Жыхары Хойнікаў і Нароўлі скардзяцца на кепскае здароўе

Радыё Свабода Многія жыхары пацярпелых ад Чарнобыля раёнаў Беларусі пагаршэньне стану свайго здароўя найперш зьвязваюць з радыяцыяй.
Вёска Дзяржынск месьціцца на паўднёвай ускраіне Нараўлянскага раёну. Ад яе рукой падаць да Чарнобыльскай атамнай станцыі. Калісьці ў вёсцы пражывала каля трох соцень чалавек, сёньня – сем дзесяткаў. Джаміля Львінская, якая загадвае тут поштай, пра здароўе дзяржынцаў выказалася наступным чынам:

“Якое здароўе тут?! Што ў дзяцей, што ў дарослых, што ў пэнсіянэраў... Няма здароўя ні ў каго. Кожны чалавек чымсьці хворы. Ад падвышанага ціску і старыя, і малыя – усе пакутуюць. Я лічу, гэта ненармальна”.

Паводле спадарыні Львінскай, дзяржынцы зьвязваюць кепскі стан свайго здароўя з узьдзеяньнем радыяцыі, якая асела тут пасьля Чарнобыля.

Вёска Хракавічы належыць да Брагінскага раёну, але таксама непадалёк ад Чарнобыльскай АЭС. Сьвятлане Залужнай у момант аварыі было 17 гадоў. Цяпер – 38. Пытаюся, як адбіўся Чарнобыль на здароўі?

“Уплывае. Бо я вельмі захварэла. На дадзены момант у мяне анкалёгія. Я думаю, што гэта зьвязана з Чарнобылем. Шчытападобная залоза амаль ва ўсіх. Якія-небудзь адхіленьні ёсьць ва ўсіх. У мяне, напрыклад. Дзеці слабыя. Галовы баляць, кроў з носу ідзе шмат у каго. Таксама, калі ў школе на “лінейцы” стаяць, дык няма ніводнай “лінейкі”, каб нейкае дзіця ня страціла прытомнасьць”.

Хойніцкі раён таксама ўваходзіць у лік найбольш пацярпелых ад чарнобыльскага выбуху. У раённы шпіталь рэгулярна зьвяртаюцца жыхары забруджаных паселішчаў. Ці зьвязаныя іх захворваньні з нэгатыўным узьдзеяньнем радыяцыі? Намесьнік галоўнага лекара Малгажата Яваш:

“Гэта вельмі складанае пытаньне. У нас за апошнія 20 гадоў вельмі шмат што зьмянілася. І чалавек знаходзіцца пад узьдзеяньнем розных фактараў, а ня толькі Чарнобыля. Я толькі магу сказаць тое, што цягам апошніх дваццаці гадоў нейкай асобай дынамікі ў той ці іншы бок я не бачу. Выразна адсачыць статыстыку складана”.

Жыхары Хойніцкага раёну маюць больш пэўныя меркаваньні. Спадарыня Валянціна працуе тут у Палескім радыяцыйным запаведніку і перакананая: хваробы тутэйшых людзей найперш ад радыяцыі:

“Гэта ясьней яснага. Я адпрацавала 12 гадоў у запаведніку. Дык у мяне ўсё баліць. Я пра сябе сёньня кажу, што інвалід без пасьведчаньня. Раз засталіся тут жыць, то трэба дзяцей карміць. Каму мы сёньня патрэбныя?”