Пракуратура Расеі спыніла справу супраць беларускага праграміста, які апублікаваў запісы з катаваньнямі ў турмах

Інфарматар Gulagu.net, былы зьняволены Сяргей Савельеў

Пракуратура Расеі спыніла крымінальную справу ў дачыненьні да беларускага праграміста Сяргея Савельева, які перадаў праваабаронцам архіў з запісамі катаваньняў у турэмным шпіталі і ў калёніях у Расеі.

Копію пастановы апублікаваў тэлеграм-канал «Асьцярожна, навіны».

Савельеў абвінавачваўся ў незаконным атрыманьні доступу да інфармацыі, якая ахоўваецца законам. У пастанове, падпісанай намесьнікам пракурора Саратаўскай вобласьці Андрэем Карнаваравым, сказана, што крымінальная справа ўзбуджана заўчасна, а абставіны магчымага злачынства ня высьветленыя.

Савельеў быў завочна арыштаваны і абвешчаны ў вышук. Пракуратура патрабуе адмяніць арышт. Сьцьвярджаецца, што ён ужо выдалены з базы вышуку. Сам праграміст знаходзіцца ў Францыі. Ён папрасіў ва ўладаў краіны палітычнага прытулку.

Таксама сёньня стала вядома, што 18 супрацоўнікаў саратаўскага ўпраўленьня Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў звольненыя пасьля публікацыі відэазапісаў з катаваньнямі зьняволеных у абласным турэмным шпіталі. 11 прыцягнутыя да «строгай дысцыплінарнай адказнасьці». Пра гэта паведаміў выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўленьня ФСВП Антон Яфаркін, яго словы прыводзіць Інтэрфакс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Gulagu.net апублікаваў новыя відэа згвалтаваньняў і катаваньняў вязьняў у саратаўскім турэмным шпіталі

Заснавальнік праваабарончага праекту Gulagu.net Уладзімір Асечкін апублікаваў на Youtube-канале праекту новыя відэадоказы згвалтаваньняў зьняволеных у саратаўскім турэмным сухотным шпіталі.

Як сьцьвярджае Асечкін, у актах згвалтаваньняў удзельнічалі людзі, афіцыйна працаўладкаваныя ў шпіталь санітарамі і заўгасамі, а курыравалі іх начальства абласнога УФСІН, начальнік аддзелу «М» рэгіянальнага ўпраўленьня ФСБ і адзін з намесьнікаў дырэктара ФСВП Расеі. У апісаньні да відэа праваабаронца прыводзіць іх прозьвішчы. Усяго ў сьпісе 13 чалавек.

Па словах Асечкіна, відэа са згвалтаваньнямі перадавалі кіраўніцтву сухотнага шпіталя, пасьля чаго файлы з грыфам «сакрэтна» перапраўлялі ў ФСВП і ФСБ са справаздачай аб праведзеным «спэцыяльным мерапрыемстве». Пасьля гэтага апэратыўнікі ФСВП і ФСБ альбо вэрбавалі ахвяр катаваньняў і выкарыстоўвалі іх у якасьці агентаў, альбо, у выпадку адмовы, дыскрэдытавалі іх у асяродзьдзі зьняволеных, абвяшчаючы пра факт згвалтаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё высылаў зь Менску». Інтэрвію зь беларусам, які перадаў відэа пра катаваньні ў расейскіх турмах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ звыш 400 вязьняў саратаўскай калёніі паведамілі аб катаваньнях, біцьці і вымаганьнях, — адвакат