Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масон, паўстанец, археоляг: у Менску прэзэнтуюць кнігу ўспамінаў Зыгмунта Мінейкі


Вокладка кнігі, фрагмэнт
Вокладка кнігі, фрагмэнт

У менскім Доме Ваньковічаў (вул. Інтэрнацыянальная, 33А) а 18-й гадзіне 9 лістапада пройдзе прэзэнтацыя кнігі ўспамінаў Зыгмунта Мінейкі «З тайгі пад Акропаль. Успаміны з 1848–1866 гадоў» у перакладзе з польскай на беларускую мову Марыны Запартыкі.

Уваход вольны. Весьці прэзэнтацыю будзе паэт Андрэй Хадановіч, музычнае суправаджэньне дасьць трыа «Вытокі».

***

Народжаны ў 1840 годзе ў Балванішках Віленскай губэрні (цяпер Зялёны Бор Гарадзенскай вобласьці), Зыгмунт Мінейка вучыўся ў вайсковай акадэміі ў Пецярбурзе, а па вяртаньні ў Беларусь далучыўся да актыўнага вызваленчага руху. Пазьней быў вымушаны зьехаць у Італію, дзе ў 1861 годзе пачаў выкладаць правілы фартыфікацыі.

Але з пачаткам паўстаньня 1863 году вярнуўся на радзіму, браў удзел у бітве пад Граховішкамі, арганізаваў партызанскі атрад, стаў ваенным начальнікам Ашмянскага павету. У баі ля Расолішкаў 3 чэрвеня быў разьбіты расейскімі войскамі, арыштаваны і асуджаны да павешаньня, але выкуплены матуляй за 9000 рублёў – павешаньне замянілі на катаргу ў Сыбіры.

Па дарозе на катаргу выдаў сябе за памерлага сябра, застаўся ў Томску як вольны пасяленец, зарабіў грошай і ўцёк у Заходнюю Эўропу – спачатку жыў у Галяндыі, затым у Францыі. У Парыжы сустрэўся з імпэратарам Напалеонам ІІІ, расказаў пра францускіх удзельнікаў паўстаньня, якія былі на катарзе ў Сыбіры – Напалеон ІІІ на сустрэчы з расейскім імпэратарам Аляксандрам ІІ дамогся іхнага вызваленьня.

Мінейка пазьней будаваў масты і чыгунку ў Баўгарыі, Турэччыне і Грэцыі, удзельнічаў у франка-прускай вайне, змагаўся на баку Парыскай Камуны. Урэшце заняўся архэалёгіяй у Грэцыі, дзе знайшоў храм Зэўса ў Дадоне, склаў этналягічную мапу Эпіру, будаваў алімпійскія аб’екты, быў спартовым карэспандэнтам польскіх выданьняў і чыноўнікам у Міністэрстве публічных працаў Грэцыі і кіраўніком інжынэрнага адзьдзелу грэчаскай арміі, удзельнічаў у грэка-турэцкіх войнах. У 1910 годзе атрымаў званьне ганаровага грамадзяніна Грэцыі.

У 1921 і 1922 гадах наведваў Беларусь. Памёр у 1925 годзе ў Атэнах. На пахаваньні прысутнічала шмат масонаў – ён быў актыўным масонскім дзеячом у ложах у Францыі, Італіі і Грэцыі. Яго ўспаміны былі апублікаваныя ў 1971 годзе на польскай мове пад назвай «Z tajgi pod Akropol: Wspomnienia z lat 1848-1868».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG