ЦІ ВАРТА БЫЛО СКАСОЎВАЦЬ ПОЛАЦКУЮ ВОБЛАСЬЦЬ?

Вінцэсь Мудроў, Полацак

(Палачанка: ) “Калі гэта рабілася ў 1954 годзе, дык трэба было падумаць… Сёньня, можа, і ня варта рабіць нейкіх зрухаў, але як па тым часе, дык, безумоўна, вобласьці нашай Полацкай шкада, бо Полацак — гэта асоба, гэта фігура, гэта вялікі горад, гэта вялікая нашая спадчына. Хай бы была і вобласьць”.

(Палачанін: ) “Ліквідацыя Полацкай вобласьці — гэта працяг царскай традыцыі зьнішчэньня беларускага народу. Полацак для беларусаў, як мы ўсе ведаем, гэта калыска духовасьці. Нават і сёньня, празь пяцьдзясят гадоў, улады ня ставяць за мэту аднаўленьня Полацкай вобласьці, адмену той заганнай, памылковай, а магчыма й адмысловай акупацыйнай, каляніяльнай палітыкі Расеі”.

(Палачанка: ) “Што тычыцца ўзбуйненьня абласьцей, дык я думаю, тут нічога карыснага і нічога кепскага не зрабілі. Папросту зьменшылі кадравы аппарат, але, як мне здаецца, усе чыноўнікі засталіся на сваіх месцах”.

(Палачанін: ) “Полацкую вобласьць зьліквідавалі, а Маладэчанскую пакінулі. А хто важней для Беларусі? Гэта было зроблена, каб прынізіць гістарычную значнасьць гораду Полацку й гісторыі ўсёй Беларусі”.

(Палачанін: ) “Пра тое, што сёньня такая гадавіна, я ня ведаў, але наагул пра тое, што Полацкая вобласьць існавала, мне вядома. І я асабіста шкадую, што гэтую адміністратыўную адзінку скасавалі. Таму што значэньне Полацку зь ліквідацыяй вобласьці было прыніжанае. І мне незразумела, чаму менавіта Віцебск стаў абласным цэнтрам, а ня Полацак. І, лічу, дзеля аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці трэба Полацкую вобласьць аднавіць”.

(Палачанін: ) “Я лічу сябе карэнным палачанінам, бо зь пяці гадоў жыву ў Полацку. І калі Полацак па вайне стаў цэнтрам вобласьці, мы ганарыліся гэтым, да таго ж улада была блізка да нас. І, з другога боку, Полацак заслугоўваў гэтага, бо гэта ня Пінск, не Мазыр. Я не хачу пакрыўдзіць гэтых гарадоў, але ўсё ж гістарычнасьць гораду Полацку варта была той увагі, якую яму калісьці надалі”.

Дадамо ў якасьці постскрыптуму, што ад часу акупацыі беларускіх земляў Расейскай імпэрыяй у другой палове 18 стагодзьдзя статус старажытнай крыўскай сталіцы быў штучна прыніжаны, і горад заставаўся павятовым цэнтрам. Тое ж самае, як бачым, адбывалася і за савецкім часам. Дзівіцца таму не даводзіцца, калі згадаць, што Полацак — гэта ня проста старажытнае места, але й сымбаль беларускай незалежнасьці.