Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея на парозе «бэнзінавай вайны»


Расея пагражае зьменшыць аб’ёмы паставак нафты ў Беларусь у адказ за недапастаўкі беларускага бэнзіну на расейскі рынак. Але экспэрты лічаць, што Масква, хутчэй, блефуе.

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на Міністэрства энэргетыкі РФ, аб’ёмы паставак нафты ў Беларусь будуць скарочаныя ў пяціразовым памеры ў адносінах да недапастаўленых аб’ёмаў беларускага бэнзіну. У студзені пастаўкі беларускага бэнзіну ў Расею практычна спыніліся.

«Пры недапастаўцы аўтамабільных бэнзінаў на велічыню, якая перавышае 10% ад прадугледжанага графікам аб’ёму, расейскі бок мае права зьнізіць у плянаваным квартале аб’ёмы нафтавай сыравіны, якая пастаўляецца ў Рэспубліку Беларусь трубаправодным транспартам, з прымяненьнем у адносінах да вызначэньня аб’ёму нафтавай сыравіны, які зьмяншаецца, памнажальнага каэфіцыенту 5 на аб’ём недапастаўленага аўтамабільнага бэнзіну», — заявілі ў расейскім міністэрстве.

Беларускі бок сьцьвярджае, што пастаўкі бэнзіну ў Расею сёньня эканамічна нявыгадныя.

Для нас пастаўляць сёньня бэнзін у Расею — працаваць глыбока на страту.

«Для нас пастаўляць сёньня бэнзін у Расею — працаваць глыбока на страту», — сказаў 2 лютага намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка.

Пры гэтым ён удакладніў, што, спыняючы пастаўкі, Беларусь дзейнічае ў адпаведнасьці з пагадненьнем аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу. Паводле ягоных слоў, там дакладна агаворана: калі выявіцца, што кошты пастаўкі нафтапрадуктаў у Расею ніжэйшыя за кошты, па якіх можна іх рэалізаваць у Эўропе, беларускі бок мае права не ажыцьцяўляць пастаўкі сабе на страту.

«Сёньня цана сапраўды істотна ніжэйшая, розьніца даходзіць да 100 даляраў за тону», — паведаміў Сямашка.

Экспэрт у нафтагазавай галіне Тацяна Манёнак канстатуе, што сёньня пастаўляць нафтапрадукты ў Расею сапраўды эканамічна нявыгадна — на гэтым рынку даволі нізкія кошты. Хоць пры гэтым Беларусь не адмаўляецца ад паставак цалкам, і калі сытуацыя зьменіцца, то беларускі бок, безумоўна, будзе прадаваць нафтапрадукты на расейскім рынку.

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак

«Я хачу падкрэсьліць, што ў сытуацыі, калі быццам створаны Эўразійскі эканамічны саюз і Адзіная эканамічная прастора, прымушаць аднаго з гульцоў пастаўляць нафтапрадукты — гэта нейкі нонсэнс. Калі будзе іншая каньюнктура, то, безумоўна, Беларусь будзе пастаўляць нафтапрадукты. Але ставіць пытаньне рубам, што Беларусь павінна пастаўляць, нават калі гэта немэтазгодна, — гэта ў сёньняшняй сытуацыі проста несур’ёзна.

Калі расейскім кампаніям нявыгадна пастаўляць нафту, дык яны гэтага і ня робяць. Напрыклад, паводле ранейшых пагадненьняў, расейскія кампаніі на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах могуць перапрацоўваць каля 50% усёй нафты. А па выніках мінулага году яны перапрацавалі толькі 13%, бо гэта эканамічна немэтазгодна. Працуюць менавіта такія законы і ніякія іншыя», — сказала Тацяна Манёнак у інтэрвію Свабодзе.

Жаданьне беларускага боку прадаваць нафтапрадукты па вышэйшых коштах Манёнак лічыць цалкам натуральным і абгрунтаваным. Тым больш што Беларусь і так нясе страты з-за падзеньня коштаў на сусьветных рынках (яны зьнізіліся дзесьці на траціну).

«Беларусь страчвае ад гэтай неспрыяльнай каньюнктуры. У гэтай сытуацыі, вядома ж, экспартэры шукаюць магчымасьць максымальна эфэктыўна прадаць сваё паліва», — дадае экспэрт.

Манёнак сумняецца, што цяперашні канфлікт чымсьці сур’ёзным пагражае Беларусі.

Я ня думаю, што гэтыя расейскія пагрозы выльюцца ў тое, што могуць быць зьніжаныя пастаўкі нафты ў Беларусь.

«Я ня думаю, што гэтыя расейскія пагрозы выльюцца ў тое, што могуць быць зьніжаныя пастаўкі нафты ў Беларусь. У любым выпадку ёсьць дамовы аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу, і там у пратаколе было запісана, што пачынаючы з 2016 году Беларусь можа закупіць у Расеі 24 мільёны тон нафты. Хоць у кантэксьце Эўразійскага саюзу квоты, якія сёньня існуюць па пастаўках нафты, — гэта таксама нонсэнс. Любы назіральнік спытае: чаму гэтыя квоты вызначаныя ў саюзе? Няхай яны купляюць нафту столькі, колькі патрэбна!» — сказала яна.

Манёнак наагул ня лічыць цяперашнія спрэчкі наконт паставак беларускага бэнзіну ў Расею сур’ёзным канфліктам. Яна мяркуе, што бакі ўсё ж знойдуць паразуменьне. Тым больш што ў мінулым годзе назіралася аналягічная сытуацыя.

«У мінулым годзе, калі стала зусім эканамічна немэтазгодна пастаўляць, Беларусь прыпыніла пастаўкі бэнзіну. Тады таксама расейскае Міністэрства энэргетыкі скардзілася, абяцала, што да беларускага боку будуць прымацца меры. Гэтая спрэчка тады прымусіла сесьці за стол перамоваў: меркавалася распрацаваць такую спэцыяльную мэтодыку, якая б дазволіла зразумець, ці сапраўды беларускі бок мае такія вялікія страты, як 100 даляраў на тону, пры пастаўках у Расею. Але ж я ведаю, што такая мэтодыка да сёньняшняга часу так і не была прынятая», — кажа Тацяна Манёнак.

Манёнак таксама зьвяртае ўвагу, што дэфіцыту бэнзіну ў Расеі няма, таму пытаньне наконт паставак беларускага бэнзіну далёка не жыцьцёва важнае.

«Трэба разумець, што на пачатку году ў Расеі заўсёды зьніжаецца попыт на паліва. Расейскае Міністэрства энэргетыкі мяркуе сёньня мець нейкія запасы на той момант, калі павысіцца попыт, а гэта звычайна адбываецца ўвесну, калі пачынаецца пасяўная. Таму для Расеі гэта больш страхоўка», — тлумачыць яна.

Акрамя таго, Манёнак не выключае, што расейскія пагрозы — нішто іншае, як жаданьне Масквы атрымаць козыр на перамовах па пытаньнях цэнаўтварэньня на нафту і газ, якія пачаліся яшчэ напрыканцы мінулага году і дагэтуль не завершаныя. Беларускі бок лічыць, што ёсьць падставы для зьніжэньня коштаў на газ прыкладна на 10 даляраў, а на нафту — прыкладна на 5–6 даляраў.

Цяперашняя формула цэнаўтварэньня была вызначаная 4 гады таму, калі зусім іншыя кошты на нафту былі на сусьветным рынку. Цяпер кошты зьнізіліся, і старыя паказчыкі, якія закладзеныя ў формулу, ужо не адпавядаюць рэчаіснасьці.

«Цяперашняя формула цэнаўтварэньня была вызначаная 4 гады таму, калі зусім іншыя кошты на нафту былі на сусьветным рынку. Цяпер кошты зьнізіліся, і старыя паказчыкі, якія закладзеныя ў формулу, ужо не адпавядаюць рэчаіснасьці. Дый якасьць расейскай нафты таксама не адпавядае сучасным патрабаваньням. Я так разумею, што, пэдалюючы тэму невыкананьня Беларусьсю абавязкаў наконт паставак нафтапрадуктаў на расейскі рынак, яны хочуць такім чынам паказаць, што Расея і так ідзе на саступкі, таму ў Беларусі няма падстаў разьлічваць на дадатковыя прэфэрэнцыі», — кажа яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG