Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

І праўда – на што? Усе экспэрты, якія паважаюць сябе, адзначыліся ў ацэнках, што «Акела прамахнуўся», асабліва пасьля апошняй прэсавай канфэрэнцыі К. Бакіева, дзе той выказаў гатоўнасьць дапамагчы асобам, якіх яшчэ пару дзён таму называў бандытамі, прызнаў, што адрачэньне ад пасады ўсё ж напісаў, і нарэшце заявіў, што легітымнасьць сваю мае намер дэманстраваць дыстанцыйна. А тут яшчэ і Дз. Мядзьведзеў са сваімі намёкамі пра «прытулак для тых, хто страціў працу». Ну можа і прамахнуўся. Але каб вызначыць гэта, варта было б дакладна сфармуляваць, куды ж А. Лукашэнка зьбіраўся К. Бакіевым пацэліць.


У адказах недахопу няма, імі зараз як раз пераважна і запоўненыя газэтныя і інтэрнэтныя старонкі. І ня тое, каб яны былі няправільныя ці недакладныя, хутчэй занадта абстрактныя. Тое, што Лукашэнка, прыгрэўшы Бакіева і фактычна прымусіўшы яго працягваць барацьбу, кінуў камусьці выклік і накіраваў нейкае пасланьне – ўсе правільна. Але для гульца, які разьлічвае на цалкам канкрэтную выгаду, хай сабе і зьвязаную з рызыкай, неяк расплывіста. Гаворыцца таксама, што Лукашэнка ўлез у вялікую гульню па самых высокіх стаўках. Цяплей, але ізноў жа – якія ягоныя ўласныя стаўкі? Апалягетычныя трактоўкі таксама не даюць адказу на пытаньне, бо апісваюць сытуацыю ў катэгорыях каштоўнасьцяў – легітымнасьць, вернасьць, абавязкі, малыя дзеткі Бакіева і г.д. Можна спрачацца з тым, ці прыдатныя да аналізу сытуацыі менавіта гэтыя каштоўнасьці, але і апалягетыка такога кшталту не тлумачыць, што ж канкрэтна можа выйграць Менск.

Тлумачэньні самога беларускага прэзыдэнта таксама наўпрост не даюць адказу на пытаньне, на што ж ён разьлічвае. І ён, як і яго апалягеты, у асноўным падкрэсьлівае маральна-палітычны бок. Хаця нейкі намёк у ягоных тлумачэньнях, зробленых падчас выступу з пасланьнем, усё ж прагучаў:

“Я ня думаю, што там сытуацыя цалкам разрадзілася. Той, хто апладзіруе і разьлічвае на тое, што ў Кіргізіі сышоў, няма Бакіева... Бакіеў нікуды не сыдзе, гэта ня той чалавек. Ён сябе лічыць на сёньняшні дзень прэзыдэнтам, і, я яшчэ раз падкрэсьліваю, і народ там сёньня ацьвярозеў, нават тыя, якія штурмавалі, і — «вярніце нашага прэзыдэнта».

Наконт “вярніце” – гэта, мякка гаворачы, перабольшваньне. А вось наконт таго, што сытуацыя “не разрадзілася” – можа ў гэтым пэўная рацыя і ёсьць. А як менавіта можа яна “не разрадзіцца” на карысьць Лукашэнкі?

Так выглядае, што такіх сцэнароў як мінімум два.

«Хаос»


Першы – гэта сцэнар «Хаос». Насамрэч сапраўдным апанэнтам новых кіргіскіх уладаў зьяўляецца зараз зусім не зрынуты прэзыдэнт, а менавіта хаос. Зразумела, сам часовы ўрад заяўляе пра тое, што цалкам кантралюе сытуацыю ў краіне, ледзь не з 8 красавіка. Часовыя ўрады (і нечасовыя таксама) заўсёды гэтак заяўляюць. Але важна тое, як яно насамрэч, а можа яшчэ больш важна – як гэта ацэньваюць за мяжой, і асабліва тыя, хто трымае ключы ад Бішкеку. А гледзячы па ўсім – ня надта. Цяжка западозрыць цяперашнія расейскія ўлады ў адсутнасьці сымпатыяў да новых кіргіскіх уладаў. Тым болей пагрозьліва прагучала фраза Мядзьведзева, што Кіргізстан «знаходзіцца на мяжы грамадзянскай вайны і распаду» і «на яго месцы можа ўзьнікнуць другі
Сапраўдным апанэнтам новых кіргіскіх уладаў зьяўляецца зараз зусім не зрынуты прэзыдэнт, а менавіта хаос.
Аўганістан». Ніхто прэзыдэнта Расеі за язык не цягнуў гэта казаць. Публічнае агучваньне такіх апакаліптычных прагнозаў аўтарытэту новым кіргіскім уладам не дадае, а чым усё можа скончыцца, калі яны ня здолеюць навесьці элемэнтарны паліцэйскі парадак, яны разумеюць ня горш за Мядзьведзева. А калі ён гэта ўсё ж такі сказаў, то сытуацыя відаць і сапраўды далёкая ад лагоднай.

Дык разьлік Лукашэнкі можа палягаць зусім ня ў тым, што ён пры дапамозе Бакіева гэтае полымя грамадзянскай вайны разьдзьме. А ў тым, што яно разгарыцца і без дапамогі Бакіева, і нават не грамадзянскай вайны, а менавіта хаосу – вёска на вёску, вёска на горад, горад на горад, вайна ўсіх супраць усіх. І што тады? Гэта толькі на думку некаторых дамарослых стратэгаў Масква сьпіць і бачыць, як бы куды-небудзь свае войскі ўвесьці. Увесьці можа і нескладана, але досьвед некаторых іншых дзяржаваў паказвае, што потым робіцца велізарнай праблемай, як вывесьці. Так што, калі такое ўсё ж здарыцца, то патрэба ў нейкай хаця б мінімальна ўплывовай мясцовай асобе з мінімальна абгрунтаванымі прэтэнзіямі на ўладу можа стаць надзвычай пільнай. І чым у такой сытуацыі кепскі абачліва захаваны ў менскай «лядоўні» спадар Бакіеў? Не ў цяперашняй, а ў той, зусім насамрэч негіпатэтычнай. Тады тое, што сёньня выглядае выклікам, абернецца велізарнай паслугай усім – і Маскве, і Вашынгтону, ў прыватнасьці. Хіба такое разьвіцьцё падзеяў абсалютна выключанае?

«ЗША супраць РФ»


Другі сцэнар – «ЗША супраць Расеі». Так, сапраўды, Масква і Вашынгтон, Абама і Мядзьведзеў дзіўным чынам дамовіліся наконт Кіргізстану. Але ці доўга праіснуе гэтае пагадненьне? Шчыраваньні К. Бакіева наконт таго, што расейцы моцна ціснулі на яго, каб ён выкінуў з краіны амэрыканскую базу, вельмі падобныя на праўду, бо пра гэта гавораць усе, і, у прынцыпе, гэта не адмаўляе і расейская ўлада. Дык на Бакіева былі злыя за тое, што не закрыў базу, а да новай улады будуць добрыя за тое, што працягнулі яе арэнду? Пры гэтым, нават пакідаючы за дужкамі гіпотэзы аб сувязях новага кіраўніцтва Кіргізстану з Масквой і пра датычнасьць Масквы да падзеяў 6-7 красавіка, аб'ектыўна новыя ўлады краіны больш залежныя ад Крамля, чым быў К. Бакіеў: іх легітымнасьць як мінімум спрэчная, грошай ім, каб супакоіць узрушаны народ, трэба шмат і адразу, магчыма спатрэбіцца і дапамога ў пытаньнях
Чаму не магчымая гульня Бакіевым за Захад супраць Расеі?
бясьпекі (гл. сцэнар «Хаос»). Дык ад больш устойлівай улады Расея дамагалася закрыць базу, а ад больш слабай – ня будзе? Мядзьведзеў з Абамам дамовіўся, новы ўрад працягнуў арэнду на год. А што ж пры Бакіеве не змаглі дамовіцца? Ці Масква – юнае дзяўчо, што ня магла дараваць Бакіеву падман: абяцаў закрыць базу і не закрыў? І хіба выключана, што праз пэўны час новыя ўлады Кіргізстану паставяць лёс амэрыканскай базы пад вялікае пытаньне? І тады ізноў жа ў менскай «лядоўні» для амэрыканцаў (ну і для NATO ў цэлым) ёсьць які-ніякі, а ўсё ж інструмэнт узьдзеяньня на сытуацыю. Вы будзеце сьмяяцца, але нават легітымны. Які, дарэчы, амэрыканскую базу ўсё ж з краіны ня выкінуў.

Лукашэнка з амэрыканцамі супраць расейцаў – немагчыма? А чаму? Колькі экспэртаў былі ўпэўненыя, што Лукашэнка на раз прызнае Абхазію і Паўднёвую Асэтыю? Чаму не магчымая гульня Бакіевым за Захад супраць Расеі?

Успаміны пра будучыню


Варта сказаць, што такія рызыкоўныя гульні Лукашэнка ў мінулым вёў неаднойчы. Напрыклад, ягоныя дэманстратыўныя заляцаньні да арабскіх рэжымаў пасьля 9 верасьня 2001 году, калі стасункі паміж Вашынгтонам і Масквой перажывалі “мядовы месяц”, таксама здаваліся суцэльным вар’яцтвам і цяганьнем за хвасты двух львоў адразу. І нічога – “мядовы месяц” цягнуўся нядоўга, бакі вярнуліся да звыклай “Вялікай гульні”, ў якой знайшлося месца і Лукашэнку зь ягонымі камбінацыямі.

Гэтак і цяперашнія сцэнары выглядаюць на першы погляд рызыкоўнымі і малаімаверныя. Але яны досыць канкрэтныя, выйгрышы ад іх – таксама, а імавернасьць усё ж нянулявая. Лукашэнка ставіць вельмі шмат на тое, што яны спраўдзяцца. А колькі ставіце вы на тое, што ня спраўдзяцца?

У чарговы раз кіраўнік Беларусі імкнецца патрапіць у цэнтар сусьветнай палітыкі. Дарэчы, гэтага тлумачэньня можа быць і дастаткова, якая розьніца як? Але ў справе з запрашэньнем зрынутага лідэра Кіргізстану ёсьць яшчэ некалькі сэнсаў, некалькі пасланьняў, накіраваных розным адрасатам.

“Буду страляць”

Найперш – беларускаму народу: як было сказана падчас выступу на Гомельшчыне, у выпадку чаго буду страляць, рука не здрыганецца. Вось Бакіеў страляў, а я яго паважаю і абараняю, бунт трэба душыць жорстка і бязьлітасна. Праўда, менавіта кіргіскі досьвед паказвае, што часам нават і страляніна нічога не вырашае. Ну загадаў Бакіеў страляць, ну нават выканалі загад. І, кажучы словамі Лукашэнкі, “мала не падалося” ў рэшце рэшт ня толькі забітым, а самому Бакіеву. А што ж рабіць тады, калі і кулі не дапамагаюць?

“Рука Масквы”


Другое пасланьне – Расеі. Яна Бакіева з рахункаў сьпісала адразу, запрашэньнем Бакіева Лукашэнка дае зразумець, што зь ім у выпадку чаго так проста не атрымаецца. Пры гэтым калі вышэйшая ўлада абмяжоўваецца празрыстымі намёкамі, маўляў, мы яшчэ даведаемся, хто стаіць за гэтым пераваротам, то прыдворныя мысьляры кшталту Сяргея Мусіенкі гэтыя намёкі расшыфроўваюць: “Да крываваму путчу, зладжанага ў Бішкеку, расейскія спэцслужбы, хутчэй за ўсё, маюць дачыненьне”. Але як ні парадаксальна, глыбакадумныя развагі пра змову – ня толькі стандартная рэакцыя мысьленьня адпаведнага тыпу, але і спроба адсланіцца ад больш страшнага. Змова – гэта небясьпечна, але зразумела, іх спэцслужбы – нашы спэцслужбы (ясна ж, што ўсё прымяраецца на Беларусь), на іх спэцапэрацыю – наша контрапэрацыя. А калі праўда – прасьцей, і не было ні змовы, ні спэцапэрацыі, ні злавесных плянаў апазыцыі, якую Бакіеў абачліва перасаджаў за краты на самым пачатку сёлетніх падзеяў?

Вашынгтонска-маскоўскі кансэнсус

Яшчэ адно пасланьне – і Расеі, і Амэрыцы разам. Яшчэ адна падстава для жахаў афіцыйнага Менску – тое, што ці не ўпершыню падчас падобных падзеяў за ўсе апошнія гады Масква і Вашынгтон дзейнічалі калі ня разам, то ўзгоднена. Супярэчнасьці паміж імі нікуды не падзеліся, матывам магло быць усяго толькі банальнае жаданьне не дапусьціць грамадзянскай вайны ў краіне, дзе і ЗША, і Расея маюць ваенныя базы. Але насамрэч важныя не прычыны, а прэцэдэнт – яны ў такой сытуацыі могуць дзейнічаць разам.
Бакіеў патрэбны яшчэ і для таго, каб паламаць гэтую згоду: “Захоча ён (Бакіеў) даць прэс-канферэнцыю журналістам, ён будзе яе свабодна даваць, свабодна гаварыць. І мы потым паглядзім: хто больш свабодная краіна - Беларусь ці нейкія іншыя дзяржавы. Думаю, ён шмат раскажа”. Масква і Вашынгтон імкнуцца патушыць полымя грамадзянскай вайны ў Кіргізстане, афіцыйны Мінск, гаворачы папросту, імкнецца яго раздзьмуць. Каб Злучаным Штатам і Расеі, барані Бог, не прыйшло ў галаву дамовіцца пра нешта адносна Беларусі.

Як можа спытаць народ?


Уся гэтая сыстэма пасланьняў базуецца на тэзе пра легітымнасьць Бакіева. Лукашэнка сваім запрашэньнем прадэманстраваў пэўную пасьлядоўнасьць: кіргіскія падзеі – антыдзяржаўны пераварот, Бакіеў – легітымны, канстытуцыйны кіраўнік, усе – ад Амэрыкі да Расеі – яго кінулі, хаця яшчэ ўчора паціскалі рукі, а Лукашэнка – чалавек прынцыпаў: “Толькі народ мае права спытаць з прэзыдэнта. Ніякія банды, ніякія групы, апазыцыя. Толькі народ”.

Прыгожа, толькі вось незадача – а як народ можа спытаць? У якіх формах? Можа, на выбарах? Ну вось каму цікава, можа паглядзець, як АБСЭ ацаніла леташнія прэзыдэнцкія выбары ў Кіргізстане (анг., рас.).

Калі коратка, то асноўная ацэнка наступная: “Прэзыдэнцкія выбары не адпавядалі ключавым абавязкам у межах АБСЭ па правядзеньні дэмакратычных выбараў, давер грамадзкасьці да выбарчага працэсу быў падарваны”.

Можна параўнаць высновы з высновамі чатырохгадовай даўніны наконт беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў (анг., рас.)

Праглядаецца пэўнае падабенства.

Што такое легітымнасьць?


І якое значэньне маюць гэтыя паперкі? Ды на першы погляд ніякага. Нікому вайну за кепскія выбары не абвяшчаюць. Сапраўды, і запрашаюць, і справы маюць, і рукі паціскаюць. І Бакіеву паціскалі, і Лукашэнку паціскаюць. Але вось як каму? Ёсьць досыць цынічная дыпляматычная формула – як асобе, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў краіне. Але гэтыя на першы погляд нязначныя паперкі АБСЭ ўносяць невялічкае ўдакладненьне – толькі як асобе, якая рэальна кантралюе сытуацыю і пакуль яна рэальна кантралюе сытуацыю. А калі перастае кантраляваць? Ну тады ўступае ў сілу выключна цынічная палітычная мэтазгоднасьць: выгадна – будуць працягваць падтрымліваць, нявыгадна – можна хуценька падтрымаць іншых, якія пачынаюць рэальна кантраляваць сытуацыю. Якая такая легітымнасьць? У несправядлівых выбарах яе ня больш, чым ў разьюшаным натоўпе, які штурмуе прэзыдэнцкі палац. Прынамсі для вонкавага гульца. Насамрэч дэмакратыя – гэта самы бясьпечны спосаб кіраваньня.

Бакіеў у Менску – гэта своеасаблівы талісман, спроба заваражыць гэтыя надзвычай непрыемныя меркаваньні.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG