Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

Пасьля амаль 30-гадовага зьняволеньня выйшаў на волю Мэхмэд Алі Агджа. Той самы, які ў траўні 1981 году страляў у папу рымскага Яна Паўла ІІ. Цяпер няўдаламу забойцу намесьніка Бога на зямлі прапануюць за ягоныя інтэрвію 7 мільёнаў даляраў.


“Ясна, аўтар хоча сказаць – куды коціцца сьвет?” – адразу сьцяміць іранічны чытач. Ну ў прынцыпе так. Але ж і сапраўды коціцца. Недзе давялося прачытаць тэрмін “камбінаторная зброя”. Гэтая зброя не разбурае сыстэму сама, яна ўносіць у яе маленькую зьмену, а далей ўжо самая сыстэма шляхам свайго нармальнага функцыянаваньня разбурае сама сябе. Кампутарны вірус разносяць па cеціве тыя самыя каналы, якія павінны разносіць карысную інфармацыю.

А тут хіба ня тое самае? Чалавека, які падняў руку на вярхоўнага пантыфіка, робяць мільянэрам свабодныя СМІ свабоднага хрысьціянскага сьвету. Нават ня так – робяць прынцыпы функцыянаваньня свабодных мэдыяў. Гэта ж сэнсацыя, гэта ж цікава, гэта будуць чытаць, за гэтую сэнсацыю можна падняць наклады, сарваць шалёныя грошы, хто хутчэй, хто першы, хто больш. І ўсё ў поўнай адпаведнасьці з законамі свабоднага рынку.

Насамрэч, дарэчы, ня надта цікава. Агджа некалькі разоў мяняў свае паказаньні: ён то абвінавачваў у замове і падрыхтоўцы ягонага замаху спэцслужбы краін камуністычнага блёку, то адмаўляўся ад абвінвачваньняў. Што ён можа распавесьці цяпер і дзе гарантыя, што гэта ня будзе чарговай хлусьнёй? Ці проста трызьненьнем – пасьля вызваленьня ён абвясьціў сябе Ісусам Хрыстом і заявіў, што “сьвет загіне да канца стагодзьдзя”. Мала было паглуміцца над хрыстовай верай стрэлам у папу, спатрэбілася працягнуць. А што – ўсё ж зьядуць. Яшчэ ж цікавей, яшчэ смачней.

Парадокс, але тое, што аўтарытэт папы ў сьвеце яшчэ хоць неяк захоўваецца, запускае мэханізм promotion шчыраваньняў таго, хто хацеў яго забіць. Камбінаторная зброя ў дзеяньні.

Прыйшла ў галаву думка – калі КГБ СССР сапраўды меў дачыненьне да таго стрэлу Агджы 13 траўня 1981 году, то колькі заплаціў за гэта? Ня спэц у расцэнках, але здаецца, што ня 7 мільёнаў – дарагавата будзе. Адкуль у таталітарнай сыстэмы такія грошы на важнае, але ўсё ж ня лёсавызначальнае спэцмерапрыемства. Нічога, такія грошы натуральным чынам знаходзяцца ў свабодным сьвеце, каб зрабіць рэкляму выканаўцы гэтага злачынства.

І яшчэ падумалася – а колькі б свабодныя мэдыі заплацілі д’яблу за інтэрвію зь ім?

А можа ў тым і палягае бессаромная моц свабоды – што яна самая моцная камбінаторная зброя, што яна разбурыць любую сыстэму, якая паднімаецца на барацьбу зь ёй? І нават д’ябал, даўшы інтэрвію, ўцягнецца ў the only game in town – адзіную гульню, ў якую гуляюць у горадзе?
Deja vu-2007. Ізноў як тады: пачатак году – нафтавая вайна. Ну пакуль яна не выходзіць з вэрбальнай стадыі, але на гэтай стадыі бакі ня выбіраюць выразаў, карыстаючыся ваеннай тэрміналёгіяй. Расейскі бок пасьля зрыву перамоваў у апошні дзень мінулага году паведаміў пра "адсутнасьць неабходных дырэктыў і паўнамоцтваў у прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь" і пра тое, што «беларускі бок фактычна па-ранейшаму працягвае прытрымлівацца нічым не абгрунтаванай запытальнай пазыцыі, паводле якой Расея, па-сутнасьці, павінна працягваць субсыдаваньне беларускай эканомікі, працягваючы, бязмытныя пастаўкі нафты ня толькі для ўнутранага спажываньня, але й на ўвесь аб'ём пастаўлянай расейскай сыравіны". На наступны дзень зь Менску прагучаў «адказ Чэмбэрлену»:"на чальцоў беларускай дэлегацыі, склад і паўнамоцтвы якой былі зацьверджаны адпаведнай пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь, учыняўся беспрэцэндэнтны ціск, што, па меркаваньні беларускага боку, зьяўляецца абсалютна неабгрунтаваным і недапушчальным....фактычна беларускаму боку было прапанавана парушыць базавую дамову пра стварэньне адзінай мытнай тэрыторыі і фармаваньню Мытнага саюза ... Сыход ад гэтых дамоўленасьцяў і вывад цэлага энэргетычнага сэктару Беларусі за межы падпісаных дамоваў па стварэньні Мытнага саюза шмат у чым падарвалі б усе дасягнутыя дамоўленасьці па далейшай інтэграцыі нашых дзяржаў".

Напрошваецца яшчэ адна аналёгія – зь леташняй малочнай «вайной», калі беларускі бок зрабіў асымэтрычны ход, фактычна прыпыніўшы вайсковая супрацоўніцтва з Расеяй у межах АДКБ. Гэтак жа і зараз – у адказ на крамлёўскія «прошукі» ставіцца пад сумнеў удзел Беларусі ў мытным саюзе. Сказаў жа Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі напрыканцы году, што калі Беларусь у мытным саюзе будуць моцна ціснуць, дык можа і няма што там краіне рабіць.

Наконт ціску – як у ваду глядзеў.

Напачатку – па сутнасьці. Хто ж мае рацыю ў гэтым канфлікце? Абодва ж бакі спасылаюцца на папярэднія дамоўленасьці, на заключаныя раней пагадненьні (ці на іх адсутнасьць). Калі падыходзіць аб'ектыўна, то найбольш праўдападобнай выглядае выснова, што ніхто, дакладней, што ў кожнага з бакоў – свая праўда. Калі ня здраджвае памяць, то тры гады таму, па выніках тагачаснай нафтавай вайны, было прынятае пагадненьне, паводле якога мыта на пастаўляную ў Беларусь нафту сапраўды павінна было штогод падвышацца. Новы год прыйшоў, яно і падвышаецца. Зь іншага боку, калі ўжо бакі вырашылі заключыць мытны саюз, то неяк дзіка выглядае гандляваць адным з ключавых тавараў у межах саюзу на такіх жа ўмовах, як зь Нямеччынай ці Польшчай. Яно, праўда, частку нафты расейцы Беларусі і даюць наагул бязмытна, але чаму б і ня ўсю, раз ужо саюз. Зь яшчэ аднаго боку і Мядззьведзеў, і Пуцін казалі, што як раз газ і нафта не з'яўляюцца таварамі мытнага саюзу.

Але з цягам часу іх зьбіраліся ўключыць ва ўмовы саюзу. З чацьвёртага боку, на апошнім пасяджэньні рады саюзу Беларусі і Расеі вялося пра тое, што нафту ў 2010 годзе Расея будзе прадаваць Беларусі «па-братэрску». Праўда, братэрскія абяцаньні тады даваў прэзыдэнт Мядзьведзеў, а пры «шматвежавай» канструкцыі ўлады ў сучаснай Расеі такія абяцаньні – далёка ня ўсё. Ну і гэтак далей. Разблытаць гэты клубок узаемных абяцаньняў, саступак, дамоўленасьцяў, паправак да іх і выключэньняў зь іх, няма аніякай магчымасьці.

І ў гэтым, дарэчы – самая сутнасьць беларуска-расейскіх адносінаў. Тое, што Расея – краіна, якая мае вялікія амбіцыі, што яна імкнецца дамінаваць у рэгіёне, што часам выкарыстоўвае эканамічныя рычагі для дасягненьня палітычных мэтаў – гэта так і ёсьць. Але яе стасункі з Польшчай, Літвой, Нямеччынай, Турцыяй, нават з Грузіяй, зь якой Масква нават ня мае дыпляматычных адносінаў, менавіта такімі эканамічнымі скандаламі не азмрочаныя. Неяк дамаўляюцца бяз бразганьня дзьвярыма. А з Беларусьсю – увесь час.

Хутчэй за ўсё, сапраўды скандал – такая своеасаблівая форма двухбаковага супрацоўніцтва. Для Беларусі зь яе аб'ектыўна больш слабай перамоўнай пазыцыяй гэта хіба не адзіны спосаб выгандляваць хаця б нешта, напрыклад, практычна дадатковыя 3 мільёны тон бязмытнай нафты. Разьлік на тое, што распачынаць паўнамаштабную чарговую нафтавую вайну Расеі зараз надзвычай нявыгадна. Тым больш, што зрабіць так, каб яна не закранула Эўропу, наўрад ці атрымаецца, досьвед 2007 году паказаў, што перакрыць нафтавы кран на Эўропу ў Лукашэнкі рука ня задрыжыць.

У прынцыпе, вайны можа і ня быць. Расейскі бок заявіў, што калі пагадненьня да 31 сьнежня ня будзе (а яго няма), то з 1 студзеня ўся нафта пойдзе з поўным мытам. Але грошы (з разьлікам бязмытных паставак) за студзень ужо заплочаныя, пакуль можна пастаўляць нафту, а потым на працягу студзеня дамаўляцца і вызначаць, у прыватнасьці, зь якой стаўкай мыта гэтая студзеньская нафта ідзе. Але гэта калі хацець мірнага вырашэньня. Аднак ёсьць стратэгія сьвядомага абвастрэньня сытуацыі ў спадзеве, што Расея ў апошні момант адверне, не жадаючы рызыкаваць рэпутацыяй эўрапейскага пастаўніка. Для яе нафта для Беларусі – пытаньне ў эканамічным сэнсе некрытычнае. А для Беларусі – крытычнае і таму магчыма вар'ьяцтва з'яўляецца, як ня дзіўна, самай рацыянальнай палітыкай.

І дарэчы – да палкіх спрэчак у апазыцыі, якія віравалі ўвесь апошні год. Дык ёсьць пагроза незалежнасьці Беларусі ці няма? Гэта пагроза Беларусі ці рэжыму? Зразумела, калі ўся нафта, акрамя той, што для ўласнага спажываньня, пойдзе з поўным мытам, то даходы ад экспарту нафтапрадуктаў калі ня зьнікнуць, то істотна скарацяцца. А чые даходы – рэжыму ці Беларусі? Дзякаваць Расеі за тое, што спыняе субсыдаваньне рэжыму ці бесьціць за намер паставіць Беларусь на калені?

Дарэчы, цяперашняя сытуацыя адкрывае новыя магчымасьці для Эўропы. У нашых краёх гэта як закон прыроды: чым больш жорстка канфліктуюць Менск з Масквой, тым больш у Менску ўзьнікае патрэба ў Брусэлю. Быліны пра тое, што Беларусь дэмакратыяй можа яшчэ і падзяліцца з Эўропай, зручна распавядаць, калі Масква лагодная і робіць каштоўныя падарункі. А калі адвешвае поўхі, дык Брусэлю накіроўваецца сыгнал SOS. Брусэль, ну і Захад наагул, дапамагчы могуць, як тое было ў чэрвені летась, калі рашэньне аб дадатковым крэдыце МВФ аказалася ў разгар малочнай «вайны» звышдарэчным. Ну і чым такім добрым заплаціў Менск за тагачасны своечасовы прыезд МВФаўскай, а па сутнасьці, эўрапейскай «хуткай»? Да нічым асабліва. Ну дык у цяперашняй сытуацыі «хуткая» можа і не сьпяшацца, пакуль ня высьветліцца, што Эўропа атрымае за свой выратавальны спрыт. Праўда, дамоўленасьці з Менскам... Масква ж таксама пра нешта дамаўляецца. А потым атрымліваюцца сюрпрызы пад елачку. А чым Брусэль лепшы?

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG