ПРАДСТАЎНІКІ КААЛІЦЫІ “5+” СУСТРЭЛІСЯ З ЖЫХАРАМІ БЕЛААЗЁРСКА НА ГАНКУ ГАРВЫКАНКАМУ

Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Пра свой намер сустрэцца з выбарцамі дэпутаты Белаазёрскага гарсавету, якія ёсьць сябрамі БНФ, своечасова папярэдзілі мясцовую вэртыкаль.

Кіраўніцтва выканаўчай улады гораду адхіліла прапанову ладзіць такую сустрэчу ў палацы культуры, аднак ніяк не адрэагавала на іншы вырыянт – каб сустрэча адбылася ўласна ў памяшканьні гарвыканкаму. Таму ў вызначаны час белаазёрскія выбарцы прыйшлі менавіта да будынку, дзе працуюць чыноўнікі вэртыкалі.

У госьці да мясцовых жыхароў зь Менску сёньня прыехалі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч, намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і Сяргей Вазьняк ад партыі камуністаў беларускай.

Аднак адпаведнае памяшканьне было зачыненае, а старшыня гарвыканкаму Віктар Дамброўскі заявіў, што нічога ня ведае, пра сустрэчу з выбарцамі. Пазьней спадар Дамброўскі наўпрост зьвязаў сваю адмову прадставіць памяшканьне з візытам у Белаазёрск прадстаўнікоў кааліцыі “Пяцёрка+”.

У выніку сустрэча з жыхарамі гораду адбылася на ганку гарвыканкаму. На пытаньне, чаму мясцовыя ўлады напалоханыя такімі сустрэчамі дэпутат Белаазёрскага гарсавету Юрась Губарэвіч распавёў:

(Губарэвіч: ) “На нашыя пытаньні вэртыкаль адказвае, што Белаазёрск знаходзіцца пад пільным надзорам з боку абласной і нават менскай улады. Таму ўсялякія нашыя дзеяньні будуць спыняцца і ніякага супрацоўніцтва з намі яны ня бачаць”.

Спадар Губарэвіч таксама нагадаў, што сёлета гэта ўжо трэці выпадак, калі мясцовая вэртыкаль перашкаджае дэпутатам гарсавету ладзіць сустрэчу са сваімі выбарцамі.