Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст
Падчас знакамітага красавіцкага страйку 1991 году ў Менск прыехалі два інструктары з польскай «Салідарнасьці» – так бы мовіць, перадаваць беларускім рабочым рэвалюцыйны досьвед. Іх, дарэчы, нават у тыя вегетарыянскія часы потым дэпартавалі. Але да таго я разгаварыўся з адным зь іх, які ў часы ваеннага становішча і ў турме пасядзеў, і ў падпольлі быў. Я як савецкі ўзьнёслы лібэрал кажу яму: «Які ў нас тут «савок». А вось у вас такія выдатныя рэформы Бальцаровіч робіць». Гляджу – на мае словы суразмоўца бялее тварам. І кажа: «Бальцаровіч для Польшчы – як Гітлер. Ён нас абрабаваў!»

Уразіла мяне тады тая гутарка, тым больш, што вызначэньне прагучала з вуснаў ня нейкага адстаўнога «камуха», выкінутага зь цёплага крэсла, а ад чалавека, які жыцьцё паклаў дзеля новай, некамуністычнай Польшчы.

Прыгадалася тая гісторыя ў сувязі з нашай спрэчкай са Сьвятланай Калінкінай (у якой сваё важкае слова сказаў і Андрэй Пачобут) – наконт «мудака» з «Барысаўдрэва».

Калі па шчырасьці, дык я і тады, і зараз – усё ж больш на баку Бальцаровіча, як і расейца Гайдара, і немца Эрхарда, і многіх іншых рэфарматараў. Але не лічыў і не лічу мудаком таго майго суразмоўцу з «Салідарнасьці».

Хаця з пункту гледжаньня Сьвятланы і Андрэя – ён, відаць, такі і ёсьць. Магчыма, і ён, як і ягоны калега з «Барысаўдрэва» 2012 году, працаваў на стратным прадпрыемстве, гэта значыць, паводле лёгікі Андрэя, усім быў вінны і нават пікнуць права ня меў, як утрыманец на шыі грамадзтва. Круціцца ж трэба, як і было сказана. А ён нечым абураўся, скардзіўся вось нават мне-замежніку, нудзіў. Ну і хто ён пасьля гэтага?

Дарэчы, знакамітую гданьскую верф імя Леніна, зь якой і пачалася «Салідарнасьць», рэфарматары проста зачынілі. Камуністы маглі там людзей расстрэльваць, што і было у 70-х, але закрыць – у галаву не прыходзіла. А дэмакраты зачынілі. Нерэнтабэльна. Круціцеся, даражэнькія. Капіталізм.

«Я гавару праўду, горкую, але праўду» – заявіла Сьвятлана ў «Акцэнце». Вось тут варта адкрыць адну таямніцу. Насамрэч, гэта ня праўда. Аднак і не няпраўда. Гэта ідэалёгія, жыцьцёвая філязофія, парадыгма, сутнасьць якой: чалавек сам каваль свайго шчасьця і, што вельмі важна, няшчасьця. Няшчасны – значыць, сам і вінаваты, ня здолеў знайсьці прыкладаньня сваім здольнасьцям, каб грамадзтва цябе годна ўзнагародзіла. Аднак перакананьне ў гэтым падобнае на веру ў Бога – у яго вераць не таму, што атрымалі доказы, неабвержныя, як 2х2=4. На гэта ўжо потым «накручваецца» рацыяналізацыя, падбіраюцца аргумэнты. Але ў аснове – перакананьне: яно так, таму што так яно ёсьць ці павінна быць, таму што так збудаваны ці мусіць быць збудаваны сьвет.

Але ёсьць і іншы погляд, іншая вера: што чалавек, якому не пашчасьціла ў жыцьці – вельмі часта ахвяра абставінаў, што парадак разьмеркаваньня дабротаў, які складваецца спантанна, несправядлівы і мае патрэбу ў паляпшэньні дабрадзейнай рукой дзяржавы ў накірунку большай роўнасьці. І гэта неабавязкова камунізм: стваральнікі прафсаюзаў, Франклін Рузвэльт зь яго «Новым курсам», бацькі «швэдзкага сацыялізму» – усе яны не былі камуністамі, на думку некаторых, яны якраз і прадухілілі прыход камунізму, пайшоўшы насустрач рабацягам са сваіх «Барысаўдрэваў».

У гэтым сэнсе наша спрэчка са Сьвятланай і Андрэем, па-першае, калі ня вечная, то ўжо вельмі старая – ёй прынамсі два стагодзьдзі, калі ня больш, а па-другое – глябальная. Пра што былі апошнія выбары ў Літве, Францыі і ЗША? Менавіта пра гэта. Памятаеце знакаміты сьпіч Ромні наконт 47%? «47% людзей будуць галасаваць за Абаму, нягледзячы ні на што. Ну добра, 47% стаяць за ім, яны залежаць ад ураду, яны лічаць, што яны зьяўляюцца ахвярамі, яны лічаць, што ўрад нясе адказнасьць за апеку над імі, яны лічаць, што яны маюць права на мэдычнае абслугоўваньне, харчаваньне, жытло і ўсё такое. Што гэта іх прывілеі. І што ўрад павінен даць ім усё гэта. І яны будуць галасаваць за гэтага прэзыдэнта, нягледзячы ні на што. Гэта людзі, якія ня плацяць падаткаў ад прыбытку. Мая задача палягае ня ў тым, каб клапаціцца пра гэтых людзей. Я ніколі іх не пераканаю, што яны павінны ўзяць асабістую адказнасьць за клопат пра сваё жыцьце» – казаў кандыдат у прэзыдэнты ЗША.

Ну проста слова ў слова тое, што і Сьвятлана напісала ў сваім Фэйсбуку. Толькі што мудакамі не назваў. Мо слова такога ня ведае. Зразумела, кантэкст падобных дыскусій у розных краінах розны: у Беларусі спрэчка ідзе пра квазісавецкую эканоміку, у ЗША – напрыклад, пра сыстэму мэдычнага страхаваньня, якая ў Эўропе існуе з часоў Бісмарка. Але спрэчка па сутнасьці пра тое самае – як дзяліць нацыянальны пірог: па заслугах ці па справядлівасьці?

Рацыянальна даказаць слушнасьць таго ці іншага погляду немагчыма ў прынцыпе.

Да таго ж выбар у значнай ступені абумоўлены якраз сацыяльнымі пазыцыямі, сацыяльнымі вынікамі. Прамой сувязі тут няма, дай Бог таму рабочаму з «Барысаўдрэва» ніколі не перажываць тое, што перажывала Сьвятлана пры ператрусах і Андрэй – пры шматлікіх арыштах. Але гераічнай філязофіі наконт каваля ўласнага шчасьця і няшчасьця значна часьцей схільныя прытрымлівацца людзі, якія скавалі сабе менавіта шчасьце. І наадварот – тыя, хто ня здолеў выйграць у жыцьцёвай гонцы, часьцей схільныя вінаваціць у гэтым абставіны. А яшчэ дакладней – той ці іншы падыход адстойваюць, як правіла, тыя, хто спадзяецца, што калі іх погляд стане (ці будзе заставацца) нормай жыцьця ўсяго грамадзтва, ім будзе жыць лепш, чым у адваротным выпадку.

Маё адрозьненьне ад шаноўных апанэнтаў – ня ў тым, што я прытрымліваюся цалкам супрацьлеглай парадыгмы, я хутчэй падзяляю іхную, колькі ў тым, што лічу абедзьве парадыгмы раўнапраўнымі.

Як казаў знакаміты фізык Нільс Бор, «ісьціны бываюць ясныя і глыбокія. Яснай ісьціне супрацьстаіць хлусьня. Глыбокай ісьціне супрацьстаіць іншая ісьціна, ня менш глыбокая».

Можна не пагаджацца з гэтым і лічыць, што мае рацыю выключна адзін бок. Але сацыяльнае і палітычнае жыцьцё ня зводзіцца да інтэлектуальнага фэхтаваньня. хаця пры належнай упартасьці можна і не вылазіць з інтэлектуальнага «бункеру», добра пашытай тэорыі ня страшныя ніякія факты.

Вось той жа Бальцаровіч і страціў пасаду неўзабаве пасьля маёй гутаркі з тым «салідарноўцам». І не ў апошнюю, калі ня ў першую, чаргу – якраз з прычыны рэакцыі на ягоныя рэформы падобных «мудакоў». А іншай рэакцыяй стаў прыход да ўлады посткамуністаў. Праўда, і тыя фактычна ня здолелі ці не захацелі паварочваць зробленае Бальцаровічам у адваротны бок. Аднак неяк палітычна салідарызавацца з Бальцаровічам польская палітычная эліта і зараз перасьцерагаецца – палякі, нават цэнячы цяперашні дабрабыт, памятаюць, што ім зрабілі вельмі балюча. І хто зрабіў. Дык тое палякі. А беларусы на кволыя і непасьлядоўныя рэформы пачатку 90-х адказалі натуральным чырвоным рэваншам – аглушальным галасаваньнем у 1994 годзе.

І той, хто забудзе пра ўрок 1994 году, прырэчаны да таго, каб атрымліваць яго зноў і зноў.
Юры Дракахруст
Прачытаў на Фэйсбуку ўражаньні Сьвятланы Калінкінай ад гутаркі з журналістам, які прыехаў з «Барысаўдрэва», пра які зараз шмат гаворкі. І ўразіўся ў сваю чаргу шчырасьцю Сьвятланы.

Менавіта на «Барысаўдрэве» Аляксандар Лукашэнка нядаўна зладзіў шоў з забаронай на звальненьні. Сьвятлана ў сваім Фэйсбуку піша:

«А вось пад прахадной на жыцьцё скардзіліся. Мяркуючы па расказах, і праўда туга! Заробак мільён дзьвесьце тысяч. Але пры гэтым чалавек плачацца: «А куды я пайду з заводу, у мяне ж двое дзяцей». І хтосьці ж з гэтым мудаком жыве, ён чыйсьці тата, бацька сямейства, аўтарытэт. У яго двое дзяцей жывуць на падножным корме (таму што за такі заробак нават батон добры ня часта купіш), а ён рукамі разводзіць: «Куды ж я пайду...» Грузчыкам у «Эўраопт», паштальёнам, ляпіць шпалеры і бяліць столі на прыватных рамонтах, санітарам, сталяром, цесьляром, ахоўнікам у любую менскую лякарню. Так, дзясяткаў мільёнаў на гэтых «пасадах» не заробіш. Але і не 150 даляраў. Тым больш, што колькі тут ад Менску да Барысава ехаць?! Але яму ня трэба, ён аб дзецях клапоціцца. І потым яшчэ дзецям, калі вырастуць, будзе мазгі піць, як цяжка ён іх гадаваў, ва ўсім сабе адмаўляючы. На гэтых людзей і дэкрэту ніякага прыгоннага ня трэба, яны самі дупу не падымуць. Будуць сядзець і ўспамінаць, як у вайну галадалі іх бабулі».

Ну, не газэтная публікацыя, але Фэйсбук – усё ж публічны дзёньнік, не зусім асабістае. І вось уладальніца думак, настаўніца нацыі лаецца на адрас сваіх суайчыньнікаў, якія нічога кепскага асабіста ёй не зрабілі і нічога ёй ня вінныя.
Але, здаецца, што гэты пост паважанай калегі – нагода для размовы не адно пра нечую ветлівасьць і выхаванасьць. Ён, гэты пост, у нечым высьвечвае прыроду сацыяльных і палітычных працэсаў у сучаснай Беларусі.

Тэкст Сьвятланы нагадаў знакаміты адказ Марыі Антуанэты. Калі ў Францыі пачаліся бунты – прадвесьце рэвалюцыі, на пытаньне каралевы, чаму яны бунтуюць, адзін з прыдворных патлумачыў: «У іх няма хлеба». «Ды хай ядуць булкі» – прастадушна адказала Марыя Антуанэта. Пра тое, што на булку трэба зарабіць, уладкаваўшыся ў «Эўраопт» ці ахоўнікам у парыскі шпіталь, манархіня, не зьяўляючыся журналісткай, не казала, але, відаць, мела на ўвазе нешта такое. І наагул была па-свойму, з вышыні сваёй велічы, шчырай і спагадлівай, нават мудакамі не называла.

Гэты знакаміты эпізод нагадвае, што тая вялікая рэвалюцыя адбылася прынамсі ня толькі дзеля свабоды, роўнасьці і братэрства (з чым атрымалася складана), колькі дзеля пераразьмеркаваньня дабротаў, дзеля зьмены сацыяльных статусаў, у першую чаргу – статусу тых, хто ва ўпор быў няздольны зразумець становішча людзей іншага статусу.

А гэта мае наўпроставае дачыненьне да сучаснай палітыкі, у разуменьні якой часам бракуе здаровага сацыяльнага падыходу.

Ёсьць такі погляд, што Лукашэнка кіруе, абапіраючыся адно на сваіх сілавікоў-касталомаў ды на мозгапрамывальную тэлескрыню. А народ стогне пад пятой дыктатуры, ён абдураны, але сам па сабе прагне свабоды, дэмакратыі і свабоднага рынку. Ну а не паўстае, бо запалоханы.

Такая паэтычная карціна сьвету вельмі прыдатная для выступаў на мітынгах і ў размовах зь цікаўнымі замежнікамі.

Але насамрэч гэтай карціне, не пазбаўленай, прызнаем, сувязі з рэчаіснасьцю, бракуе адказу на простае і грубае пытаньні: хто мае выгаду ад існаваньня цяперашняй сыстэмы? І на іншае пытаньне, нашмат больш далікатнае: а як нацыянальны пірог будзе пераразьмеркаваны пры тых самых чаканых і жаданых пераменах?

Вось таму рабацягу з «Барысаўдрэва» беларуская дэмакратыя вуснамі Сьвятланы ўжо патлумачыла, што чакае ў дэмакратычным парадызе яго – мудрая парада круціцца, браць свой лёс у свае рукі і такое падобнае.

Я нават ня буду спрачацца па сутнасьці парадаў калегі, хаця не выключаю, што трыманьне тым рабацягам за свой завод – рашэньне цалкам рацыянальнае, прадыктаванае дакладным разьлікам сваіх магчымасьцяў і здольнасьцяў, а ня нейкімі культурнымі забабонамі і славутым мэнталітэтам. З моцнай і высокай сацыяльнай пазыцыі чужыя магчымасьці, зразумела, лепш бачныя – «хай ядуць булкі». Але хай сабе забабоны, страх, нежаданьне мяняць свае звычкі. Але ж ён – чалавек і, паўтаруся, нічым не абавязаны ні Сьвятлане, ні мне, і нікому іншаму.
І ці зьдзівіць вас, шаноўны чытач, калі ў адказ на Сьвятланіну параду ён адрэагуе ў стылі Акудовіча на заклікі на ўсялякія плошчы – бяз нас? І гэта ў лепшым выпадку. А ў іншым – будзе пляскаць у ладкі АМАПу, які сваімі дубінкамі абараняе ня толькі, а можа і ня столькі, Лукашэнку, колькі яго, ягоны лад жыцьця. Бо што яго чакае ў тым ладзе, які адстойваюць пратэстоўцы, ён ведае. І кім яны яго лічаць – адчувае. А ў Калінкінай нават і прачытаць можа. Пры такіх паводзінах можаце яго назваць гэтак жа, як і яна. Адзінага званьня, якога ён ня будзе заслугоўваць у гэтай сытуацыі – гэта званьня дурня. Ён будзе банальна адстойваць свае інтарэсы.

Вось у гэтым насамрэч і сутнасьць як пераменаў, гэтак і іх адсутнасьці – у сутыкненьні і балянсе масавых інтарэсаў. У сучасным і пэрспэктыўным вымярэньні.

Да Сьвятланы, па шчырасьці, у мяне прэтэнзіяў няма – вольны журналіст выказаў сваю вольную асабістую думку (хаця яе ўплыў на грамадзкую думку значна большы, чым многіх практыкуючых палітыкаў). Нават падзякаваць ёй трэба за тое, што яна, можа і міжволі, прадэманстравала сацыяльную прыроду палітычнага канфлікту ў Беларусі: не народ супраць дыктатуры, не апазыцыя супраць дыктатуры, ня сілы сьвету супраць сілаў цемры (ці наадварот), а інтарэсы супраць інтарэсаў, адна схема падзелу нацыянальнага пірага супраць іншай.

Ну але калі разглядаць гэта, як палітычную парадыгму, то нават адкідаючы ўбок пытаньні карэктнасьці, варта сказаць, што нават правячай клясе часам дорага каштуе стаўленьне да іншых у стылі Марыі Антуанэты. А ўжо неправячай і пагатоў.

Але наагул – карысны паварот вечных беларускіх палітычных спрэчак, весьці іх не пра тое, ці трэба адзіны кандыдат, не пра тое, ці пасябруе Пазьняк з Калякіным і калі лепш правесьці тую ці іншую маніфэстацыю. А пра тое, як будуць дзяліцца ў нашым лепшым заўтра нацыянальнае багацьце і статусы, і хто тыя «мудакі», якія апынуцца пры гэта падзеле «бяз лапы». Гэта менш узьнёсла, але значна больш карысна для вызначэньня праціўнікаў і прыхільнікаў. Ды і публіцы цікавей.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG