Вячаслаў Ракіцкі, Прага 10 сьнежня – Міжнародны дзень правоў чалавека. 10 сьнежня 1948 году Генэральная Асамблея ААН прыняла Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека і вызначыла гэты дзень як Міжнародны дзень правоў чалавека. У суботу ўва ўсім сьвеце праваабаронцы, палітычныя і грамадзкія дзеячы ладзілі разнастайныя акцыі – маніфэстацыі, пікеты, канфэрэнцыі, прымалі заявы і заклікі ў абарону людзей, чые правы парушаюцца. 10 сьнежня Дзяржаўны дэпартамэнт Злучаных Штатаў выступіў з заявай, у якой Беларусь названая адной з краін, дзе перасьледуюцца змагары за правы чалавека. Раней на гэтым тыдні і група нобэлеўскіх ляўрэатаў зьвярнула ўвагу на парушэньні правоў працоўных у Беларусі.