У Расеі папярэдне прынялі законапраект, які уводзіць крымінальную адказнасьць за параўнаньне СССР і нацысцкай Нямеччыны

Дзяржаўная дума Расеі 16 сакавіка прыняла ў другім чытаньні законапраекты аб адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці за абразу вэтэранаў Другой сусьветнай вайны, прыраўноўваньне СССР да нацысцкай Нямеччыны і адмаўленьне рашэньняў Нюрнбэрскага трыбуналу.

Максымальны тэрмін пазбаўленьня волі за гэтыя парушэньні будзе складаць да пяці гадоў у калёніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская Дума прыняла закон аб дзяржаўным кантролі за асьветай

Законапраекты прыраўноўваюць абразу вэтэранаў або паклёп супраць іх да рэабілітацыі нацызму. Дакумэнт быў прапанаваны дэпутаткай Ірынай Яравой на фоне судовага працэсу супраць апазыцыянэра Аляксея Навальнага. Той абвінавачваўся ў паклёпе супраць актора, які зьняўся ў рэклямным відэа дзяржаўнага каналу RT і аказаўся вэтэранам Другой сусьветнай вайны.

Паводле падліку Міністэрства працы Расеі, жывых вэтэранаў-франтавікоў у краіне ў 2019 годзе было каля 75 тысяч. Асобаў, якія маюць статус вэтэранаў, хоць яны і не ваявалі, значна больш.