Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

Усе рэвалюцыі 1989 году ва Ўсходняй Эўропе былі мірнымі і бяскроўнымі. Усе, акрамя адной – румынскай. У Румыніі скіданьне дыктатара суправаджалася сапраўднай, хаця і хуткаплыннай, грамадзянскай вайной з морам крыві.


Але яшчэ адно, і вельмі істотнае, адрозьненьне тычылася “мэханізму” румынскай рэвалюцыі. І гэты сцэнар важны для асэнсаваньня таго, што і як можа здарыцца.

У сэнсе менавіта мэханізму рэвалюцыі супрацьлегласьцю скіданьню Чаўшэску быў прыход да ўлады “Салідарнасьці” ў Польшчы. У 1980-м годзе зьявілася выразная, акрэсьленая апазыцыйная сіла, якая вяла змаганьне, якая за 9 гадоў зазнала спады і ўздымы, але ня страчвала сваёй акрэсьленасьці і нарэшце як такая масавая арганізаваная сіла і перамагла.

На піку папулярнасьці чальцом “Салідарнасьці” быў кожны чацьвёрты паляк. У іншых краінах апазыцыя да рэвалюцыі ня мела такой моцы, як “Салідарнасьць”, але ўсё ж існавала і ў момант “Х” рабілася цэнтрам кандэнсацыі, кіраўніком пратэсту, сілай, што вяла палітычнае змаганьне, якое ня зводзіцца да наўпроставага сілавога сутыкненьня. Таму, дарэчы, сутыкненьняў і не было, уладзе, прынамсі памяркоўнаму крылу ў ёй, было з кім дамаўляцца. І невыпадкова ў Польшчы, там, дзе апазыцыйная сіла была найбольш моцная і арганізаваная, пераход адбыўся ці не найбольш гладка – праз знакаміты “круглы стол”.

У Румыніі нічога падобнага не было нават у зародку. А калі ўзьнікала, то бязьлітасна вынішчалася – іншадумцы адпраўляліся ці за мяжу, ці
”Я павінен ісьці зь імі, я ж іх правадыр”.
А. Ледру-Рален
ў турму, ці на той сьвет. У Румыніі не было нічога падобнага ня тое што да “Салідарнасьці”, але нават да чэхаславацкай “Хартыі-77” – суцэльная пустыня. І у выніку сыстэма, фігуральна кажучы, выбухнула ўва ўсіх пунктах. Усе каналы выхаду пары былі абачліва закрытыя. І таму пара выплюхнула паўсюль.

Лякальныя хваляваньні ў правінцыйным горадзе Тымішаара, як лясны пажар, распаўсюдзіліся на ўсю краіну. І хто ж кіраваў гэтым выбухам народнай ярасьці? А ніхто па сутнасьці. Не, кіраўнікі знайшліся, але іх паводзіны дакладна адпавядалі крыху цынічнай формуле аднаго зь лідэраў францускай рэвалюцыі 1848 году Аляксандра Ледру-Ралена, які, убачыўшы рэвалюцыйны натоўп, сказаў сябрам: "Я павінен ісьці зь імі, я ж іх правадыр".

"Намэнклятура" на чале рэвалюцыі

Стыхія несла гэтых правадыроў, а не яны вялі яе. Ну і каго ж вынесла наверх? Зразумела каго. Самых спрытных, самых славалюбівых прадстаўнікоў таго ж самага рэжыму, на які была скіраваная ярасьць масаў. Контраэліта была вынішчаная, таму ў момант рэвалюцыйнага выбуху яна сфармавалася з таго, з чаго змагла сфармавацца – з уладнай эліты.

Дарэчы, ня выключана, што імклівы суд і неадкладны расстрэл дыктатара Чаўшэску тлумачыўся ня столькі маштабамі ягоных злачынстваў (хаця маштаб быў сапраўды бязьмежны), колькі перасьцярогай, што на нармальным судовым працэсе ён распавядзе шмат цікавага аб правадырах рэвалюцыі – сваіх учорашніх паплечніках і падначаленых. Ну а мёртвыя маўчаць.

З досьведу румынскай рэвалюцыі вынікае шмат урокаў. Ня тое, што запаяны з усіх бакоў кацёл абавязкова выбухне, але часам і выбухае. І мала тады нікому не падаецца. І запайшчыкам ці ня ў першую чаргу. Лёс Чаўшэску не спасьціг нікога зь ягоных калегаў – кіраўнікоў іншых камуністычных краінаў.

