
Пасяджэньне Вышэйшага Савету саюзнай дзяржавы (СД) Беларусі і Расеі адбывалася ў дзень футбольнага матчу Эгіпет-Расея ў Санкт-Пецярбургу. У сувязі з гэтым футбольныя аналёгіі цалкам дарэчныя.
Якія ж вынікі палітычнага «матчу»? Многія зьвярнулі ўвагу, што пасьля пераабраньня ў сакавіку Уладзімір Пуцін парушыў традыцыю, згодна зь якой першы візыт абраны кіраўнік Расеі наносіць у саюзную Беларусь. На гэты раз Пуцін пасьля перавыбараў наведаў Аўстрыю, потым быў на саміте ШАС у Кітаі. Беларусь стала толькі трэцяй.
Візыт Пуціна стаў і парушэньнем, і захаваньнем традыцыі.
У мінулым першыя пасьля абраньня візыты прэзыдэнта Расеі былі ў асноўным рытуальныя, закліканыя пазначыць непарушнасьць саюзных повязяў. Цяперашні візыт Пуціна стаў і парушэньнем, і захаваньнем традыцыі. Захаваньнем — у сэнсе рытуальнага характару.
Напярэдадні цяперашняга паседжаньня СД не было недахопу і ў вялікіх чаканьнях, і ў вялікіх страхах. Аднак не апраўдаліся ні адны, ні другія.
І гаворка ідзе ня толькі аб нейкіх значных, прарыўных кроках і праектах.
Зьбіраліся, скажам, дамовіцца аб адмене роўмінгу. Не дамовіліся. Аляксандр Лукашэнка вельмі рэзка выказваўся ў пачатку чэрвеня наконт парадку перасячэньня мяжы. «Чакаем, што ўсе астатнія пытаньні па перасячэньні беларуска-расейскай мяжы трэба ўрэгуляваць», — заявіў ён ужо пасьля завяршэньня сустрэчы на вышэйшым узроўні. Дык тое самае гаварылася і да яе, і да яе чакалі. Калі без дыпляматыі — то не дамовіліся.
«Расейцы кормяць нас больш, чым мы іх»
Сваімі рэплікамі беларускі лідэр некалькі разоў мякка і ветліва падкалоў дарагога госьця. Гэта і тая ж канстатацыя, што па мяжы пакуль не дамовіліся, і заклік «вырашаць праблемныя пытаньні беларуска-расейскіх адносін у рамках саюзнай дзяржавы, а не выносіць іх на іншыя пляцоўкі», і аповед пра тое, што, паводле статыстыкі, РФ пастаўляе ў Беларусь нават больш харчаваньня, чым Беларусь у Расею, гэта значыць, што «расейцы кормяць нас больш, чым мы іх».
Ну, у апошнім расейцы як раз і не сумняваюцца, праўда, ня ў сэнсе прамога продажу ежы. Але намёк Лукашэнкі быў на харчовыя «войны», у якіх напярэдадні саміту адбылося перамір’е. Але зусім не мір.
А Пуцін казаў аб узаемным тавараабароце. Здаецца, што ён заўсёды пра яго кажа, калі яму сумна. Зрэшты, на гэты раз было чым пахваліцца — ёсьць рост на чвэрць. Але паколькі абедзьве краіны выйшлі з крызісу, ВУП і ў Беларусі, і ў Расеі расьце, цана на нафту бʼе рэкорды, то было б нават і дзіўна, калі б таваразварот ня рос. Гэта толькі ў невялікай ступені вынік дабрадзейных намаганьняў эканамічных чараўнікоў з урадаў дзьвюх краін.
На шпількі Лукашэнкі Пуцін проста не рэагаваў.
Ну а на шпількі Лукашэнкі Пуцін проста не рэагаваў. Не тое каб яму не было чаго сказаць, проста менавіта гэтая сустрэча для яго несла чыста цырыманіяльны характар.
Са сказанага ў канструктыўным пляне варта, мабыць, адзначыць толькі прагноз пра рост тавараабароту да 50 мільярдаў даляраў і заўвагу аб інвэстыцыях у мадэрнізацыю газаправоду «Ямал-Заходняя Эўропа». Расея вядзе вялікую і вострую геапалітычную гульню з нагоды новай галіны газаправоду «Паўночны паток». Там азарт і гульня па высокіх стаўках, аднак беларускі напрамак транзыту застаецца для Расеі важным. Ня тое каб з ім зьвязваліся нейкія далёкасяжныя праекты, але, як той казаў, кураня па зярнятку дзяўбе і сытае бывае.
Што да 50 мільярдаў долараў тавараабароту, то ад леташняга рэкорду ў 34 мільярды гэтую мэту аддзяляе даволі вялікая дыстанцыя. Велічныя прагнозы будаваліся і пры стварэньні Эўразійскага саюзу. А потым прыйшоў 2014 год і пэрспэктывы сталі даволі туманнымі і нават змрочнымі.
Так і цяпер — ці мала што можа адбыцца ў сусьветнай палітыцы і эканоміцы. Хоць 50 мільярдаў — гэта ж прагноз, а не абяцаньне. Ну не атрымаецца, дык і не атрымаецца.
Магчыма, за зачыненымі дзьвярыма бакі абмяркоўвалі і сапраўды вострыя праблемы двухбаковых адносін — і рэгіянальную бясьпеку, і ліквідацыю гандлёвых барʼераў, і роўныя ўмовы гандлю, і вечныя газ і нафту.
Саюзная дзяржава — гэта такое СНД на дваіх.
Але ў публічную сфэру ўсё гэта не патрапіла. Саміт стаў своеасаблівай дэманстрацыяй стаўленьня Крамля да самога праекту саюзнай дзяржавы. Карысьці ад яго асаблівай няма, пытаньні рэальнага эканамічнага ўзаемадзеяньня вырашаюцца (ці не вырашаюцца) у рамках Эўразійскага саюзу. А саюзная дзяржава — гэта такое СНД на дваіх. Садружнасьць — клуб прэзыдэнтаў. Дык і СД — клюб.
Варта ўзгадаць, што апошні раз перад цяперашнім пасяджэньнем Вышэйшы дзяржсавет СД зьбіраўся амаль год таму, 30 чэрвеня 2017 года, у Маскве. Так і Савет кіраўнікоў дзяржаў СНД зьбіраецца з такой жа частатой.
Кагосьці такое становішча рэчаў засмучае, кагосьці радуе: чым менш Беларусь і Расея прымаюць лёсавызначальных рашэньняў, тым неяк спакайней.
Але ў наяўнасьці факт — праблемы ў двухбаковых адносінах ёсьць, рашэньні, у тым ліку важныя, прымаюцца. Але не ў рамках саюзнай дзяржавы.
Аднак традыцыя — сьвятая справа. Заведзена праводзіць паседжаньні, заведзена прэзыдэнту Расеі наведваць Беларусь пасьля перавыбраньня. Наведаў, правялі.
Гэты «матч», кажучы ў рамках футбольнай аналёгіі, прайшоў пры пустых трыбунах, таму што «каманды» і не гулялі. Адпаведна, і ніводнага голу Беларусі не забілі. Што ўжо добра.
Але гульня працягваецца, і цяперашні «матч» — не апошні. На шчасьце ці на жаль
Перадрук з парталу TUT.BY
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.