У Чачэрску бацька пабітага вучня адмовіўся ад прэтэнзій, бо дзеці настаўніцы зьбіраюцца стаць міліцыянтамі

Школа № 2 у Чачэрску

Міліцыя Чачэрску не завяла крымінальную справу супраць настаўніцы, якая ўдарыла вучня аб парту. Бацька заявіў, што на сям’ю «ніхто ня ціснуў», а ягоны сын дагэтуль мае праблемы са здароўем.

У Чачэрску завяршылася праверка ў дачыненьні да настаўніцы, якая ўдарыла на ўроку школьніка, пасьля чаго той трапіў у шпіталь. У міліцыі прызналі, што ў дзеяньнях настаўніцы «ўгледжваецца склад дзеяньня, якое крымінальна караецца», як прадугледжана артыкулам 153 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Аднак з агаворкай — гэты артыкул адносіцца да спраў «прыватна-публічнага абвінавачваньня», піша Tut.by.

У такіх выпадках крымінальную справу заводзяць толькі па заяве асобы, якая пацярпела ад злачынства. А бацька школьніка адмовіўся ад прэтэнзій да настаўніцы, пра гэта сказаў афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкаму Віталь Прыстромаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Настаўніца ў Чачэрску адмаўляе, што стукнула галавой аб парту вучня, які трапіў у шпіталь

Бацька пацярпелага хлопчыка сказаў, што на сям’ю ніхто ня ціснуў, але стала «шкада чалавека».

«У яе дзеці зьбіраюцца ў міліцыю ісьці, могуць быць праблемы — не хачу ламаць ім лёс. Дый сама яна раскаялася і прасіла прабачэньня».

Ён расказаў, што наступствы траўмы сын адчувае дасюль: у хлопца часта баліць галава, давялося на паўгода разьвітацца са спортам. Дзіця назіраецца ў нэўрапатоляга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Баранавічах судзяць настаўніка фізкультуры, які выцяў вучня. Пракурор просіць пакараць «хатняй хіміяй»

Што адбылося

18 студзеня пасьля ўрокаў вучань 6-й клясы чачэрскай школы апынуўся ў шпіталі. У дзіцяці дыягнаставалі ўдар ілба і чэрапна-мазгавую траўму.

Як высьветлілася, на ўроку паміж школьнікам і настаўніцай беларускай мовы і літаратуры адбыўся канфлікт. Хлопец сышоў дадому, і там родныя заўважылі, што зь ім нешта ня тое. Хлопчык расказаў бабулі, што ў клясе ўсе шумелі і ў нейкі момант настаўніца ўзяла яго за шыю і ўдарыла аб парту галавой.

У шпіталі хлопец правёў тыдзень.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад сьмерці «на бульбе» да ўдару аб парту. Чым заканчваліся скандалы ў адукацыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінус 11 школаў і адзін унівэрсытэт. Што зьмянілася ў адукацыі за год. У лічбах