Скончыўся візыт у Беларусь прадстаўніцы Бюро ў справах дэмакратыі,
правоў чалавека й працы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША доктара Патрыцыі Дэвіс.
Мэтай ейнага візіту было знаёмства з сытуацыяй у сфэры правоў чалавека.
Бюро, у якім працуе спадарыня Дэвіс, высьвятляе, як выконваецца вонкавая
палітыка ЗША ў галіне правоў чалавека ва ўсім сьвеце. Сытуацыя адсочваецца
амаль ва ўсіх краінах. Да таго ж менавіта Бюро займаецца распрацоўкаю справаздачы
ў правох чалавека ў розных краінах. Справаздача па Беларусі была прэзэнтаваная
ў Менску на пачатку тыдня, пра што ўжо паведамляла нашае радыё.
Сама Патрыцыя Дэвіс працуе з рэгіёнам Эўропы й былога Савецкага Саюзу.
У інтэрвію спадарыня Дэвіс зазначыла, што сытуацыя ў галіне правоў чалавека
ў Беларусі горшая, чым у бальшыні краінаў рэгіёну. У той час, калі ў іншых
дзяржавах Усходняй Эўропы відавочны значны прагрэс на шляху да дэмакратыі
й правоў чалавека, у Беларусі аніякага прагрэсу не назіраецца.
Дзяржаўны дэпартамэнт сур’ёзна занепакоены сытуацыяй у Беларусі, і гэта
было вельмі яскрава адлюстравана ў справаздачы ў правох чалавека за мінулы
год. Паводле меркаваньня спадарыні Дэвіс, палепшыць сытуацыю магчыма, але
дзеля гэтага не хапае палітычнае волі.
Пад час візыту ў Менск Патрыцыя Дэвіс правяла перамовы ў Міністэрстве
замежных справаў, а таксама сустрэлася з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў,
заканадаўчых ініцыятываў, незалежнае прэсы і прафэсійных саюзаў.
Дарэчы, супрацоўнікі МЗС вельмі цікавіліся тым, чаму Злучаныя Штаты
займаюцца праблемамі правоў чалавека ў Беларусі. Да таго ж, супрацоўнікі
міністэрства хочуць, каб прадстаўнікі ўраду мелі магчымасьць абмяркоўваць
справаздачу ў правох чалавека пад час яе падрыхтоўкі. Але справа ў тым,
што Дзяржаўны дэпартамэнт рыхтуе дакумэнт на базе канкрэтных фактаў, якія
зьбіраюцца пры дапамозе разнастайных грамадзкіх арганізацыяў і шляхам размоваў
з простымі людзьмі.
Ганна Навумовіч, Менск