<B>Моладзевых актывістаў затрымліваюць і караюць арыштамі</B>

Любоў Лунёва, Менск У раённых судах Менску пакаралі арыштамі больш за дзясятак затрыманых учора актывістаў моладзевага руху. Большасьць з пакараных — сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Міліцыянты затрымліваюць юнакоў і дзяўчат каля пад’ездаў іх дамоў, на вуліцах і ў падземных пераходах. Каго абвінавачваюць у распаўсюджваньні ўлётак, каго — у дробным хуліганстве.
У судзе Фрунзенскага раёну Менску сабраліся паплечнікі й сваякі Паўла Севярынца і Аляксея Шэіна, а таксама прадстаўнікі АБСЭ і лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Спэцназаўцы доўга не пускалі людзей у судовую залю, куды прывялі Паўла Севярынца. Прысутным давялося зьвяртацца да старшыні суду.

Павал Севярынец на судзе расказаў, што яго разам з Аляксеем Шэіным затрымалі ў падземным пераходзе двое міліцыянтаў у цывільным.

Яны прадставіліся спэцыялістамі з аддзелу кватэрных крадзяжоў і папрасілі паказаць ім зьмесьціва заплечнікаў. Там былі запрашэньні прыйсьці на плошчу Незалежнасьці, каб сустрэцца з дэпутатамі Вярхоўнага Савету, якія прымалі Дэклярацыю аб сувэрэнітэце.

У міліцыі на Шэіна й Севярынца склалі пратаколы за распаўсюд улётак з заклікам удзельнічаць у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Нягледзячы на супярэчлівыя паказаньні міліцыянатў-сьведак і заявы Паўла, што яны хлусяць, судзьдзя ў пастанове ўказала, што давярае менавіта міліцыянтам. Судзьдзя абрала максымальны тэрмін пакараньня — 15 сутак арышту.

Павал Севярынец у судовай залі пракамэнтаваў гэтую сытуацыю “Свабодзе”:

“Cуд, як заўсёды, хуткі і няправы. Хутчэй за ўсё, гэта зроблена, каб сарваць нашу сустрэчу з эўрапейскімі амбасадарамі, дзе гаворка павінна была ісьці пра кампанію ў абарону свабоды сумленьня і пра беларускую хрысьціянскую дэмакратыю, а таксама пра перасьлед маладафронтаўцаў.

Арышты і маладафронтаўцаў, і нас з Аляксеем Шэіным ёсьць пацьверджаньнем таго, што ўлады баяцца адзначэньня Дня дзяржаўнай незалежнасьці 27 ліпеня”.

Амаль адначасова судзілі Аляксея Шэіна. Яго таксама арыштавалі на 15 сутак.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску на 10 сутак арыштавалі Валянціна Сакалоўскага. Ягоная маці прынесла ў суд даведку пра тое, што яе сын мае цяжкае хранічнае захворваньне, але гэта не паўплывала на судзьдзю.

Гаворыць Ірына Сакалоўская:

“Хвароба, якая ўказаная ў даведцы, ніяк ня лечыцца, і гэты стан здароўя па жыцьці. Але судзьдзі гэта было ўсё роўна. Усё падман і хлусьня... Я абураная. Ніякага правасудзьдзя няма”.

Аляксандра Чарнышова арыштавалі на 15 сутак. Хлопец прыехаў днямі з Польшчы на вакацыі да бацькоў. Учора ўвечары яго выклікалі ў міліцыю. Там яго чакаў супрацоўнік КДБ, які павёў Аляксандра на размову ў КДБ Цэнтральнага раёну. Сьледчы цікавіўся праграмай Каліноўскага.

Калі Аляксандар вяртаўся, каля пад’езду яго спынілі міліцыянты, пасадзілі ў машыну і адвезьлі ў міліцыю. Там яго абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы.

Юры Вольфсан скончыў трэці курс маскоўскага ўнівэрсытэту Дружбы народаў. Ён прыехаў у Менск з бабуляй па справах.

Гаворыць Юры Вольфсан:

“Затрымалі за расклейку налепак: “Скажы Лукашэнку — не!”. Тут ёсьць два аспэкты. Першы, той, які ідзе таемна, зьвязаны з КДБ, і другі — адкрыты, які ідзе ў суд”.

Чатыры гады таму ў Беларусі зьнік бацька Юрыя Вольфсана, які ўзначальваў фірму “Белфорд”. Юрыя затрымалі ўчора менавіта на тым месцы, дзе невядомыя скралі ягонага бацьку. Ён прызнаў у судзе, што быў у шоку і ўжыў моцныя выразы. Юр’я арыштавалі на 7 сутак.

У судзе Цэнтральнага раёну судзяць Аляксея Бондара. У судзе Савецкага раёну Менску знаходзяцца двое дзяўчат, якіх затрымалі з налепкамі. А ў міліцыі Партызанскага раёну знаходзяцца Аляксей Шыдлоўскі й Павал Бараноўскі. Калі суд скончыць працу, то ўсіх затрыманых адвязуць у турму на вуліцу Акрэсьціна, а заўтра прывязуць у суд.

У будынку суду Цэнтральнага раёну

Сьведкі

Аляксандар Чарнышоў

Юры Вольфсан