Любоў Лунёва, Менск Кіраўнік сьледчай групы пракуратуры заявіў, што члены ініцыятывы “Трэці шлях” пакуль праходзяць па справе аб абразе Аляксандра Лукашэнкі як сьведкі. Самі хлопцы ня вераць, што іх прыцягуць да судовай адказнасьці. 16 жніўня менская пракуратура распачала крымінальную справу за абразу Аляксандра Лукашэнку. Супрацоўнікі КГБ, якія ўваходзяць у сьледчую групу, зрабілі ператрус на кватэрах сяброў ініцыятывы, забралі больш за дзясятак кампутараў і ўсе носьбіты інфармацыі. Усіх дапыталі наконт аматарскіх мультфільмаў палітычнага зьместу, разьмешчаных у інтэрнэце.