Зь іншага боку, такі сцэнар пераходу – ці ня самы кепскі з магчымых. Рэвалюцыя, калі надыходзіць яе час, адбываецца так ці інакш, нават без правадыроў і выразнай апазыцыі. А вось тое, што адбываецца потым, адбываецца так ці інакш у залежнасьці ад таго, з чым грамадзтва і яго эліты прыйшлі да рэвалюцыі. Калі з такім скарбам, як у Румыніі, то атрымліваецца ня надта, краіна хаця і ўступіла і ў НАТО, і ў Эўразьвяз, але застаецца ці ня самай праблемнай і беднай краінай рэгіёну. Рэха крывавай рэвалюцыі ня сьціхла дагэтуль.

Сваёй краіне такога лёсу не пажадаеш. Але і ўлада, якая запайвае кацёл, і стыхія, якая можа разарваць яго, наўрад ці палічацца з маімі пажаданьнямі.

20 гадоў таму пачалася рэвалюцыя ў Румыніі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:07 0:00

Экстравагантнасьць прэм’ера Італіі агульнавядомая. У якой ступені яна мела дачыненьне да яго візыту ў Беларусь?

Я мяркую, што гэты візыт – не чарговая скандальная эскапада сыньёра Сыльвіё, а пралічаны ход, узгоднены зь іншымі краінамі-сябрамі Эўразьвязу. Тут менавіта асаблівасьці паводзінаў Бэрлюсконі рабілі яго ўдалым кандыдатам на тое, каб першым з заходніх лідэраў зрабіць візыт у Беларусь. З аднаго боку, кіраўнік адной з ключавых краінаў Зьвязу. З другога, ну такі блазан эўрапейскай палітыкі. Лукашэнку даюць чарговы пернік, але невялічкі і загадкавы.

Напярэдадні сустрэчы Лукашэнка, адказваючы на пытаньне журналіста італьянскай газэты “La Stampa” пра гарантыі ў пляне дэмакратызацыі, якія Беларусь магла б даць Сыльвіё Бэрлюсконі, сказаў: “Ня думаю, што Сыльвіё едзе сюды па нейкія гарантыі дэмакратызацыі. Што да дэмакратыі, мы можам яшчэ зь сім-тым падзяліцца гэтым дарам”.

І сапраўды на пачатку сустрэчы італьянскі госьць закранаў выключна пытаньні эканамічнага супрацоўніцтва. Аднак неабавязкова верыць усяму, што кажа Лукашэнка. Варта прыгадаць фон сустрэчы – у дзень прыезду лідэра эўрапейскай краіны Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні папраўкі ў Выбарчы кодэкс. Італія Бэрлюсконі – магчыма, ня самы лепшы ўзор дэмакратыі, скажам, што да свабоды друку, дык у Італіі яе, зразумела, болей, чым у Беларусі, але шмат хто крытыкуе Бэрлюсконі за манапалізацыю італьянскага мэдыя-рынку. Але я не выключаю, што Бэрлюсконі давядзе да Лукашэнкі супольную пазыцыю Эўразьвязу, у тым ліку і ў сфэры лібэралізацыі.

І наўрад ці мэты візыту прэм’ера Італіі былі выключна прагматычныя – забясьпечыць “зялёнае сьвятло” для італьянскага бізнэсу, пралабіяваць буйныя інвэстыцыйныя праекты блізкіх да яго кампаніяў. Хаця, зразумела, не бяз гэтага: спадар Бэрлюсконі, беручы на сябе няўдзячную ролю першага эўрапейскага лідэра, які наведае Лукашэнку, не забыўся на інтарэсы айчыннага бізнэсу. Аднак я ня выключаю, што гэтая зацікаўленасьць крыху перабольшаная. Эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі з Італіяй вельмі сьціплае: скажам, італьянскія інвэстыцыі за 6 месяцаў гэтага году склалі мізэрную лічбу – менш за 2 мільёны даляраў. Таваразварот уражвае крыху болей: імпарт у Беларусь сёлета – паўмільярда даляраў, беларускі экспарт у Італію – каля 100 мільёнаў даляраў. Зразумела, калі дамовяцца, дык грашовыя патокі могуць імкліва ўзбуйніцца, але звычайна грошы ідуць да грошай.

І таму мне здаецца, што камэрцыйнай зацікаўленасьцю Бэрлюсконі ў Беларусі справа не вычэрпваецца і тэмамі ягонай гутаркі з Лукашэнкам былі і агульныя пытаньні адносінаў Беларусі з Эўразьвязам.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG