Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

На першы погляд задаваць пытаньні пра палітыку, пра пралікі і памылкі цяпер ня час – жахлівая невядомасьць пра лёс Уладзімера Някляева, крымінальная справа, якая пагражае абвінавачаным гадамі зьняволеньня, сотні зьбітых і арыштаваных, працяг ператрусаў, затрыманьняў, хваля расправаў па месцы працы і вучобы.

Але гэта – не ахвяры землятрусу, прыроднай стыхіі, дзе на ўсё Боская воля, гэтыя людзі ахвяравалі сабой дзеля пэўнага палітычнага праекту, які прывёў да такога, а не іншага выніку. І хіба няма падставаў падумаць пра прычыны гэтага выніку, паспрабаваць зрабіць зь яго некаторыя высновы?

Плошча-2010 – аргумэнт у даўняй спрэчцы, ці можа зрабіць палітычны цуд рашучая меншасьць, якая дзейнічае ў «чароўную ноч дзіркі легітымнасьці», незалежна ад настрояў большасьці. Зразумела, заўсёды можна сказаць, што меншасьць была недастаткова рашучай, але выглядае, што ўрок 2010 году палягае ў тым, што акрамя рашучасьці трэба яшчэ нешта.

1. За 7,5 хвілін пару тысяч АМПАу і спэцназу разагналі 10-20 тысяч людзей на плошчы Незалежнасьці. Што зьменіцца наступным разам? Будзе больш людзей на плошчы? За кошт чаго?

Сілы правапарадку будуць паводзіць сябе інакш? Чаму? У Сэрбіі ў 2000 годзе і ва Ўкраіне ў 2004 годзе лідэры Плошчы здолелі дамовіцца з кіраўніцтвам сілавых структур аб іх як мінімум нэўтралітэце. Ці была такая дамова ў Беларусі ў 2010 годзе? Ці магчымы нэўтралітэт сілавых структур без такіх дамоўленасьцяў?

Нібыта плян лідэраў Плошчы прадугледжваў перамовы з урадам і сілавымі міністрамі. Але зь якіх прычынаў вернасьць гэтых самых міністраў Лукашэнку павінна была аказацца меншай, чым вернасьць іх падначаленых, так пераканаўча прадэманстраваная на Плошчы?

2. Біцьцё шыбаў і ламаньне дзьвярэй у Доме ўраду было банальнай паліцэйскай правакацыяй. Але што насамрэч азначалі словы з вуснаў лідэраў апазыцыі пра «рашучыя дзеяньні»? За 4 гады пасьля Плошчы-2006 на Аляксандра Мілінкевіча вылілі тоны памыяў за «баязьлівасьць» і «нерашучасьць». А як было трэба? Які адказ з улікам досьведу ўжо і Плошчы-2006, і Плошчы-2010?

3. Колькі галасоў атрымаў Лукашэнка на гэтых выбарах насамрэч – ніхто ня ведае. Але паводле нават самых неспрыяльных для яго ацэнак – за 30%, а за ягоных апанэнтаў – значна менш. Я не пра тое, ці патрэбны быў другі тур, я пра тое – чаму? У чым прырода падтрымкі Лукашэнкі (шчырай, а не намаляванай)? Што можа гэта зьмяніць? Ці прыкладна 30%–40% – гэта «ядзерны», «бэтонны» яго электарат, які ня зьменшыцца, якую б палітыку ён ні праводзіў?

4. Плошча-2010 мусіла б паставіць кропку ў спрэчцы наконт адзінага кандыдата як неабходнай умовы посьпеху. Ці паставіць? Дарэчы, умовы недастатковай, але неабходнай. Ці не забудзецца яна ў наступную "чароўную ноч дзіркі легітымнасьці" – што ці адзіны зь нейкімі шанцамі на посьпех ці «конкурс прыгажосьці» без шанцаў.

Перавага адзінага, акрамя ўсяго іншага – нават у тэхналягічным сэнсе арганізацыі Плошчы. Некалькі сцэнароў, якія праводзяць некалькі кандыдатаў, прыводзяць да таго, што насамрэч не рэалізуецца ніякі сцэнар ці рэалізуецца сцэнар уладаў. Але што не было зроблена сёлета, каб дасягнуць адзінства? І што зьменіцца праз 5 гадоў?

Пытаньні гэтыя – насамрэч не мае. Іх паставілі зьбітыя, скалечаныя, тыя, хто сядзяць за кратамі, каму зламалі лёсы, а некаторым і душы.

І наш абавязак– ня толькі дапамагаць ім, ня толькі быць салідарнымі зь імі, але і шукаць адказы на гэтыя пытаньні, каб іх пакуты і ахвяры не былі марнымі.
Калі вы ўмееце выцягваць цьвік, забіты па плешку, як выцягнуць цьвік, забіты на палову даўжыні? Правільна, забіць па плешку, а далей дзейнічаць ўжо вядомым мэтадам.

Насамрэч мы вельмі часта ў жыцьці робім паводле гэтага правіла, зводзячы невядомае, хай складаным і пакручастым шляхам, да вядомага.

