Юрась Бушлякоў, Прага Улады ў Іране распарадзіліся правесьці выбарачны перападлік галасоў, аддадзеных у ходзе першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у мінулую пятніцу. Адпаведнае распараджэньне зьявілася пасьля таго, як некалькі рэфармісцкіх кандыдатаў заявілі, што вынікі галасаваньня былі сфальсыфікаваныя. Адзін з кандыдатаў Мэхдзі Карубі, які, згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, заняў трэцяе месца і тым самым не прабіўся ў другі раўнд выбараў, абвінаваціў вайсковае кіраўніцтва краіны ва ўмяшаньні ў працэс галасаваньня. Свае вінавачаньні Карубі выклаў у адкрытым лісьце на адрас аяталы Алі Хамэнэі. Пракуратура прыпыніла ў панядзелак выхад трох іранскіх газэт, якія апублікавалі ліст Карубі.