«Пікетаваў з дапамогай БЧБ-карціны „Барсук“». Чарговы прысуд на 15 сутак

Ілюстрацыйнае фота

Намесьніка дырэктара менскага бару «Барсук» Мікалая Пекара арыштавалі на 15 сутак, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Супрацоўнікі крымінальнай міліцыі затрымалі Пекара 19 лютага на працоўным месцы ў менскім бары «Барсук». На яго склалі пратакол паводле артыкула 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу за тое, што «пікетаваў з дапамогай БЧБ-карціны «Барсук», налепкі «Псіхо3%» і чахла на тэлефоне з Пагоняй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маім прэзыдэнтам быў Лукашэнка». Што гавораць людзі, якія зьмянілі сваю пазыцыю пасьля лета-2020

Працэс над Мікалаем Пекарам адбыўся 22 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску. Сваёй віны мужчына на судзе не прызнаў і сказаў, што асабіста ён карціны не вывешваў. На судзе стала вядома, што ў пратаколе сьведкам быў беспрацоўны «Дзятлаў», але адвакат заўважыў, што ён жа і супрацоўнік крымінальнай міліцыі, які затрымліваў бармэна, і асоба, якая вяла адміністрацыйны працэс і складала рапарт.

Нягледзячы на тое, што ў Мікалая Пекара на ўтрыманьні двухмесячнае дзіця, судзьдзя Вольга Няборская асудзіла яго на 15 сутак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хай аддасьць сьцяг!» Жыхарку Гомля асудзілі на трэція запар 15 дзён арышту