Нешта падобнае назіраецца ў выбарчай, дакладней, палітычнай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі.

Яшчэ на мінулым тыдні, падчас сустрэчы са сваімі даверанымі асобамі ён казаў, што ўсе ягоныя апанэнты – бел-чырвона-белыя, ўсе празаходнікі, ўсе – за гвалтоўную беларусізацыю. Сёньня дзейны кіраўнік дзяржавы не адхіляўся ад вызначанага курсу: Кастусёў – адзіны шчыры, бо сапраўдны бнфавец, астатнія пярэваратні, ў 90-х “патроны падносілі, пасадзілі ўсіх расейцаў на чамаданы”.

У такім стылі Лукашэнка вёў кампанію 1994 году, такім быў патас яго абвінавачваньняў на адрас апазыцыі да канца 90-х гадоў.

Пазьней ўжо сам “змагар з нацыяналізмам” пачаў рабіць цікавыя эвалюцыі. Сапраўднай гістарычнай іроніяй сытуацыі з’яўляецца тое, што зараз хіба не
Галоўны ягоны спадзеў на тое, каб забясьпечыць энэргетычнае выжываньне краіны – фактычная рэалізацыя праекту Балтыйска-Чарнаморскага калектара сто разоў клятага БНФ.
галоўны ягоны спадзеў на тое, каб забясьпечыць энэргетычнае выжываньне краіны – фактычная рэалізацыя праекту Балтыйска-Чарнаморскага калектара сто разоў клятага БНФ.

Зьмяніўся сьвет, зьмянілася Беларусь, зьмяніўся і сам Лукашэнка. Таксама красамоўная дэталь – падчас выбарчай кампаніі зь ім не сустракаецца кіраўнік МЗС Расеі, але сустракаюцца кіраўнікі МЗС Нямеччыны і Польшчы. Дык хто ж з кандыдатаў празаходнік? Мо ўсе, ўключна з дзейным кіраўніком дзяржавы.

Але на ўсебеларускім сходзе Лукашэнка апрануўся ў амуніцыю дзесяцігадовай даўніны. Гэта праявілася і ў станоўчай ацэнцы параўнаньня сходу са зьездам КПСС, і ў шчымлівым расповедзе пра захаваньне партбілета, і ва ўспамінах пра тое, як зладзеі развальвалі любімы Савецкі Саюз.

Вельмі дарэчным ўвасабленьнем гэтай машыны часу сядзеў у прэзыдыюме лідэр расейскіх камуністаў Генадзь Зюганаў. Ня будзем нават задаваць
Увасабленьнем машыны часу сядзеў у прэзыдыюме лідэр расейскіх камуністаў Генадзь Зюганаў.
далікатнае пытаньне, што рабіў у прэзыдыюме палітычнага сходу сувэрэннай дзяржавы (каштоўнасьць сувэрэнітэту Лукашэнка шмат разоў падкрэсьліваў) адзін з лідэраў апазыцыі суседняй дзяржавы. Ну зразумела ж, калі трэба, дык і Масква наша, і мы адзін народ.

Ну і Андрэіч, як той казаў, “не подкачал” – распавёў, як менавіта на лініі Сталіна ўсьвядоміў мудрасьць правадыра, які падпісаў пакт Молатава-Рыбэнтропа. Нават з ваеннага і артадаксальна-камуністычнага пункту гледжаньня менавіта Беларусь – самае няўдалае месца для такіх высноваў, вэрмахт у 1941 годзе прайшоў праз Беларусь прыкладна з такой жа хуткасьцю, як Францыю за год да таго, зьнішчаючы арміі і цэлы фронт. Але гэта дэталі, а тут жа арыя маскоўскага госьця.

Дарэчы, і з учорашнім выступам Лукашэнкі адбылася дзіўная рэч. Насамрэч
Лукашэнка вярнуўся да старой зброі – вобраза самога сябе 1994 году.
урадавая праграма – ня самы кепскі плян асьцярожных рынкавых пераўтварэньняў. Але ў выкананьні дзейнага кіраўніка дзяржавы ён выглядаў гімнам антырынкавай існай эканамічнай мадэлі. І ў гэтым Лукашэнка вярнуўся да старой зброі – вобраза самога сябе 1994 году.

Вось і Аляксандар Зімоўскі ў адным са сваіх блогаў пісаў, што стрыжнем перадвыбарчай дзяржаўнай прапаганды стане палоханьне “ліхімі 90-мі”. У гэтым жа рэчышчы – і падарожжа ў тыя гады на машыне часу Аляксандра Лукашэнкі.

Ці спрацуе гэта – для лічбаў выбараў насамрэч ня важна, як ня важны для гэтых лічбаў і сам сход.

Але калі выцягваецца нафталінавая аргумэнтацыя даўно мінулых прапагандысцкіх бітваў, нават клакеры ў глядацкай залі пачынаюць здагадвацца, што адкрыцьці скончыліся.

І пачынаюць задумвацца -- а чым ўсё гэта можа скончыцца?

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG