Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

Менавіта яго нагадвалі некаторыя сюжэты перамоваў беларускага кіраўніцтва і Дзьмітрыя Мядзьведзева падчас візыту расейскага прэм’ера ў Менск.

Мядзьведзеў заявіў, што Беларусі трэба паскорыць прыватызацыю «Беларуськалію». «Я лічу, нашым беларускім сябрам даўно пара прыняць адпаведнае рашэньне», — сказаў расейскі прэм’ер падчас прэсавай канфэрэнцыі.

Але дзіўна, што адказ у пэўным сэнсе папярэднічаў прапанове, напярэдадні візыту маскоўскага госьця Лукашэнка наведаў менавіта «Беларуськалій» і заявіў, што, па-першае, цана — 30-32 мільярды даляраў, а ня тое, што там нехта прапаноўвае (і можна з аднаго разу здагадацца, хто), а па-другое, пра продаж кантрольнага пакету ня можа ісьці гаворкі. Так што «адпаведнае рашэньне», можна сказаць, было прынятае як раз да прыезду Мядзьведзева. Але, гледзячы па ўсім, ён якраз і ня лічыць гэтае рашэньне адпаведным.

Таксама бяз грубасьцяў, але даволі нядвухсэнсоўна Мядзьведзеў выказаўся і наконт яшчэ адной вострай праблемы ў двухбаковых адносінах — пра беларускі рээкспарт расейскіх нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў: «Мы дамовіліся ва ўсім разабрацца дасканала, прыняць неабходныя рашэньні. Нават калі яны будуць цяжкімі. І калі парушэньні былі, то асобы, якія парушылі, павінны панесьці пакараньне, а эканамічныя інтарэсы павінны быць адноўлены».

Асабліва непрыемна для беларускага боку гучыць апошняе — наконт аднаўленьня эканамічных інтарэсаў, як казаў Астап Бэндэр Балаганаву: «Шура, восстановите статус-кво». Гэта ж ня толькі закрыць дасьціпна прыдуманы канал заробку, але і аддаць ужо заробленае. Гэта ж дзіка, хіба за тое гнілі разам у акопах?

Нічога з гэтага, зразумела, публічна агучана беларускім бокам не было. Уцямнага ў адказ наагул нічога не прагучала, ані што «зашмат хочаце», ані «добра, так і зробім, як хочаце». Варта ацаніць майстэрства прэм’ера Мясьніковіча адказаць, нічога не сказаўшы.



Зрабілі выгляд, што не пачулі дарагога госьця. Як і госьць зрабіў выгляд, што не пачуў годных і нязломных заяваў свайго візаві на «Беларуськаліі».

Ну «зашмат хочаце» ў кантэксьце сапраўды гучала б крыху недарэчна. Менавіта падчас візыту Мядзьведзева была падпісаная дамова аб расейскім крэдыце на будаўніцтва беларускай АЭС. Яно, зразумела, не падарунак, расейцы таксама мелі ў крэдыце пэўны інтарэс, хаця б той, што АЭС, збудаваная за расейскія грошы і па расейскім праекце — гэта пэўная залежнасьць даўжніка ад Расеі. Але хто яшчэ гатовы вось так, з царскага пляча, даць 10 мільярдаў даляраў? Зусім ня факт, дарэчы, што іх далі б французы ці японцы, калі б Беларусь аддала перавагу іх атамным прапановам.

Беларуска-расейскім адносінам уласьцівая выразная цыклічнасьць: замілаваная дэманстрацыя адзінства і расейскі «залаты дождж» зьмяняюцца спачатку ахалоджаньнем, якое праз пэўны час выплюхваецца і ў публічную сфэру, а праз пэўны час пераходзіць у гучны скандал. Які потым ізноў зьмяняецца ўрачыстым прымірэньнем «назаўжды», гэта значыць, да наступнага вітку.

Цяпер, гледзячы па ўсім — другая фаза, яшчэ не скандал, не біцьцё посуду з адключэньнем газу і «хроснымі бацькамі», але і ня поўная, прынамсі вонкавая, гармонія. Пра сапраўднае стаўленьне Мядзьведзева да гасьціннага гаспадара сьведчыць і адказ «Я ўсё памятаю», калі Лукашэнка дзякаваў яму за тое, што той стрымаў абяцаньне прыехаць у Беларусь, і фотаздымак Беларускага дзяржаўнага цырку, які расейскі прэм’ер шчоўкнуў па дарозе з аэрапорту і вывесіў на сваім акаунце ў Instagram.



Справа, зразумела, ня ў гэтым стаўленьні, а ў тым, што цяпер — той этап двухбаковых стасункаў, калі гэта ўжо можна і варта агучваць у падобных намёках і публічных заявах па выніках перамоваў — пару месяцаў таму гэта было выключана. І можна меркаваць, што за зачыненымі дзьвярыма бакі якраз выдатна разумеюць адзін аднаго. І ня надта выбіраюць выразы.

У чым менавіта афіцыйны Менск усё ж пойдзе на саступкі — на падставе даступнай інфармацыі выснову зрабіць цяжка. Лукашэнка не прадаў «Беларуськалій» летась, у разгар вострага крызісу, калі грошы былі патрэбныя пазарэз. Дык якая катэгарычная неабходнасьць саступаць, калі цяпер патрэба ў іх значна менш пільная? Але з другога боку, у свой час заяўлялася, што «Белтрансгаз» — «наша ўсё» (кшталту як Пушкін для расейцаў), а ў 2011 годзе ён раптам стаў «іржавай трубой», якую атрымалася выгадна «ўцюхаць» расейскім братам. Ня выключана, што такая самая эвалюцыя адбудзецца і з «Беларуськаліем».
Скажу адразу — не люблю слоўныя халівары. Вялікая шматгадовая бітва вакол Беларусі і Белоруссии неяк ніколі мяне не турбавала, ну называюць расейцы Беларусь па-свойму, як раней называлі, як і некаторыя іншыя народы — дык і хай сабе. Назва не прыніжальная, і якое права маем мы дыктаваць іншым народам правілы іх мовы? Але ёсьць адна моўная практыка, якая, па шчырасьці, раздражняе. Таксама ня тое, каб надта — няўжо няма іншых праблемаў, але гэта сапраўды знак другараднасьці і залежнасьці.

Размова пра слова «рэспубліка» і прыметнік «рэспубліканскі» ў дачыненьні да Беларусі. Гэта ўвасоблена ў афіцыйных назвах «рэспубліканскі саюз моладзі», «рэспубліканскі фонд дасьледаваньняў», «рэспубліканскі фэстываль», «рэспубліканскі бюджэт» і безьліч іншых. Гэты выраз ужываюць і чыноўнікі, і журналісты дзяржаўных выданьняў (амаль пагалоўна), і нават журналісты недзяржаўных выданьняў (радзей, але таксама час ад часу). Ну а ў расейскіх выданьнях, нават у паведамленьнях інфармацыйных агенцтваў — спрэс: «урад Беларусі ўхваліў праект генэральнага кантракту на будаўніцтва ў рэспубліцы АЭС» — вось апошняе паведамленьне ИТАР-ТАСС на вочы трапіла.

І гэта на аўтамаце, не задумваючыся. На першы погляд — гэта ж палова поўнай назвы дзяржавы Рэспубліка Беларусь, што тут такога асаблівага? Проста каб не паўтараць назву, заменьнік. Хіба? Вы можаце ўявіць сабе паведамленьне па расейскім тэлебачаньні ці ў расейскай газэце: «у рэспубліцы прайшлі выбары», калі размова ідзе, скажам, пра ЗША, Францыю, Польшчу? Ніколі ў жыцьці. Гэта немагчыма. І не таму, што некім забаронена — проста не прынята. А чаму б, здавалася — пэўна ж таксама не манархіі. Дый беларусы — хоць тыя, хто за Эўропу, хоць нават тыя, хто за Расею — ніколі названыя краіны ў такім кантэксьце рэспублікамі не назавуць, язык не павернецца.

Ну і таксама ніколі такое словаўжываньне немагчымае адносна самой Расеі. Аднойчы ў маёй перадачы расейскі суразмоўца казаў пра Беларусь «у рэспубліцы», «рэспубліканскія ўлады» ледзь не ў кожным сказе. Я пацікавіўся, чаму ён не называе «рэспубліканскім кіраўніцтвам» Мядзьведзева і Пуціна. Нібыта не пачуў, але адносна Беларусі працягваў часьціць — «рэспубліка, рэспубліка».

Зразумела, у самім гэтым слове няма нічога кепскага і абразьлівага. Але ёсьць гістарычная практыка. У СССР гэтае слова азначала ўзровень адміністрацыйнага падзелу адзінай дзяржавы, і прычым узровень не найвышэйшы, прамежкавы: раён — вобласьць — рэспубліка, ну а па-над ёй ужо — сапраўдная дзяржава, краіна, Радзіма зь вялікай літары. А рэспубліка — радзіма з малой, родная рачулка, пагорак, басаногае дзяцінства. У Расеі гэта і захавалася — рэспублікі Татарстан, Башкартастан, Комі і іншыя. І Беларусь такой моўнай практыкай па змаўчаньні апускаецца да іх узроўню.

Прычым, калі зь Белоруссией магчыма і ёсьць рацыя ў спасылках на правілы расейскай мовы, Пушкінскаму дому яе правілы віднейшыя, то ніякія правілы расейскай мовы не абавязваюць называць Беларусь рэспублікай. Тым больш, што, як сказана вышэй, гэтыя правілы чамусьці губляюць сваю сілу акурат на межах былога СССР. Дарэчы, і ў межах таксама ёсьць тонкая дыфэрэнцыяцыя — Літву ці Грузію рэспублікамі ТАСС ці Інтэрфакс наўрад ці назавуць.

Праўда, такому называньню Беларусі спрыяе і ўласная беларуская практыка. З чаго расейцы павінны больш дбаць пра беларускую незалежнасьць, чым самі беларусы, многія зь якіх з задавальненьнем карыстаюцца словам, якое ў пэўным сэнсе сымбалізуе іх дзяржаўную несамастойнасьць і другаснасьць?

Можа і ня варта ўсчынаць вялікі вэрхал з гэтай нагоды, сапраўды дробязь, лухта ў параўнаньні зь іншымі праблемамі. Але гэта такая падсьвядомая ўсьмешка Чэшырскага (савецкага) Ката, ката ўжо няма, але ўсьмешка яшчэ лунае ў паветры. Тыя, хто называе Беларусь рэспублікай, зусім не абавязкова сьвядома адмаўляюць ёй у праве на самастойнае дзяржаўнае існаваньне. Але падсьвядома ёсьць у гэтым канстатацыя, перафразуючы Булгакава, «дзяржаўнасьці другой сьвежасьці». І навошта гэта канстатаваць прынамсі самім? Словы «краіна», «нацыянальны» не такія і страшныя. Тым больш, што вось галоўны банк краіны назвалі нацыянальным, і ніякай маральнай і культурнай катастрофы ад гэтага ня здарылася. Калі ад гэтага пазбавяцца самі беларусы, то магчыма і расейцы перастануць карыстацца гэтай усьмешкай савецкага ката. І не таму, што Пуцін забароніць — проста не прынята стане, як не прынята адносна Францыі, Польшчы і нават Літвы.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG