Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

У шчыраваньняў Аляксандра Лукашэнкі, якія ён абрынуў на апазыцыю пры наведваньні “Віцебскдрэву”, загадкавай выглядае перш за ўсё іх несувымернасьць.

Бывалі часы, калі апазыцыя ўсур'ёз пагражала ўладзе Лукашэнкі ці прынамсі кідала ёй моцныя выклікі: галадоўка дэпутатаў у 1995 годзе, каскад сапраўды масавых акцыяў увесну 1996 году, пагроза імпічмэнту ўвосень 1996 году, грамадзянскі чын Плошчы тры гады таму.

Але ніколі тады з вуснаў кіраўніка дзяржавы ня ліўся такі канцэнтраваны паток бруднай лаянкі: “...у іх ці то па п'яні, ці ад нейкай дурноты ўсё гэта палезла праз вушы, празь іншыя месцы, праз усе дзіркі”, “ажно верашчаць у адкрытую, што трэба патрабаваць ад уладаў”, “вось гэта пазыцыя нашай вашывай апазыцыі. Ніякая яна не апазыцыя, гэта пятая калёна. Гэта ворагі беларускага народу”.

А зь якой нагоды ўсё гэта гаварылася? З нагоды дыпляматычнага посьпеху афіцыйнага Менску, з нагоды таго, што эўрапейскія палітыкі, ветліва выслухаўшы аргумэнты Аляксандра Казуліна і Анатоля Лябедзькі, зрабілі насуперак іх рэкамэндацыям і парадам – 16 сакавіка міністры замежных справаў краінаў ЭЗ яшчэ на 9 месяцаў прыпынілі візавыя санкцыі адносна кіраўніка Беларусі і яшчэ 35 вышэйшых беларускіх урадоўцаў. На нешта большае Лукашэнку спадзявацца проста не выпадала.

Зь іншага боку сёньняшняя Беларусь – зусім ня сёньняшні Мадагаскар, масавых забурэньняў не назіраецца, войска на бок апазыцыі не пераходзіць, прэзыдэнцкі палац не захоплівае.

Дык з чаго ж гэткая дзікая вэрбальная агрэсія?

Магчымыя розныя тлумачэньні, у тым ліку і псыхіятрычныя. “І яны хочуць у гэтай краіне прыйсьці да ўлады? Відаць, ужо ня хочуць і не разьлічваюць, а проста зарабляюць грошы на чым папала”, і праз слова - “яны гатовыя прадацца любому, каб толькі скруціць галаву Лукашэнку, ускочыць у крэсла самім і разбамбіць краіну”.

Дык калі маюць намер “ускочыць у крэсла” прэзыдэнта, то, відаць, прыйсьці да ўлады ўсё ж хочуць. Ці ня хочуць? Глыбокая дыялектыка.
Але калі размова ідзе пра палітыка, які трымаецца ва ўладзе ўжо 15-ты год, псыхіятрычныя тлумачэньні лепш адкінуць. І прыгадаць пра яшчэ аднаго, насамрэч сур'ёзнага і небясьпечнага ворага беларускай улады – пра крызіс. Зьнешняя запазычанасьць працягвае расьці, экспарт разам зь беларускім рублём і занятасьцю падае, цэны адпаведна растуць.

Ранейшая мантра “у нас крызісу няма” ужо не працуе, яе магія блякне з кожным днём. І таму з кішэні дастаецца іншая, таксама магічная практыка – мантра пра злога чараўніка, які навёў сурокі. І ў межах гэтай практыкі рэальны ўплыў апазыцыі, рэальная пагроза, якая зыходзіць ад яе для ўлады, ня мае ніякага значэньня. Паехалі ў трыдзявятае царства брусэльскае, нашапталі слова чорнае, страшнае – вось ад таго і бядуе беларус. Гэта казка, варажба. Якой лёгікі можна патрабаваць ад шаманскіх заклінаньняў? А выснова зразумелая – трэба да апошняга трымацца за добрага чараўніка, які адзін можа змагацца з чорнай магіяй злых чараўнікоў.

Не спрацуе? Хто ведае. Калі на грамадзтва насоўваецца нейкая бяда, прычыны якой ніхто, па сутнасьці, не разумее, калі людзі ў роспачы, калі іх сьвет, што здаваўся ўчора такім устойлівым, раптоўна абрынаецца, у сьвядомасьці падымаюцца на паверхню старажытныя, першабытныя пласты. Ratio зьнікае, у свае правы ўступае жахлівая казка. І Лукашэнка гатовы яе распавесьці.

Не, ёсьць і іншае, менш экзатычнае тлумачэньне: мэта – дабіць апазыцыю, якая атрымала чарговую палітычную паразу. А дзеля чаго? Каб паўтарыць трук, разыграны на мінулым тыдні зь візытам эўракамісара Фэрэры-Вальднэр, каб яшчэ раз прынізіць эўрапейцаў і паказаць ім, што ім зь іх уласных абставінаў давядзецца палюбіць Лукашэнку ня проста “чорненькім”, а “вельмі чорненькім”? Дык можна ж і дадэманстравацца, Беларусь – не Азэрбайджан і не Туркмэністан зь іх нафтай і газам. Ці тут перасьцярога, што народ калі ня зараз, то праз пэўны час, усё ж ня вытрымае і вываліць на вуліцы пад сьцягамі апазыцыі? А яна вялікая – менавіта такая пагроза? І аб’ектыўна, і з пункту гледжаньня Лукашэнкі.

Але такое тлумачэньне мае права на існаваньне. Больш таго – тут той выпадак, калі справядлівасьць гіпотэзаў можна будзе праверыць. Калі выступ на “Віцебскдрэве” стане сыгналам да новай маштабнай хвалі рэпрэсіяў, адпаведнай ужываньню тэрміналёгіі часоў сталінскага тэрору – тады справядліва тлумачэньне, паводле якога мэта – дабіць апазыцыю.

Калі ж не, калі і пасьля віцебскіх шчыраваньняў рэпрэсіі будуць ісьці ранейшым роўным фонам, то гэта пацьвердзіць, што на “Віцебскдрэве” адбыўся сэанс палітычнай магіі і што ўладу палохае пэрспэктыва выхаду народу на вуліцу не пад сьцягамі апазыцыі, а пад зусім іншымі сьцягамі ці – што асабліва небясьпечна – зусім безь сьцягоў. І каб гэта прадухіліць і была расказаная казка пра злых чараўнікоў.

Назва гэтай нататкі навеяна вядомым рытарычным пытаньнем Сталіна – “Папа рымскі? А колькі ў яго дывізіяў?” Такі звышрэалістычны падыход мае наўпроставае дачыненьне да цяперашніх спрэчак наконт беларуска-эўрапейскага збліжэньня і месца і ролі ў дыялёгу паміж Менскам і Брусэлем айчыннай апазыцыі. Амаль усе без выключэньня арганізаваныя апазыцыйныя сілы гэтым месцам незадаволеныя. Але наколькі гэтыя крыўды абгрунтаваныя?

Справа ў тым, што пасьля вядомага прыпыненьня эўрапейскіх візавых санкцый зьмяніўся ня толькі, так бы мовіць, ідэалягічны падыход Эўропы да беларускай праблемы, але і падыход тэхналягічны. Раней беларуская ўлада рабіла нешта брыдкае, Захад, і Эўропа ў прыватнасьці, адказвалі на гэта публічным рэзкім асуджэньнем, часам рэакцыя была і больш адчувальнай, скажам, тое ж увядзеньне санкцыяў, у адказ беларускі МЗС прымаў ня менш гнеўныя заявы кшталту таго, што мы не дазволім усякім розным сунуць свой нос у наш гарод і ставіць пад сумнеў выбар беларускага народу. Палітычнае ўзаемадзеяньне, фактычна, адсутнічала – меў месца гэткі гарматны абстрэл гучнымі заявамі з далёкай адлегласьці. У гэтай сытуацыі цалкам натуральна, што заходні бок прыслухоўваўся да парадаў і меркаваньняў беларускай апазыцыі даволі ўважліва: яна ўвасабляла сабой тую альтэрнатыву, за якую Захад змагаўся, да таго ж аргумэнты і меркаваньні людзей, якія жывуць у краіне і абазнаныя ў яе рэаліях, рабілі ідэалягічныя залпы больш пераканаўчымі.

Ня ў тым справа, што Эўропа адмовілася ад сваіх каштоўнасьцяў і прынцыпаў, яна адмовілася ад меркаваньня, што такі гарматны абстрэл з далёкай адлегласьці прывядзе да капітуляцыі беларускай улады.
Але з кастрычніка ці крыху раней пачалося менавіта палітычнае ўзаемадзеяньне. Ня ў тым справа, што Эўропа адмовілася ад сваіх каштоўнасьцяў і прынцыпаў, яна адмовілася ад меркаваньня, што такі гарматны абстрэл з далёкай адлегласьці прывядзе да капітуляцыі беларускай улады. Але палітычнае ўзаемадзеяньне мае свае законы і як толькі яно пачалося, яны ўступілі ў дзеяньне.

Палітычны дыялёг вонкава вельмі падобны на інтэлектуальную дыскусію і таму людзям інтэлектуальнай працы ўласьціва іх блытаць – хто на што вучыўся. Між тым ёсьць маленькае адрозьненьне: палітычнае ўзаемадзеяньне – гэта сутыкненьне ня толькі аргумэнтаў, але і сілаў, якія стаяць за бакамі, якія перамаўляюцца, самая іх прысутнасьць за сталом перамоваў вызначаецца, груба кажучы, тым, якую шкоду яны могуць зрабіць партнэру па перамовах у выпадку няўдачы дыялёгу і якую карысьць – у выпадку посьпеху.

Некалькі год таму вядомы амэрыканскі публіцыст Чарльз Краўтхамэр у артыкуле пра папу Яна Паўла ІІ пераасэнсаваў цытаваную мной фразу Сталіна. Публіцыст прыгадаў першы візыт папы ў яшчэ камуністычную Польшчу, ягоныя словы “Ня бойцеся”, якія громам прагрымелі на ўсё краіну, а празь некалькі гадоў абярнуліся шматмільённай “Салідарнасьцю”. “На пытаньне Сталіна пра дывізіі Ян Павал ІІ мог бы адказаць: “Паболей, чым у цябе” – пісаў Краўтхамэр.
Тую ж думку ў свой час ляпідарна сфармуляваў Карл Маркс : “Ідэі, якія аволодваюць сьвядомасьцю масаў, робяцца матэрыяльнай сілай”.

І сапраўды так. У 1989 годзе лідэры “Салідарнасьці” юрыдычна былі ня болей чым групай грамадзянаў, ніякія законы ці прынцыпы не абавязвалі камуністычных уладароў ПНР сядаць зь імі за стол перамоваў. А чаму ж селі? Ды таму, што ідэі сапраўды на той момант сталі матэрыяльнай сілай, зь якой камуністы ўжо не маглі не лічыцца.
Ну а якая такая матэрыяльная сіла стаіць за сьпіной беларускіх апазыцыянэраў, такая, зь якой улада не магла б не лічыцца?

Тут праўда ёсьць аргумэнт, што сіла можа і ёсьць, і нават велізарная, але палітычныя ўмовы не дазваляюць яе выявіць. Калі б у Беларусі былі свабодныя выбары і апазыцыя атрымала б на іх, скажам, 10-20-30 працэнтаў галасоў, вось гэта і паказала б яе рэальную моц. У дэмакратычных краінах, напрыклад, пры фармаваньні кааліцыйнага ўраду ад удзельнікаў перамоваў не патрабуецца дэманстраваць сваю моц, выводзячы на вуліцу дзесяткі тысячаў сваіх прыхільнікаў ці арганізоўваючы страйкі. Ну дык тое менавіта ў дэмакратычных.

Адсутнасьць у Беларусі свабодных выбараў – гэта неад’емны элемэнт усёй палітычнай сыстэмы, зломам гэтай сыстэмы стане не перамога апазыцыі на свабодных выбарах, а ўжо самая наяўнасьць такіх выбараў
Адсутнасьць у Беларусі свабодных выбараў – гэта неад’емны элемэнт усёй палітычнай сыстэмы, зломам гэтай сыстэмы стане не перамога апазыцыі на свабодных выбарах, а ўжо самая наяўнасьць такіх выбараў. Нармальны электаральны мэханізм вымярэньня палітычнай моцы ў Беларусь зламаны, аднавіць яго можна, толькі разбурыўшы усю існую палітычную сыстэму. Дык і які ж мэханізм вымярэньня застаецца? Ды той самы, паводле якога Валэнса ў 1989 годзе быў сілай незалежна ад таго, наколькі ягоныя меркаваньні і асабістыя якасьці падабаліся камуністычнай уладзе.

Кіраўнікі Эўразьвязу, якія зараз наведваюць Беларусь, між іншым палітыкі і гэтыя правілы палітычнага ўзаемадзеяньня ведаюць вельмі добра. Таму варта вярнуцца да адной дэталі візыту спадара Саляны ў Менск. Перад сустрэчамі з Мартынавым і Лукашэнкам ён паразмаўляў ... а вось зь кім? З публікай, з прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацыяў.

Фарматам сустрэчы ён і запрошаных палітыкаў – Казуліна і Мілінкевіча – “утапіў”, зьвёў на ўзровень адно публікі. Прадстаўнікі публікі могуць выказваць свае пажаданьні і скаргі, якія брусэльскі госьць уважліва выслухаў. Патрабаваць могуць палітыкі, людзі, якія змагаюцца за ўладу і маюць за сьпіной палітычную, гэта значыць, тую самую матэрыяльную сілу, пра якую пісаў Маркс. Але з такімі Саляна напярэдадні сустрэчы з Лукашэнкам не сустракаўся.

Або таму, што не захацеў, або таму, што іх няма.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG