ЦІ ПАВІНЕН ДЗЕНЬ ВОЛІ 25 САКАВІКА АДЗНАЧАЦЦА Ў БЕЛАРУСІ ЯК ДЗЯРЖАЎНАЕ СЬВЯТА?

Ганна Соусь. Менск

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, ці павінен Дзень Волі 25 сакавіка адзначацца ў Беларусі як дзяржаўнае сьвята?”

(Спадар: ) “Канечне. Дзень Волі — гэта ўсё ж сьвята ўсіх беларусаў, павінна быць дзяржаўным сьвятам, бо гэта сьвята народу”.

(Спадарыня: ) “Напэўна, трэба адзначаць”.

(Спадар: ) “На маю думку, усе сьвяты прызначае Вярхоўны Савет. Як ён вырашыць, так і будзе”.

(Спадар: ) “25 сакавіка… Ня памятаю гісторыі”.

(Спадарыня: ) “Абавязкова трэба сьвяткаваць”.

(Спадарыня: ) “Гэта дзень свабоды, таму трэба. Беларусы ж вызваліліся, гэта сьвята Беларусі”.

(Спадар: ) “Думаю, так. Гэта ж сьвята народу, таму й павінен сьвяткавацца”.

(Спадарыня: ) “А я ня ведаю, што гэта за дзень”.

(Спадарыня: ) “Хутчэй за ўсё павінен, бо гэта Рэспубліка Беларусь”.

(Спадар: ) “Дзень Волі… А што гэта за сьвята?”

(Карэспандэнтка: ) “Дзень абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі”.

(Спадар: ) “Канчшне. Чаму не? Мы ж незалежная дзяржава. Думаю, што варта. Свабода волі. У чалавека ж павінна быць свабода слова, свабода выбару. Калі шчыра, то ў нас гэта ня вельмі заўважна”.

(Спадар: ) “На маю думку, яго ніколі не адзначалі як дзяржаўнае сьвята. А павінен ці не? Думаю, што не, таму што няма волі. Няма чаго адзначаць”.

(Спадар: ) “Гэта Дзень Волі? У нас такі ёсьць? Што ён значыць?”

(Спадарыня: ) “Павінен абавязкова. Бо гэта гонар нацыі — адзначаць гэты дзень, не забываць”.

(Спадар: ) “Я думаю, што такое сьвята Беларусі патрэбнае, бо Беларусь — вольная краіна”.

(Спадар: ) “Абавязкова патрэбна. Калі гэтак ня будзе, то нам будзе вельмі дрэнна”.

(Спадар: ) “Я ня думаю, што наша краіна гатовая адзначаць гэтае сьвята як дзяржаўнае. Я ня думаю, што ўлады будуць за тое, каб гэта сьвята стала дзяржаўным у нашай краіне. Але калі шмат людзей будзе ведаць пра гэтае сьвята, то, магчыма, яны пераканаюць улады, і штосьці зьменіцца”.

(Спадар: ) “Дзень Волі? Я ня ведаю, што гэта за сьвята”.

(Спадар: ) “Вядома, павінен адзначацца. Гэта дзяржаўнае сьвята, вельмі важны дзень. Гэтае сьвята нават болей за дзень незалежнасьці. Кожны беларус павінен ведаць, зь якімі гістарычнымі падзеямі зьвязаны гэты дзень”.