Праект новай рэдакцыі Крымінальнага кодэксу перадалі ў адміністрацыю Лукашэнкі

Акцыя пратэсту ў Менску 4 кастрычніка 2020 году

У красавіку канчатковы варыянт рэдакцый Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў плянуе разглядаць Палата прадстаўнікоў. Дакумэнты могуць прыняць у двух чытаньнях.

Праект новай рэдакцыі Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі перадалі на разгляд у адміністрацыю Лукашэнкі, паведаміла намесьніца міністра юстыцыі Натальля Філіпава ў праграме «Галоўны этэр» на тэлеканале «Беларусь-1», піша БелаПАН.

Намесьніца кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс паведаміла, што частку працы над дакумэнтам «ведамства ўзяло на сябе», каб праекты Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў пасьпець прадставіць на разгляд і каб не было «лішняй затрымкі».

Філіпава лічыць, што новая рэдакцыя, якую могуць прыняць у двух чытаньнях, не накіравана на лібэралізацыю альбо на ўзмацненьне крымінальнай адказнасьці. Агулам карэкцыю прайшлі каля 70 санкцый кодэксаў. У многіх выпадках уводзіцца альтэрнатыўны від пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі, удасканальваецца паняцьце «перавышэньне неабходнай абароны», у новай рэдакцыі выклалі главу «Кампутарныя злачынствы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады зьбіраюцца крыміналізаваць паўторны ўдзел у пратэсьце

Акрамя таго, у новай рэдакцыі Крымінальнага кодэксу, якую прапануюць прыняць Палаце прадстаўнікоў, закранулі «пытаньні, зьвязаныя з дадатковай абаронай грамадзкага парадку і бясьпекі», у прыватнасьці зьявіліся некалькі новых складаў злачынстваў, зьвязаных з парушэньнем заканадаўства аб СМІ.

Закон «Аб абароне пэрсанальных дадзеных» рыхтавалі 2 гады, а цяпер перадалі на разгляд у Палату прадстаўнікоў.

Раней на адмысловым пасяджэньні з удзелам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ігара Сергеенкі заявілі, што ў новых законах таксама ўзмоцняць ролю пракуратуры. Генпракурор, ягоныя намесьнікі, пракуроры абласьцей і Менску змогуць выносіць прадпісаньні, якія будуць абавязаны выканаць органы крымінальнага перасьледу.

Як паведамлялася раней, крымінальную адказнасьць плянуюць увесьці за неаднаразовае парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура хоча ўвесьці крымінальную адказнасьць за «любое спрыяньне» «экстрэмізму» і распаўсюд «экстрэмісцкай сымболікі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сыход Лукашэнкі па «маскоўскіх правілах» і пратэставая хваля, ператвораная ў падземны паток, які выйдзе вонкі ў любы момант