскага рынку.

Некаторыя, напрыклад, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, на гэтым фіксуюцца, абвясьціўшы Кітаю гандлёвую вайну. Ну а мы нават і ня будзем. Проста канстатуем, што ніякага збалянсаванага росту гандлю паміж Беларусьсю і Кітаем не назіраецца. Доля Кітаю ў беларускім экспарце складала летась нават менш, чым у далёкім 1996 годзе. Потым гэтая доля часам падвышалася, але не нашмат (пару разоў амаль да 3%), а ў сярэднім складала каля 2%.

Пры гэтым доля Кітаю ў беларускім імпарце вырасла за лічаныя гады вельмі значна, да 8%. «Але вось калі гэтая тэндэнцыя працягнецца, то...» — кажуць прыхільнікі «павароту да Кітаю». Каторая тэндэнцыя? Калі тэндэнцыя росту долі Кітаю ў экспарце, то такой тэндэнцыі проста няма, яна не расьце. Калі гэтак жа імкліва будзе працягваць расьці доля Кітаю ў імпарце, то ці ўжо так шмат радасьці гэта прынясе беларусам?

Як было адзначана вышэй, у 2017 годзе доля РФ у імпарце РБ была на чвэрць большая, чым доля Расеі ў экспарце Беларусі. З Кітаем адпаведная доля ў імпарце ў 2017 годзе была ў 4 разы большая, чым доля ў экспарце.

Як кажа ўкраінскі алігарх Ігар Каламойскі, «жыцьцё — як крама: бяры, што хочаш, толькі ў канцы — каса».

Калі «кітайскі цуд» беларускай эканомікі працягнецца ў той форме, у якой ён назіраецца, беларусы могуць апынуцца перад касай даволі хутка.

Дарэчы, пра Ўкраіну. Цікава параўнаць яе вагу ў зьнешнім гандлі Беларусі з расейскай і кітайскай.

Крыніца: Белстат

На сытуацыю з Кітаем падобна ў сэнсе няўхільнага, хаця і менш імклівага, росту долі краіны ў таваразвароце Беларусі. І паводле памеру гэтай долі — сувымерна, доля Кітаю ў 2017 годзе — 4.9%, доля Ўкраіны — 7.2%. Прыкладна вагі роўныя.

Але пра Ўкраіну чамусьці ніхто ня кажа, як пра эканамічную альтэрнатыву Расеі. Хаця апошні графік у нечым тлумачыць, чаму ў сэнсе палітыкі Беларусь адносна Ўкраіны ня цалкам ідзе ў фарватэры Расеі. 7% ад таваразвароту — гэта заўважная лічба. Прынамсі, для таго, каб дэманстраваць прыязнасьць. Кітайцам дэманструюць і за меншае.

Наконт Украіны варта яшчэ дадаць, што балянс гандлю зь ёй лепшы, чым і з Расеяй, і з Кітаем. На ўсіх графіках прыводзяцца ня самыя лічбы экспарту і імпарту (хаця з Украінай і сальда на карысьць Беларусі), а долі адпаведнай краіны ў тым і другім. Апошні графік паказвае хутчэй рост залежнасьці Ўкраіны ад Беларусі, чым адваротнай залежнасьці.

Вяртаючыся да беларуска-кітайскіх адносінаў, варта сказаць, што пакуль вага Кітаю ў беларускай эканоміцы ня проста меншая, а несувымерна меншая, чым Расеі, яна прыкладна такая самая, як вага Ўкраіны.

Стварэньне ілюзіі магутнай кітайскай прысутнасьці, магчыма, і служыць нейкім карысным мэтам. Але варта хаця б усьведамляць, што гэта менавіта ілюзія. Як і тое, што рост узаемнага гандлю ў апошнія гады забясьпечаны практычна выключна за кошт росту долі Кітаю ў беларускім імпарце. Кітайцаў гэта, напэўна, можа цешыць. У беларусаў цешыцца гэтым падставаў крыху менш.

Перадрук з парталу TUT. BY

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG