ПАРТРЭТ КАРАТКЕВІЧА, ПРАПАНАВАНЫ АРШАНСКАМУ МУЗЭЮ, НАБЫЛА ПРЫВАТНАЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦА

Браніслава Станкевіч, Ворша

Гарадзкі аддзел культуры не знайшоў бюджэтных грашовых сродкаў на набыцьцё ўнікальнага экспанату, і абвешчаны музэем збор сродкаў таксама ня даў плёну: на адмысловы рахунак, надрукаваны ў газэце, сродкі так і не паступілі.

Магчымасьцю набыць партрэт Уладзімера Караткевіча скарысталася прыватная прадпрымальніца з Барані Галіна Пузікава. У ейнай прыватнай калекцыі твораў мастацтва гэтая карціна стала першай, і пакуль што спадарыня Галіна ня мае адносна яе ніякіх камэрцыйных плянаў: партрэт пісьменьніка зь ейнага дазволу спачатку экспанаваўся ў гарадзкой бібліятэцы, а цяпер знаходзіцца ў грамадзкім музэі сярэдняй школы №3, якая носіць імя Караткевіча.