Ня так даўно завяршыліся рэстаўрацыйна-аднаўленчыя працы на заходнім флігелі помніка архітэктуры XVII стагодзьдзя, рэзыдэнцыі знакамітага княскага роду Сапегаў у Ружанах. Цяпер там афармляюць унутраныя памяшканьні пад экспазыцыю, прысьвечаную самым вядомым прадстаўнікам сямейства, некалі вядомага ўсёй Эўропе. Мяркуецца, што ў адноўленых палацавых пакоях будуць выстаўленыя аўтэнтычныя прадметы інтэр’еру. Адмыслоўцы кажуць, што Ружанскі палац — адно з рэдкіх выключэньняў, дзе аднаўленчыя працы вядуцца згодна зь міжнароднымі мэтодыкамі, без самадзейнасьці будаўнікоў, пагібельнай для гістарычных помнікаў.