Ігар Карней, Менск У той час як Міністэрства спорту і турызму складала “чорны сьпіс” фірмаў, якія, на думку экспэртаў, ня здольныя працаваць ва ўмовах прэрагатывы ўязнога турызму, само ведамства трапіла пад увагу рэспубліканскай пракуратуры. Паводле вынікаў праверкі, шэраг чыноўнікаў могуць быць прыцягнутыя да адказнасьці за парушэньне антыкарупцыйнага заканадаўства. Інакш кажучы, асобныя супрацоўнікі падазраюцца ў хабарніцтве ўзамен за лябірваньне інтарэсаў турфірмаў, гульнявых установаў ды цэлых спартовых камандаў. На падставах фактаў такога крымінальнага “супрацоўніцтва” ужо ануляваныя ліцэнзіі дзесяці турыстычных агенцтваў (дадаткова да ліквідаванай сотні самім міністэрствам) і фірмы, якая займаецца гульнявым бізнэсам.