Алег Грузьдзіловіч, Менск Хто не дазволіў Мікалаю Статкевічу наведаць бацьку на Вялікдзень? Кацярына Садоўская паведамляе пра праблемы з мэдыкамэнтамі ў гомельскай жаночай калёніі. Які працоўны дзень лідэра Маладога фронту Зьмітра Дашкевіча ў калёніі? Аляксандру Казуліну яшчэ месяц дазволілі дыетычнае харчаваньне.
Статкевіч: “Як я зразумеў, ініцыятыва забароны сыходзіць зь мясцовага КДБ, які робіць запыт ва ўправу КДБ па Менску і Менскай вобласьці, а адтуль звычайна паступае адмова. Мне стала вядома, што пазыцыя КДБ паўстае на тым, каб мяне нікуды да канца тэрміну не выпускаць”.
“Уся турма толькі айчыннымі лекамі лечыцца”
Чарговы ліст прыйшоў дамоў ад Кацярыны Садоўскай, якая адбывае пакараньне ў Гомельскай жаночай калёніі. Праваабаронца піша, што ў калёнію прывезьлі новую групу асуджаных жанчын, і зараз некаторыя вязьні сьпяць у калідоры, бо месцаў у пакоях не хапае. Сярод асуджаных шмат жанчын сталага веку, у тым ліку старэйшыя за 70 гадоў, якія фізычна ня могуць забрацца на другі ярус ложкаў, дзе атрымалі месцы. Ёсьць і іншыя праблемы – у тым ліку з мэдыкамэнтамі замежнай вытворчасьці.
“Піша, што не хапае лекаў. Інсулін ёй замянілі на лекі айчыннай вытворчасьці, і нешта ў яе захварэлі ногі. Уся турма толькі айчыннымі лекамі лечыцца, замежных лекаў не даюць зусім”.
Працоўны дзень Зьмітра Дашкевіча– 10 гадзін
Мінулым разам мы паведамлялі пра новыя праблемы ў лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча: яго перавялі на цяжкую фізычную працу, абмяжоўваюць ягоныя кантакты з іншымі вязьнямі. З апошняга ліста Зьмітра дамоў сталі вядомы некаторыя падрабязнасьці. Маці палітвязьня Вольга Васільеўна цытуе ліст сына адносна ягонага распарадку дня.
“Колькі ж цягнецца працоўны дзень у майго сына на лесапільным участку?”, – задае пытаньне бацька вязьня Вячаслаў Дашкевіч. Паводле ягоных падлікаў, ня меней за 10 гадзін.
Актывіст Маладога Фронту Артур Фінькевіч атрымаў невялікае паслабленьне ў рэжыме: юнаку дазволілі вяртацца з працы не цягам 15 хвілін, як было раней, а на паўгадзіны болей. Гэта дае магчымасьць вырашаць некаторыя бытавыя праблемы: набываць харчы, лекі, тавары быту.
“Выхад з такой працяглай галадоўкі мінімум можа працягвацца да лета”
“Варта згадаць, што яшчэ напачатку мэдыкі папярэджвалі, што выхад з такой працяглай галадоўкі мінімум можа працягвацца да лета, прычым на волі, а ён жа не на волі, не ў санаторыі, а ў калёніі. Таму цяжка прадказаць, што будзе далей, але варта зазначыць, што пакуль пазытыўных зьменаў няма”.