ПАЛЯКІ СПРАБУЮЦЬ НАВУЧЫЦЬ БЕЛАРУСАЎ МЯСЦОВАМУ САМАКІРАВАНЬНЮ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Польская фундацыя рынкавых трансфармацыяў “Ведаць як” супрацоўнічае зь беларускімі навуковымі ўстановамі ўжо два гады. За гэты час фундацыя наладзіла шэраг сэмінараў і спатканьняў са спэцыялістамі з Польшчы, якія дзяліліся зь беларусамі польскім досьведам, сярод іншага, рэформаў смакіраваньня, пэнсійнай сыстэмы і сыстэмы аховы здароў’я.

Цікава, што ў часе супрацоўніцтва палякі не навязваюць беларусам сваю тэматыку, а робяць спатканьні выключна на тэмы, замоўленыя беларускім бокам.

Паводле словаў прадстаўніка фундацыі рынкавых трансфармацыяў спадарыні Алены Прусінскай, у Беларусі шмат маладых і здольных людзей, якія хочуць пераменаў у сваёй краіне.

(Прусінская: ) “Аднак мы нікога ні на што не намаўляем, а толькі паказваем усе “за” і “супраць” рэформаў. Беларусы мусяць самі зрабіць выбар,” – адзначыла спадарыня Прусінская.

Варта спадзявацца, што паўтысячы кніжак у справе трансфармацыі да рынкавай эканомікі ды дэмакратызацыі самаўраду, перададзеныя напярэдадні ў беларускую Акадэмію навук, у нейкай ступені паспрыяюць таму, што беларусы зробяць свой выбар на карысьць цывілізаванага грамадзтва з моцнай рынкавай эканомікай.