Юры Дракахруст Кожны, хто хоць калі-небудзь наведваў усходні базар, добра ведае звычкі тамтэйшых гандляроў. Напачатку такі гандляр прапаноўвае абсалютна завоблачную цану, потым, калі пакупнік аказваецца ўпартым, пакрысе зьніжае яе, енчачы, што абкрадае сам сабе і ставіць сваіх малых дзяцей пад пагрозу пакутлівай галоднай сьмерці. Максімуму енк дасягае, калі бакі ўсё ж прыходзяць да згоды. Пасьля таго, як пакупнік сыходзіць з таварам, гандляр усьміхаецца ў вусы – цана, па якой ён прадаў свой тавар, была насамрэч для яго цалкам прымальнай і, як правіла, значна вышэйшай за тую, па якой ён быў гатовы тавар прадаць.