Малочны канфлікт, ад якога адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй абвастрыліся да мяжы, скончаны. Абодва бакі пацьвярджаюць наяўнасьць пагадненьня, паводле якога беларускі малочны экспарт у Расею, акрамя сухога малака, аднаўляецца ў поўным аб’ёме. Адпаведна Беларусь прыпыняе меры па ўзмацненьні мытнага кантролю на мяжы, якія былі прынятыя ў разгар супрацьстаяньня. Пакуль невядомыя ўсе дэталі пагадненьня, што дакладна саступілі бакі. Магчыма такая інфармацыя магла б карэнным чынам зьмяніць ацэнку, хто выйшаў пераможцам з гэтага змаганьня. Але агульнавядомыя факты схіляюць да высновы, што Расея прайграла.