Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Юрыю можна падзякаваць прынамсі за падыход. Хаця яго прапановы ўяўляюцца мне спрэчнымі, але яны насамрэч каштоўныя нават у сваёй спрэчнасьці.

Ягоная формула нейкая абстрактная, ніяк не ўгрунтаваная ў нацыянальны кантэкст. А мне здаецца, што яна мусіць быць угрунтаваная.

І мне асабіста яна бачыцца як сынтэз. Беларусь як сынтэз, зьняцьце, паводле Гегеля, супярэчнасьці паміж Захадам і Усходам, сплаў заходняй рацыянальнасьці і ўсходняй эмацыйнасьці, містыкі. І гэта лінія — ад Абдзіраловіча да Акудовіча, гэта пра духоўныя, а не пра бізнэсовыя практыкі. Не, калі бізнэсоўцы, у тым ліку і мэдыя-бізнэсоўцы, прапануюць нешта, дык гэта можна толькі вітаць. Але нацыянальная ідэя — гэта пра ўсіх.

Калі Юры піша, што рабацягам на заводах можна адно паспачуваць і наагул іх наканаваньне — своечасова здохнуць, дык гэта не нацыянальная ідэя паводле вызначэньня. Яны мо людзі «простыя і някніжныя», але іх — прынамсі паўкраіны, паўнацыі, і прапаноўваць ім пэрспэктыву толькі здыханьня — да нацыянальнай ідэі гэта не зусім пасуе, на мой погляд.

Але, зь іншага боку, прапаноўваць — а давайце мы будзем, як літоўцы, скажам — такое таксама наўрад ці пройдзе. Мы ж вядзем гутарку ня ў нейкім 1990-м годзе. Тады можна было ўяўляць будучыню якой-хаця. Аднак мне падаецца недарэчным лічыць час кіраваньня Лукашэнкі проста памылкай прыроды, якую трэба выправіць паводле формулы «Інтэрнацыяналу»: «Стары парадак мы зруйнуем магутным выбухам сваім...». Гэты час прынамсі дэманструе, што можна, а чаго нельга зрабіць, што прымае, а чаго не прымае беларускі народ.

Вось нейкая такая рэч пра сынтэз, пра тое, што беларусы такія ўнікальныя, што яны і рускія са знакам якасьці і эўрапейцы са знакам якасьці, можа і прайсьці. Нацыянальныя ідэі канструююцца менавіта на такі капыл. А не на той, што мы будзе мець шмат грошай і будзе нам шчасьце. А калі ня будзе шмат грошай, дык і няма нацыі? А калі ня ўсім будзе шмат, дык і гамон нацыянальнай ідэі?

Ня ў грошах нацыянальная ідэя. А ў гатоўнасьці забіваць і паміраць. Ну ў крайнім выпадку. Але менавіта ў ім — не за грошы. І ўсе размовы, што беларусам трэба адно дабрабыт, — гэта лухта. Гэта глухата, няздольнасьць пачуць, адчуць іх душу. У 1994-м Лукашэнка іх купіў не адно абяцаньнямі грошай ці наагул ня імі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Аляксандар Лукашэнка і Нікол Пашыньян, Сочы, 14 траўня 2018

«Наагул, вы малайцы. Вы вельмі годна і правільна выйшлі з гэтай сытуацыі, вы гэта самі ўжо адчулі» —​ такімі словамі прывітаў Аляксандр Лукашэнка новаабранага прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна падчас сустрэчы ў кулюарах пасяджэньня Эўразійскага савету ў Сочы. Ён таксама павіншаваў армянскага лідэра з абраньнем.

На першы погляд, нічога асаблівага — этыкет міждзяржаўнай ветлівасьці. Гэта так, калі б не перадгісторыя. Рэвалюцыянэра Пашыньяна адразу пасьля абраньня апэратыўна павіншавалі лідэры многіх краінаў, у тым ліку і партнэраў Армэніі па Эўразійскім саюзе — Расеі, Казахстану і Кіргізстану — Уладзімір Пуцін, Нурсултан Назарбаеў, Сааранбай​Жээнбекаў. Але не Аляксандр Лукашэнка.

Можна было б меркаваць, што беларускі прэзыдэнт — такі пэдант рытуалу, маўляў, прэзыдэнты віншуюць толькі прэзыдэнтаў. Аднак гэта ня так. Не павіншаваў Пашыньяна з абраньнем і ягоны беларускі калега Андрэй Кабякоў. Зь іншага боку, Лукашэнка адразу ж павіншаваў з прызначэньнем прэм’ерам расейскага ўраду Дзьмітрыя Мядзведзева. Больш за тое, у красавіку, у разгар армянскай рэвалюцыі, прэзыдэнт Беларусі цёпла павіншаваў з абраньнем прэм’ерам Армэніі няўдачлівага папярэдніка Пашыньяна — Сэржа Саргсьяна. Саргсьяна рытуал павіншаваць не перашкаджаў. Значыць, адразу ж павіншаваць Пашыньяна перашкодзіла нешта іншае.

Вядома, можна сказаць, што ўсё гэта — драбяза, якая ня мае значэньня.

Ну не павіншаваў адразу, дык павіншаваў цяпер. Аднак калі ўсе астатнія, у тым ліку і лідэры ня самых дэмакратычных краінаў, робяць так, а кіраўнік Беларусі — гэтак, пэўнае значэньне гэта мае.

Зразумела, карцінкі армянскай Плошчы, хуткасьць, зь якой папярэдняя армянская ўлада склалася, як картачны дамок, ня могуць радаваць сэрца ніводнага аўтарытарнага кіраўніка — сёньня ў Армэніі, а заўтра, глядзіш, і ў мяне.

Такія асьцярогі ўласьцівыя і Пуціну, і Назарбаеву, і Лукашэнку. Усе яны, наагул кажучы, супраць «Майданаў» як такіх — хоць ва Ўкраіне, хоць у Эгіпце, хоць у Кіргізстане, хоць у Армэніі. Расейскія імпэратары Аляксандар І і Мікалай І адстойвалі падобны падыход у рамках «Сьвятога саюзу» манархаў канцэптуальна: любая рэвалюцыя — зло і павінна быць раздушаная. Менавіта ў рамках такога падыходу расейскае войска тапіла ў крыві рэвалюцыю ў Вугоршчыне ў сярэдзіне пазамінулага стагодзьдзя.

Цяперашнія кіраўнікі, як правілы, значна больш прагматычныя, уключаючы Пуціна. Рэвалюцыя ва Ўкраіне, якая робіць замах на расейскія інтарэсы, як іх бачаць у Крамлі — гэта жах жах жах. Рэвалюцыя ў Кіргізстане 2010 году — а што такога, унутраная справа. Ці цяперашняя рэвалюцыя ў Армэніі — ня супраць Расеі, дык і Бог зь імі, няхай там самі разьбіраюцца.

Дарэчы, варта прыгадаць, што падчас апошняй кіргізкай рэвалюцыі менавіта Лукашэнка прапаноўваў увесьці туды войскі АДКБ, каб «навесьці парадак». У Маскве тады гэтую прапанову ў духу «Сьвятога саюзу» ветліва адхілілі.

А ён, магчыма, ня надта і разьлічваў, што падтрымаюць. Сэнс прапановы быў у тым, каб паказаць сябе чалавекам прынцыпу: рэвалюцыя — зло заўсёды і ўсюды.

Мяркуючы па ўсім, нежаданьне віншаваць Пашыньяна адразу ж пасьля абраньня было такім жа дэмаршам. Маўляў, сапраўдных легітымісцкіх прынцыпаў ні ў Пуціна, ні ў Назарбаева, ні ў Жээнбекава няма, а ў Лукашэнкі — ёсьць. Гэта значыць, што павіншуе і ён — а куды дзенесься? Але пазьней. Потым.

Яшчэ адна магчымая прычына — заява Пашыньяна, зробленая 2 траўня, за тыдзень да абраньня, у інтэрвію «Коммерсанту». Гаворачы аб праблемах бясьпекі, ён сказаў: «Мы хочам удакладніць, якія пэўныя абавязаньні мы — Расея, Казахстан, Беларусь — адзін перад адным маем, таму што нас вельмі турбуе, калі мы бачым, што Беларусь і Азэрбайджан вельмі збліжаюцца».

Там ён наракаў і на кантакты ў вайсковай сфэры Масквы і Баку, але з Масквой усё па-асабліваму. Але з астатніх краінаў ЭАЭС і АДКБ прэтэнзіі ён выказаў толькі ў дачыненьні да Беларусі. Пасьля абраньня Пашыньяна на гэта быў адказ з боку Менску ў выглядзе парушэньня цырыманіялу — імгненнага віншаваньня не будзе.

Ну, а ў Сочы ўсе неабходныя цёплыя словы былі сказаныя. Не ваяваць жа. Пакуль, па меншай меры.

Калі казаць пра больш далёкую пэрспэктыву, то яна вызначаецца ня гэтым рытуальным холадам і рытуальнай жа цеплынёй. Парадокс, але варта прыгадаць, што гістарычна ў беларускага лідэра даволі нядрэнна складваліся адносіны як раз з калегамі, вынесенымі на вяршыню ўлады рэвалюцыямі.

Часам гэта адбывалася адразу, часам паступова. Міхаіл Саакашвілі яшчэ ў 2006 годзе ганіў беларускую дыктатуру, аднак пасьля 2008 году адносіны зьмяніліся на 180 градусаў і грузінскі прэзыдэнт стаў адным з самых гарачых лабістаў Лукашэнкі на Захадзе. Лідэры «памаранчавай» рэвалюцыі ва Ўкраіне спачатку абяцалі панесьці «паходню свабоды» далей — у Беларусь, у Расею. Але нешта не заладзілася. У выніку і Віктар Юшчанка горача пераконваў заходнія краіны ў неабходнасьці Realpolitik у дачыненьні да Беларусі.

Ды і для цяперашняй пострэвалюцынай улады ў Кіеве Лукашэнка — зусім не вырадак роду чалавечага. Кіеў пагадзіўся ў 2015 годзе на Менск, як на месца перамоваў па Ўкраіне. Мог і не згаджацца на сталіцу такой дыктатарскай дзяржавы.

Нарэшце, Курманбек Бакіеў, якому Беларусь дала прытулак пасьля яго зьвяржэньня ў 2010 годзе — ён жа і лідэр папярэдняй, 2005 году, рэвалюцыі. Таксама як бы «майданшчык», кшталту Пашыньяна. А прытулак яму даў Менск. Неяк так адносіны ў Лукашэнкі з рэвалюцыянэрамі складваліся.

І яшчэ адзін момант прысутнічае, ужо спэцыфічны беларуска-армянскі. Большую частку галасоў Пашыняну пры яго абраньні прэм’ерам даў апазыцыйны блок алігарха Гагіка Царук'яна. Некалькі гадоў таму ён падарыў Мікалаю Лукашэнку на яго будучае вясельле 400 літраў каньяку і белых ільвянятаў, яны цяпер у Менскім заапарку. Пазьней Царук'ян атрымаў магчымасьць разьліваць у Менску армянскі каньяк. Ці зьвязаныя падарункі і бізнэс Царук'яна ў Беларусі паміж сабой — прапаную вырашаць чытачу.

У новы, рэвалюцыйны ўрад Пашыньяна ўвайшлі тры міністры ад блоку Царук'яна, у тым ліку міністар энэргетычных інфраструктураў і прыродных рэсурсаў. А гэта — адносіны Армэніі з «Газпромам» і «Раснафтай». Далёка не апошняя справа.

Так што і гэтыя стартавыя ўмовы, і гістарычны вопыт падказваюць, што новая рэвалюцыйная ўлада ў Армэніі і старая антырэвалюцыйная ўлада ў Беларусі хутчэй знойдуць агульную мову, чым не.

Хоць не выключаныя і трэньні, але ў асноўным не з прычыны дэфіцыту дэмакратыі ў Беларусі, а з прычыны яе блізкіх адносінаў з Азэрбайджанам. Тут супярэчнасьці паміж нацыянальнымі інтарэсамі, а не паміж палітычнымі поглядамі на дэмакратыю і дыктатуру. Думаю, што калі б на месцы Лукашэнкі быў дэмакрат і палітык празаходніх поглядаў, менавіта ў трохкутніку Менск-Ерэван-Баку ён бы таксама аддаваў перавагу балянсаваньню, а не адназначнай падтрымцы таго ці іншага боку, хоць, магчыма, прапорцыя была б іншая.

Ну, а рэвалюцыі — так, урок і напамін. Нават цьвёрдыя ў сваіх прынцыпах расейскія імпэратары ў пэрспэктыве справіцца зь імі ня здолелі, што ўжо казаць пра іх постсавецкіх эпігонаў.

Перадрук з парталу TUT.BY

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG