Юлія Шарова, Менск Эўрапейскі зьвяз прыняў жорстка сфармуляваную заяву з асуджэньнем, як сказана ў дакумэнце, “дыктатуры” ў Беларусі. Міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі падчас учорашняй сустрэчы ў Люксэмбургу. У заяве сказана, што Эўразьвяз выступіць зь “дзеяньнямі дзеля неадкладнага ажыцьцяўленьня найбліжэйшых і наступных захадаў, каб дапамагчы беларускаму грамадзтву стаць адкрытым”. У заяве таксама гаворыцца, што Эўразьвяз ня можа пагадзіцца з тым, каб краіна, разьмешчаная “на межах Эўропы”, “гібела ў дыктатуры”. Падрабязьней пра плянаваныя Эўразьвязам захады не паведамляецца.