Сыстэма рэзэрваваньня гатэляў booking.com выдаліла са сваёй базы гатэлі „Мінск“ і „Плянэта“, якія падпалі пад санкцыі, уведзеныя ў сувязі зь міграцыйным крызісам.
У пошуку booking.com цяпер немагчыма знайсьці гатэлі „Мінск“ і „Плянэта“.
Пры наборы ў пошукавай сыстэме Google слоў „Планета“ „Minsk“ і „booking.com“ зьяўляецца тэкст, што гатэль „мае 2095 рэальных водгукаў“ і спасылка, аднак пры спробе зайсьці па гэтай спасылцы на сайт booking.com зьяўляецца запіс „Старонка ня знойдзена. Здараецца і такое. Паспрабуем вам дапамагчы“».
«Плянэта» і «Мінск» уключаныя ў пяты пакет санкцый Эўразьвязу, і фінансавыя стасункі зь імі могуць мець наступствы для міжнародных кампаній. Пасьля гэтага Booking.com выдаліў гатэлі са сваёй базы.
- Пяты пакет санкцый ЭЗ уведзены ў дачыненьні да асобаў і арганізацый, зьвязаных са стварэньнем міграцыйнага крызісу на межах Беларусі з ЭЗ.
- Эўразьвяз абвінавачвае беларускія ўлады ў тым, што тыя падахвочваюць тысячы мігрантаў прыяжджаць у Беларусь, а затым падштурхоўваюць іх перасекчы мяжу Польшчы і іншых суседніх дзяржаў ЭЗ у адказ на санкцыі, уведзеныя супраць афіцыйнага Менску.