Падобна, што Закон аб выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў, прыняты ў сьнежні летась пад ціскам прэзыдэнцкай адміністрацыі, сёньня заганяе ў пастку саміх распрацоўшчыкаў закону, асабліва пры неабходнасьці выкананьня імі 50%-най нормы яўкі выбаршчыкаў. Учора Цэнтральная Выбарчая Камісія зрабіла генэральную праверку гатовасьці тэрытарыяльных выбарчых камісіяў да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, якія адбудуцца 4 красавіка. На некаторых менскіх выбарчых участках пабывала сама старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына і ў асноўным засталася задаволеная іхнай працай, ацаніўшы яе «на чацьверку». Адзінае, што цяпер турбуе Ярмошыну, паводле ейных словаў — гэта пасіўнасьць насельніцтва. Яна патлумачыла карані такой зьявы тым, што насельніцтва ня бачыць у саветах рэальнай улады. Але тут жа выказала спадзяваньне, што яно ўсё ж такі прыйдзе на выбарчыя ўчасткі і выбары адбудуцца. Сёньня ЦВК па сутнасьці апынулася ў той пастцы, у якую яна сама сябе штурхнула. Менавіта Ярмошына, спасылаючыся на асабістае пажаданьне Аляксандра Лукашэнкі, літаральна выкручвала рукі дэпутатам «палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу», дамагаючыся, каб у Закон аб выбарах была закладзеная 50%-ная норма яўкі выбаршчыкаў — маўляў, сапраўды легітымнай можа быць толькі тая ўлада, якую падтрымвае большасьць. Дзеля спрэчак вакол гэтага пункту законапраект тройчы адкладаўся, і ў рэшце рэшт быў знойдзены кампраміс — у першым туры павінна быць 50%-ная яўка, у другім — 25%-ная. На што спадзяваліся дэпутаты, здаючыся перад напорам прэзыдэнцкай адміністрацыі і ЦВК? Як сказаў у інтэрвію для Радыё Свабода намесьнік старшыні «камісіі па дзяржаўнаму будаўніцтву і мясцоваму самакіраваньню» «палаты прадстаўнікоў» Мікалай Лазавік — на прэзыдэнта, які выступіць і заклікае народ прыйсьці на выбары, і яго паслухаюць. Але Лукашэнка тэму мясцовых выбараў абыходзіць маўчаньнем. Нават нядаўна пабываўшы ў паводкавых раёнах, гаварыў пра што заўгодна — ад Югаславіі да прэзыдэнцкіх выбараў, абвешчаных камісіяй Ганчара — а пра мясцовыя не згадаў. Праўда, днямі тэме мясцовых выбараў прысьвяціў асобную прэсавую канфэрэнцыю начальнік прававога ўпраўленьня прэзыдэнтавай адміністрацыі Аляксандар Пласкавіцкі. У адрозьненьне ад Ярмошынай ён выказаў упэўненасьць, што на выбарчыя ўчасткі прыйдзе ня менш за 70-80% насельніцтва — зусім як у савецкі час загадзя прадбачыцца вынік выбараў. Дарэчы, ад заўтрашняга дня, 30 сакавіка, пачынаецца датэрміновае галасаваньне, і паколькі назіральнікаў няма, дык пры жаданьні можна атрымаць любы вынік, які пажадаеш, нават 100%-на прагаласаваць да дня выбараў, асабліва ў павадкавых раёнах, жыхарам якіх сёньня яўна не да выбараў. Што да назіральнікаў на выбарчых участках непасрэдна ў дзень выбараў, дык іх прыблізна ў 30 раёнаў плянуюць накіраваць Усебеларускі Клюб Выбаршчыкаў і па 1-2 на розныя ўчасткі — абедзьве камуністычныя партыі і Лібэральна-Дэмакратычная. Татальнага, шчыльнага назіраньня хутчэй за ўсё не адбудзецца. Яшчэ больш сьціплы ўдзел у якасьці назіральнікаў між народных арганізацыяў. На сёньняшні дзень яго пацьвердзілі супрацоўнікі кансультацыйна-маніторынгавай групы АБСЭ ў Менску, супрацоўніца прадстаўніцтва ААН у Беларусі ў справах сувязяў з грамадзкасьцю Эльза Хорстэд, расейскае пасольства ў Беларусі. Адзінай міжнароднай арганізацыяй з-за межаў краіны, якая паабяцала даслаць сваіх назіральнікаў сталася Асацыяцыя Арганізатараў Выбараў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, што месьціцца ў Будапэшце.