Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

Малочны канфлікт, ад якога адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй абвастрыліся да мяжы, скончаны. Абодва бакі пацьвярджаюць наяўнасьць пагадненьня, паводле якога беларускі малочны экспарт у Расею, акрамя сухога малака, аднаўляецца ў поўным аб’ёме. Адпаведна Беларусь прыпыняе меры па ўзмацненьні мытнага кантролю на мяжы, якія былі прынятыя ў разгар супрацьстаяньня. Пакуль невядомыя ўсе дэталі пагадненьня, што дакладна саступілі бакі. Магчыма такая інфармацыя магла б карэнным чынам зьмяніць ацэнку, хто выйшаў пераможцам з гэтага змаганьня. Але агульнавядомыя факты схіляюць да высновы, што Расея прайграла.

Чаму? Памятаеце з чаго, уласна, усё пачалося? Беларуская прадукцыя не адпавядае новым тэхнічным рэглямэнтам, таму яна ня пойдзе ў Расею, – казаў Генадзь Анішчанка. А зараз, паводле яго, пакуль новыя дазвольныя дакумэнты ня будуць аформленыя, пастаўкі пойдуць па раней выдадзеных дакумэнтах. Дык з чаго ж пачалі вэрхал, калі, як высьветлілася, можна прымаць беларускае малако і па старых паперах? І які зараз сэнс маюць усе расейскія афіцыйныя тлумачэньні наконт сумніўнай якасьці беларускіх малочных прадуктаў? Была сумніўная, а сёньня сумневы дзіўным чынам разьвеяліся, так хіба?

Калі сапраўды магутная дзяржава спачатку моцна размахваецца, а потым сьціпла хавае руку ў кішэню – яе прэстыж ляціць уніз
Нават калі прыняць за чыстую манэту афіцыйнае тлумачэньне чыньнікаў канфлікту, то тут Расея прайграла відавочным чынам.
А калі казаць пра іншыя, магчыма, сапраўдныя чыньнікі, пра рэпутацыю дзяржавы – тым болей. Колькі за апошнія дні мы чулі ад расейскіх і некаторых беларускіх экспэртаў ацэнак, што Расея, нарэшце, вырашыла разабрацца зь Беларусьсю ўсур’ёз, што пакажа сінявокай яе вельмі сьціплае месца, і, кажучы папросту, размажа па сьценцы. Ну і дзе сьценка, па якой Расея нібыта канчаткова вырашыла размазаць Беларусь? Калі сапраўды магутная дзяржава спачатку моцна размахваецца, а потым сьціпла хавае руку ў кішэню – яе прэстыж ляціць уніз.

І яшчэ адзін сюжэт – рашэньне Лукашэнкі ня ехаць у Маскву на саміт АДКБ, адмова падпісаць дамову аб сілах хуткага рэагаваньня АДКБ. І тут, калі памятаеце, быў хор камэнтараў, што ўжо гэтым крокам Лукашэнка сам сябе ў труну паклаў і крышкай накрыўся, ужо за гэта Масква... Кранаць сьвятая сьвятых двухбаковых адносінаў – ваенную складовую, было і сапраўды крокам рызыкоўным. Але вынік: кранулі, выкінулі на стол старшы козыр і Масква адступіла. Можа і не таму, але ў сьвядомасьці людзей – менавіта таму.

Ну а што тычыцца доўгатэрміновых наступстваў, то тут як ў габрэйскім анэкдоце. Ну як вам Хаім? – Ды так сабе. Прыйшоў у госьці, а пасьля срэбраныя лыжачкі зьніклі. Лыжачкі, праўда, потым знайшліся, але асадачак жа застаўся.

Вось менавіта. І з большымі падставамі, чым у анэкдоце. Калі на афіцыйным узроўні гаварылася пра ледзь не падрыўную дзейнасьць Масквы, калі выражалася гатоўнасьць сапраўды зарэзаць “сьвятарных кароваў” беларуска-расейскіх адносінаў – і што зараз, калі канкрэтны малочны канфлікт вырашаны, гэтая словы, гэтыя намеры выпетрацца, забудуцца. Хіба?

У пэўным сэнсе самы гэты крызіс быў формай прыстасаваньня да новай геапалітычнай рэчаіснасьці, калі пэрспэктывы Беларусі не абмяжоўваюцца шашой Менск-Масква. Масква спрабавала вярнуць гэты стан, але ў яе не атрымалася
Варта прыгадаць, што мінулы крызіс студзеня 2007 году меў сваім аддаленым наступствам уступленьне Беларусі ва “Ўсходняе партнэрства”. Можна прагназаваць, што цяперашні крызіс, а дакладней расейская параза ў ім, гэты заходні кірунак Менску яшчэ больш умацуе. У пэўным сэнсе самы гэты крызіс быў формай прыстасаваньня да новай геапалітычнай рэчаіснасьці, калі пэрспэктывы Беларусі не абмяжоўваюцца шашой Менск-Масква. Масква спрабавала вярнуць гэты стан, але ў яе не атрымалася.

На мой погляд, хіба не ключавым момантам у канфлікце стала вельмі своечасовае рашэньне МВФ аб дадатковым крэдыце Беларусі. Крэмль хацеў праверыць, ці будзе Эўропа падтрымліваць свайго новага партнэра. Праверка прайшла выдатна. І менавіта тады Пуцін пачаў казаць, што ня трэба расейскім чыноўнікам лаяць беларускіх калегаў, што мы адна сям’я і г.д. Ага, калі Эўропа паказала, што ў баку не застанецца, то пэўна ж адна.

Добра гэта ці кепска, але трэба канстатаваць, што гэты канфлікт з Расеяй беларуская ўлада выйграла.

Канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй набыў новае, ваенна-палітычнае вымярэньне. Ён пачаўся з рэзкіх характарыстык беларускай эканомікі расейскім міністрам фінансаў Аляксеем Кудрыным і з прытрыманьня Расеяй чарговай траншы абяцанага крэдыту, потым перарос у малочную вайну. І зараз – чарговы віток.

Аляксандар Лукашэнка адмовіўся ехаць на саміт Дамовы аб калектыўнай бясьпецы СНД і пры гэтым Беларусь адмовілася падпісаць пагадненьне аб стварэньні супольных сілаў хуткага рэагаваньні ў межах гэтай ваеннай арганізацыі.

Цяперашні малочны канфлікт – ня першы і магчыма ня самы жорсткі ў двухбаковых адносінах, але ўпершыню Менск наўпрост зьвязвае эканамічнае супрацоўніцтва з ваенным, закранае тую сфэру, якая заставалася недатыкальнай у разгар газавай вайны 2004 году і нафтавай –2007-га. Да таго ж Лукашэнка аддаў загад фактычна аднавіць мытную мяжу з Расеяй ці прынамсі некаторыя яе элемэнты. І гэтага не было ў ранейшых канфліктах. Чаму цяпер канфлікт ахапіў фактычна ўсе сфэры двухбаковага супрацоўніцтва, чаму Лукашэнка, фігуральна кажучы, пачаў рэзаць “сьвяшчэнных кароваў”?

На першы погляд прычына – крытычнасьць сытуацыі, паводле ацэнак экспэртаў замяніць расейскі малочны рынак , па меншай меры ў хуткім часе, для Беларусі наўрад ці магчыма. Але газавы ці нафтавы крызысы былі ня менш, калі ня больш крытычнымі – расейскі газ таксама няма чым замяніць, а безь яго ўстала б ня толькі малочная, а ўся беларуская вытворчасьць.

Я мяркую, што зараз Менск пачаў гуляць усімі козырамі таму, што ў яго зьнешняй палітыкі зьявілася заходняе вымярэньне, зьявілася геапалітычная альтэрнатыва. Прычым, апошняе рашэньне МВФ аб новым крэдыце для Беларусі сьведчыць пра тое, што партнэрства Беларусі з ЭЗ – ня толькі сымбалі і жэсты. Нармалізацыя адносінаў Менску з Эўропай – гэта і прычына канфлікту з Расеяй і тлумачэньне паводзінаў у канфлікце. Калі зараз Менск ня вытрывае, не прымусіць Маскву зьмірыцца з новай геапалітычнай рэальнасьцю, якая склалася пасьля далучэньня Беларусі да партнэрства, ён прайграе ўсё. Таму і выкідаюцца старшыя козыры, таму і рэжуць, ці пагражаюць зарэзаць “сьвяшчэнных кароваў”.

Наколькі ж балючымі для Расеі зьяўляюцца гэтыя крокі афіцыйнага Менску? Гэтыя крокі для Масквы даволі непрыемныя. Паводле статусу АДКБ прынцыповыя, непрацэдурныя рашэньні прымаюцца ў гэтым ваенным саюзе кансэнсусам. Праўда, на Ўсходзе галоўнае ня тэкст, а кантэкст – міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што сілы хуткага рэагаваньня можна стварыць і бяз згоды Беларусі. І сапраўды, 14 чэрвеня пагадненьне было падпісанае іншымі ўдзельнікамі дамовы безь Беларусі.

Але легітымнасьць такога рашэньня будзе ніжэйшай. Іншыя сябры дамовы не гараць жаданьнем пасылаць сваіх салдатаў ваяваць у выпадку чаго на тэрыторыі саюзьнікаў. І яны могуць скарыстаць катэгарычную нязгоду Менску, каб ня ўдзельнічаць у пагадненьні, нават калі яго падпісалі.

Да таго ж, цяперашні крок можна разглядаць як намёк на магчымасьць далейшых крокаў у тым самым накірунку – расейскія базы ў Вілейцы і Ганцавічах, дамова аб супольнай супрацьпаветранай абароне могуць стаць чарговымі ахвярамі цяперашняга канфлікту. Менск абазначыў, што гатовы ісьці калі не да канца, то вельмі далёка. Можа і ня пойдзе. Гэта блеф, вайна нэрваў. А можа і ня блеф. Пытаньне, ці гатовая да такой гульні Масква...

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG