У Грузіі занепакоеныя, што «сакрэтная» дамова зь Менскам дазволіць экстрадыцыю палітуцекачоў у Беларусь

Хація Дэканаідзэ

У Грузіі ў нядзелю адна зь лідэраў партыі Міхаіла Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух Грузіі» Хація Дэканаідзэ заявіла журналістам, што нядаўна ўступіла ў сілу «сакрэтнае» пагадненьне «Аб супрацоўніцтве паміж Камітэтам дзяржбясьпекі рэспублікі Беларусь і Службай дзяржаўнай бясьпекі Грузіі».

Дэканаідзэ, якая займала ў мінулым пасаду кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, спаслалася на інфармацыю ад афіцыйных крыніц у Менску.

Згаданы ёю дакумэнт прадугледжвае супрацоўніцтва па лініі спэцслужбаў у забесьпячэньні дзяржаўнай бясьпекі дзьвюх краін. У тым ліку, нароўні з барацьбой супраць кібэрзлачыннасьці, распаўсюджваньнем зброі масавага паражэньня, тэрарызму і карупцыі, пагадненьне прадугледжвае аказаньне апэратыўнага, тэхнічнага і іншага садзейнічаньня ў спыненьні злачынстваў супраць канстытуцыйнага ладу, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці.

Хація Дэканаідзэ і іншыя грузінскія апазыцыянэры перакананыя ў тым, што «ганебная», па іх словах, дамоўленасьць закліканая ўцягнуць Грузію ў рэпрэсіі, якія ажыцьцяўляюцца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі супраць сваіх апанэнтаў як у самой Беларусі, так і ў іншых краінах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карэспандэнт тэлеканалу «Настоящее время» зьехаў зь Беларусі

Лідэр партыі «Дроа» («Час, нарэшце!») Элене Хаштарыя абвінаваціла грузінскія ўлады ў «легітымацыі страшнага і незаконнага рэжыму Лукашэнкі», які, па словах Хаштарыі, ня толькі «адказны за катаваньні і забойствы апазыцыянэраў» у самой Беларусі, але згаданым пагадненьнем ужо «пагражае жыцьцю беларускіх апазыцыянэраў, якія шукаюць прытулку ў Грузіі».

Праваабаронца і сузаснавальніца грузінскай арганізацыі «Сапар» Байя Патару заклікала СБГ устрымацца ад перадачы Менску інфармацыі аб палітычных уцекачых зь Беларусі.

«У Грузіі знаходзіцца вялікая колькасьць беларусаў, у якіх амаль няма магчымасьцяў паехаць у іншую краіну. Грузія павінна быць бясьпечнай для палітычных уцекачоў і праваабаронцаў з Беларусі», — сказала яна ў камэнтары тэлеканалу «Мтавары».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да затрыманай у Менску незалежнай экспэрткі ў галіне дзяржкіраваньня Тацяны Кузінай пусьцілі адваката

Карэспандэнт Радыё Свабода Георгі Кабаладзе адзначае, што пагадненьне было падпісанае ў Менску, яшчэ ў 2016 годзе, але ўступіла ў сілу толькі 1 жніўня сёлета. Дырэктар дэпартамэнту прэсы і інфармацыі СДБ Грузіі Нуца Абашыдзэ паведаміла ў інтэрвію журналісту Радыё Свабода, што дакумэнт з грузінскага боку падпісаў тагачасны кіраўнік Службы Вахтанг Гамэлауры, які займае цяпер пасаду міністра ўнутраных спраў. «Пагадненьне ўступіла ў сілу толькі праз пяць гадоў, паколькі ўвесь гэты час праходзіла ўнутрыдзяржаўныя працэдуры», — патлумачыла афіцыйны прадстаўнік СДБ. Яна адпрэчыла абвінавачваньні апазыцыі аб магчымай экстрадыцыі ў Менск беларускіх апазыцыянэраў, якія жывуць у Грузіі адзначыўшы, што такія формы супрацоўніцтва «дамоўленасьцю не прадугледжаныя».

Тым часам, абнародаваньне інфармацыі аб уступленьні ў сілу пагадненьня паміж СДБ Грузіі і КДБ Беларусі выклікала вострую рэакцыю сярод эўрапейскіх палітыкаў. У прыватнасьці, дэпутат Эўрапарлямэнту Віёла Фон Краман назвала тое, што адбылося «небясьпечным выпадкам» і публічна задалася пытаньнем: «Чаму грузінскія ўлады імплемэнтуюць пагадненьне пяцігадовай даўнасьці ў момант, калі ўвесь сьвет спыніў супрацоўніцтва зь Беларусьсю?».

Абвінавачваньні ў сур’ёзных парушэньнях правоў чалавека афіцыйны Менск адкідае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 1000 у Польшчы, 218 у Літве. Дзе беларусы просяць прытулку
  • Грузія і Беларусь усталявалі дыпляматычныя дачыненьні ў 1994 годзе. Адносіны паміж дзьвюма краінамі сталі імкліва разьвівацца пасьля 2015 году, калі Аляксандар Лукашэнка ўпершыню наведаў Тбілісі з афіцыйным візытам. Амбасада Грузіі функцыянуе ў Менску з 2008 году. У сьнежні 2016 году адкрылася амбасада Беларусі ў Тбілісі.
  • Паміж краінамі дзейнічае бязьвізавы рэжым, з Батумі і Тбілісі Менск зьвязваюць прамыя авіярэйсы. Паводле дадзеных грузінскай Нацыянальнай адміністрацыі турызму, толькі ў ліпені сёлета зь Беларусі прыехала каля 10 тысяч турыстаў.