Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

Сёньняшняму рашэньню Эўразьвязу зьняць на паўгода візавыя забароны для беларускіх урадоўцаў, у тым ліку і для Аляксандра Лукашэнкі, на першы погляд бракуе лёгікі. Зараз санкцыі здымаюцца з тых, адносна каго яны былі ўведзеныя пасьля рэфэрэндуму 2004 году, ўведзеныя за фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня і грэбаваньне дэмакратычнымі нормамі. Апошнюю выбарчую кампанію наўрад ці можна лічыць удалай працай над памылкамі і трыюмфам дэмакратыі. Пра тое сьведчаць ня толькі вынікі – нуль апазыцыянэраў у парлямэнце, ня толькі абурэньні той самай апазыцыі, але і выснова назіральнікаў АБСЭ пра неадпаведнасьць выбараў дэмакратычным стандартам, і самае сёньняшняе рашэньне Эўразьвязу, паводле якога пад санкцыямі засталася старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына. Калі практыка парушэньняў дэмакратычных нормаў на выбарах захавалася і сёлета, то чаму цярпець за гэта мае адна Ярмошына?

Прыпыненьне санкцый як паварот палітыкі ЭЗ

Кароткі адказ – таму, таму што палітыка Эўразьвязу адносна Беларусі зьмянілася ў прынцыпе. На думку Эўразьвязу, маштабныя санкцыі паказалі сваю неэфэктыўнасьць, да таго ж абмежаваньне на ўезд у Эўропу чыста тэхнічна перашкаджала дыялёгу зь беларускай уладай. А пра што? Ды шмат пра што. Напрыклад пра новую геапалітычную сытуацыю, якая склалася пасьля нядаўняй вайны на Каўказе, і пра новую ролю ў ёй Беларусі. Ці пра прыватызацыю, ва ўдзеле ў якой зацікаўленая Эўропа, і ва ўдзеле Эўропы, у якой зацікаўленыя беларускія ўлады, каб ўраўнаважыць занадта цяжкую хватку расейскіх “братоў”. Пра тое, што новая палітыка нармалізацыі адносінаў ёсьць спроба інакш узьдзейнічаць на беларускую ўладу, а не суцэльнае патураньне ёй, сьведчыць сьпіс асобаў, адносна якіх санкцыі ўсё ж захавалі: гэта прыгаданая старшыня Цэнтарвыбаркаму, а таксама чатыры дзяржаўныя службоўцы, трое зь якіх былыя, якіх падазраюць у датычнасьці да выкраданьня палітычных апанэнтаў рэжыму. А хіба сам кіраўнік дзяржавы не нясе адказнасьць за дзеяньні гэтых сваіх падначаленых? Нясе, зразумела. Але сутнасьць пасланьня Эўропы беларускаму чынавенству палягае ў тым, што адносна вышэйшага палітычнага кіраўніцтва Беларусі дзейнічаюць адпаведна вышэйшыя палітычныя чыньнікі, а вось шараговаму, і нават не шараговаму чыноўніку давядзецца несьці адказнасьць за свае дзеяньні, нават калі гэтыя дзеяньні былі выкананьнем загадаў кіраўніка дзяржавы.

Каштоўнасьці ці інтарэсы?

У гэтым сэнсе шчыраваньні нямецкага пасла Гергарта Вайса наконт таго, што Лукашэнка хацеў правесьці выбары дэмакратычна, а выканаўцы ягонае імкненьне спляжылі, выглядае не наіўнасьцю, а абгрунтаваньнем гэтай новай лініі. Тут можна ўбачыць пэўную аналёгію з рашэньнем амэрыканцаў пасьля перамогі над Японіяй у 1945 годзе не прыцягваць да адказнасьці тагачаснага імпэратара Хірахіта. Грахоў і прамой адказнасьці за агрэсію на ім было багата, але прынялі палітычнае рашэньне. А выканаўцам, у тым ліку і выканаўцам імпэратарскіх загадаў, “укацілі” па поўнай. А трэба думаць, якія загады выконваць – японскім выканаўцам, і сучасным беларускім, дарэчы.

Многія апазыцыйныя палітыкі і наведнікі шматлікіх форумаў тлумачаць дурнаватаму Захаду, што разьлік гэты кепскі і недальнабачны, што Лукашэнка гэтак жа падмане Захад, як гадамі падманваў Расею. Але новая палітыка Эўропы будуецца ня столькі з разьлікам на вядомую ўсім вернасьць беларускага лідэра дадзенаму слову, колькі з разьлікам на ягоныя ўласныя інтарэсы. Зацікаўлены ён сам па сабе прызнаваць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію, апускаючы сваю краіну да іх узроўню? Ды ня надта. Ці зацікаўлены ён ў тым, каб ўраўнаважыць расейскі капітал у беларускай прыватызацыі эўрапейскім? Зацікаўлены. Ёсьць глеба для ўзаемадзеяньня. Ня глеба супольных каштоўнасьцяў, з гэтым сапраўды ня надта, але глеба супольных інтарэсаў.

Рэха вайны на Каўказе

Варта дадаць, што сёньня ж Эўразьвяз скасаваў і візавыя санкцыі адносна кіраўніцтва Ўзбэкістану, уведзеныя пасьля бойні ў Андыжане ў траўні 2005 году. Эўразьвяз тады запатрабаваў міжнароднага расьсьледаваньня, Ташкент адмовіўся, вынікам сталі санкцыі. У адказ Узбэкістан зблізіўся з Масквой, уступіў у Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы, выдаліў са сваёй тэрыторыі амэрыканскія вайсковыя базы, якія забясьпечвалі супольную НАТАўскую апэрацыю ў Афганістане. Ніякіх зьменаў ва ўнутранай палітыцы Ташкенту за гэты час не адбылося. Адносна Ўзбэкістану, як і адносна Беларусі, нейкія пугі ўсё ж захаваныя: з Ташкенту ня зьнятая эмбарга на продаж зброі, з Менску – санкцыі візавыя санкцыі супраць 5 службоўцаў і фінансавыя санкцыі адносна ўсяго сьпісу чыноўнікаў, якія зь сёньняшняга дня сталі ўязнымі ў ЭЗ. Але рашэньні, прынятыя сёньня Эўразьвязам адносна і Беларусі, і Ўзбэкістану, сьведчаць пра зьмену палітыкі адносна ўсёй постсавецкай прасторы. І так выглядае, што ўсё ж галоўным чыньнікам гэтай зьмены стала зьмена геапалітычнага становішча ва ўсім гэтым рэгіёне пасьля вайны на Каўказе.

Па кім звоніць звон?

А спадарыню Ярмошыну шкада, шчыра хацела жанчына пасядзець на парыскіх бульварах з томікам Хэмінгуэя. А так давядзецца пакутаваць, можа, і не зусім за ўласныя грахі. І апазыцыю таксама шкада. Ёй ў кавярні “Флёра” пасядзець не праблема, але зараз, як высьвятляецца, давядзецца шукаць палітычны рэсурс ня там, а ў беларускіх гарадах і вёсках. І апазыцыянэры, і спадарыня Ярмошына могуць зараз задаваць сабе пытаньне – “Чаму?”

Але наконт гэтага ўсё патлумачыў у свой час той самы мудры Хэм, напісаўшы, што “старэюць ня толькі адказы, але і пытаньні”.

Зараз незалежныя выданьні і дэклярацыі палітыкаў поўныя горкімі канстатацыямі наконт таго, як Лукашэнка на выбарах абдурыў наіўны Захад.


Становішча заходніх палітыкаў і дзяржаваў сапраўды дурнаватае, тлумачэньне нямецкага пасла, паводле якога вышэйшая беларуская ўлада на выбарах “хацела, як лепш”, а кепскія выканаўцы зрабілі “як заўсёды”, выклікае шмат пачуцьцяў і ўсе яны ня надта лісьлівыя для спадара Вайса. Супастаўленьне ранейшых заяваў, што далейшыя стасункі з Менскам будуць вызначацца па выніках выбараў, і цяперашнія заявы пра магчымасьць скасаваньня санкцый нагадваюць анэкдот пра зайца, які пагражаў, што калі яму ня вернуць скрадзеную валізку, то будзе як мінулы раз. А як было ў мінулы раз? Ды скралі і не аддалі.

тлумачэньне нямецкага пасла, паводле якога вышэйшая беларуская ўлада на выбарах “хацела, як лепш”, а кепскія выканаўцы зрабілі “як заўсёды”, выклікае шмат пачуцьцяў і ўсе яны ня надта лісьлівыя для спадара Вайса
Горыч ад гэтых карцінак узмацняецца яшчэ і тым, што шэраг палітычных сілаў удзельнічалі ці працягвалі ўдзельнічаць у выбарах у значнай ступені пад уплывам заходніх парадаў. У тых, хто ўдзельнічаў у выбарах да апошняга паводле ўласных разьлікаў, таксама ня сьвята, але тым, хто рабіў гэта, паслухаўшыся Захад, яшчэ горай. А тым, хто заклікаў да байкоту, удвая крыўдна – па-першае, таму, што кампанія, як такая, не атрымалася. Не, яе арганізатары заяўляюць, што як раз атрымалася, але справа ў тым, што Захад гэтую думку не падзяляе і наагул зыходзіць з гэтых чыньнікаў у сваіх рашэньнях не зьбіраецца, і гэта па-другое, і па-галоўнае.

Словам, Захад па-дурному пралічыўся? Ну сёе-тое ў апраўданьне Захаду сказаць можна. Калі цяперашнія пляны нармалізацыі адносінаў з афіцыйным Менскам сапраўды тлумачацца шчырай упэўненасьцю, што выбары 28 верасьня былі крокам да дэмакратыі, разумовыя здольнасьці заходніх палітыкаў заслугоўваюць спачуваньня. Але ня выключана, што гэта проста праблема мовы. Ну не прынята, непаліткарэктна зараз на Захадзе гаварыць на мове нацыянальных інтарэсаў і гэапалітыкі. Але ад гэтага названыя матывы нікуды не зьнікаюць. Імкненьне да нармалізацыі можа быць выклікана матывамі, даволі далёкімі ад таго, ў якой ступені сёлетнія беларускія выбары былі трыюмфам дэмакратыі.

Якімі? Ну напрыклад шчырым адказам на пытаньне – пры захаваньні цяперашніх адносінаў Захаду з Беларусьсю ці будзе ўзмацняцца ў Беларусі ўплыў Расеі? Неяк і лёгіка, і бягучы палітычны і эканамічны досьвед падказваюць станоўчы адказ. І каму ад гэтага добра?

“Але ж і Лукашэнка, відаць, усьведамляе, што для яго гэтае ўзмацненьне залежнасьці ў пэрспэктыве – труна” – заўважыць чытач – “гэта Лукашэнка павінен саступаць Захаду, шукаць у яго падтрымкі, а ня Захад кідацца яму на дапамогу, забываючы пра свае прынцыпы”.

Ну, калі б Лукашэнка гэтай небясьпекі не разумеў, дык ніякіх заляцаньняў да Захаду (якія пачаліся даволі даўно, а сталі відавочнымі пасьля леташняй студзеньскай нафтавай “вайны”) не было б у прынцыпе. Але справа ў тым, што залежнасьць ад Расеі нарастае павольна. І калі Лукашэнка ўсьвядоміць, што для ўратаваньня ад наступстваў гэтай залежнасьці трэба ісьці на любыя саступкі Захаду, можа быць ужо проста позна. І ня толькі для яго, што ня ёсьць вялікай бядой, але і для Беларусі таксама. Позна яшчэ і таму, што невядома, якімі сродкамі і ў якой форме захоча скарыстаць гэтую залежнасьць пасьляваенная Расея. І пра даваенную-та ня надта было вядома, а зараз тым болей.

Але ёсьць яшчэ адзін аргумэнт, чаму Захад ідзе адступае ад жалезабэтонных прынцыпаў, зь якімі так зраднілася айчынная апазыцыя. Гэта аргумэнт тычыцца ўжо выключна ўнутранай сытуацыі , дакладней, шляхоў узьдзеяньня на яе звонку.

Нармалізацыя насамрэч можа быць і зброяй, сродкам падрыву маналітнасьці беларускай уладнай сыстэмы
Нармалізацыя насамрэч можа быць і зброяй, сродкам падрыву маналітнасьці беларускай уладнай сыстэмы. Якім чынам? Праз стварэньне прыватных эўрапейскіх інтарэсаў беларускай уладнай эліты. Варта прыгадаць, што асабовыя санкцыі, ўведзеныя ЗША і Эўразьвязам адносна шматлікіх беларускіх чыноўнікаў, тычыліся ня толькі забароны на ў’езд, але і замарожваньня іх фінансавых актываў, якія ўтрымліваюцца ў заходніх фінансавых інстытутах. Ну і шмат за гэты, даволі працяглы час, “намарозілі”? Ды так выглядае, што ня надта. Падазраю, што наагул нічога. І , магчыма, не таму, што так лоўка схавана, а таму, што няма. Але ці добра гэта?

Сувязі паміж Беларусьсю і Эўропай існуюць і зараз, але тычацца яны ў асноўным макраўзроўню. Продаж нафтапрадуктаў, калійных угнаеньняў і тэкстылю, транзыт газу наўпрост закранаюць прыватныя інтарэсы даволі невялічкага кола ўплывовых у Беларусі людзей. Ну а ўявім сабе, што дзякуючы нармалізацыі кола такіх людзей істотна пашырыцца, калі зьявіцца дастаткова вялікае кола беларусаў, і ў першую чаргу людзей улады, для якіх магчымае пагаршэньне адносінаў з Захадам будзе азначаць зусім канкрэтныя асабістыя матэрыяльныя страты.

Людзі на плошчы са сьцягамі Эўразьвязу, натхнёныя эўрапейскімі каштоўнасьцямі – гэта выдатна. Але людзі ў кабінэтах ўлады, натхнёныя лёсам сваіх грошай у эўрапейскіх банках – магчыма, больш надзейны шлях у Эўропу.

А якія такія грошы будуць ляжаць у гэтых банках? Ну вядома якія, як у анэкдоце – “ну адкуль у народа можа быць столькі грошай?” Вядома, што народныя, дакладней, якія маглі б быць народнымі, але аселі ў кішэнях народных “слуг”. Але тут пытаньне ня ў тым, ці дастануцца яны народу, як казаў незабыўны Міхал Сяргеевіч, “працэс пайшоў” , а ў тым, у якіх банках асядуць. Калі ў расейскіх ці арабскіх – гэта кепска. Калі ў заходніх -- добра.

Але якія ёсьць іншыя варыянты? Шматгадовы ціск, санкцыі – і тысяча чалавек на плошчы. Ну добра, 20 тысяч, як тое было ў сакавіку 2006 году
Зразумела, і такі сцэнар не пазбаўлены рызыкі. Зразумела, што сутнасьць яго – ўзмацненьне залежнасьці беларускай ўладнай эліты ад Эўропы на асабовым узроўні. Але ж пры гэтым будзе ўзнікаць і залежнасьць асобных заходніх людзей ад беларускага рэжыму, і прычым таксама на асабовым узроўні. І гэтыя лябісты зусім не абавязкова будуць клапаціцца пра лёс беларускай дэмакратыі.

Але якія ёсьць іншыя варыянты? Шматгадовы ціск, санкцыі – і тысяча чалавек на плошчы. Ну добра, 20 тысяч, як тое было ў сакавіку 2006 году. А што гэта мяняе ў прынцыпе? Заходнім урадам мала маральных перамогаў і таму яны мяняюць палітыку.

Не, калі б на вуліцах беларускіх гарадоў хваляваліся натоўпы з сотняў тысяч чалавек, калі б масава страйкавалі заводы, калі б намэнклятура толькі і думала пра тое, як перабегчы на бок заўтрашніх пераможцаў – нікому з заходніх прадстаўнікоў і ў галаву не прыйшло б ратаваць беларускага ўладара і шукаць пад дыпляматычным мікраскопам прыкметы “дэмакратычных рухаў да лепшага”.

Але ж няма таго і блізка. Таму і спатрэбілася зьмена палітыкі. І мікраскоп – для сваіх, для сваёй грамадзкай думкі. Насамрэч калі беларускія ўлады надта радуюцца, як яны “кінулі” наіўных заходнікаў, то дарма. Зьмена палітыкі Захаду тлумачыцца разьлікам, такім жа халодным, як і разьлік тых, хто прымае рашэньні ў Беларусі. А хто мае рацыю, хто лепш пралічыў? А гэта пары, пажывем – пабачым.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG