Урад Беларусі знайшоў яшчэ адзін спосаб папаўненьня казны. Ад 1 чэрвеня фізычныя і юрыдычныя асобы, якія маюць ва ўласнасьці нежылыя кватэры, а таксама катэджы плошчай больш за 200 квадратных мэтраў, будуць абавязаныя аплачваць паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ў поўным памеры. Зараз велічыня кампэнсацыі складае толькі 30% ад фактычнага кошту паслугаў. Гэта значыць, што праз тры тыдні тарыфы на тэхнічнае абслугоўваньне і ацяпленьне у многіх беларускіх грамадзянаў падвысяцца ўтрая.