Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паглядзеў фільм Стоўна пра Ўкраіну і тлумачу, чаму вам ня варта гэтага рабіць


Я доўга прымушаў сябе паглядзець гэты дакумэнтальны фільм. Пагроза крымінальнай адказнасьці за яго паказ у Кіеве і страляніна з гранатамёта, каб сарваць прэм’еру, моцна мяне схілялі, але я трымаўся. Усё зьмянілася пасьля навіны, што да стварэньня стужкі датычныя беларусы.

​Аўтары фільма «Ў барацьбе за Ўкраіну» заваявалі маю ўвагу на першай хвіліне, калі Олівэр Стоўн прамовіў фразу «Я нічога ня ведаў пра Ўкраіну, пакуль не пагутарыў з Пуціным». Пазьней, праўда, з увагай было ўсё горш і горш.

Тое, што гэты фільм — твор Олівэра Стоўна, не да канца праўда. Ён выступае ў ім як прадусар і галоўны герой, разам з Уладзімірам Пуціным і ягоным кумам Віктарам Медзьведчуком (лідэрам украінскай «Апазыцыйнай плятформы «За жыцьцё!»). Рэжысэр фільма і аўтар сцэнару — Ігар Лапацёнак, украінец, які жыве ў ЗША і называе сябе «беларусам па матчынай лініі». Прыклаў руку да стужкі і яшчэ адзін беларус унук беларускай акторкі, народнай артысткі Галіны Макаравай Ягор Клімовіч быў адным з рэжысэраў мантажу. Я прасіў Ягора даць мне інтэрвію, але ён не адказаў.

Фільм беларусаў і Олівэра Стоўна — гэта спроба высьветліць прычыны палітычнага крызысу ва Ўкраіне. Я б падзяліў яго пасланьне на тры часткі: чаму Ўкраіна недадзяржава, чаму расстрэлы на Майдане былі правакацыяй «хунты» і як Украіна ўплывала на выбары ў ЗША і «тапіла» Трампа.

Усё было выдатна, пакуль не прыйшлі «аранжавыя»

Майдан у Кіеве, 2004 год
Майдан у Кіеве, 2004 год

​Першая частка, пра «Ўкраіну-нададзяржаву», была самай цікавай. А пасьля я пачаў пазяхаць і пацягнуўся па тэлефон, каб праверыць навіны і стужку на «Фэйсбуку». Не таму, што ў канфлікце паміж Расеяй і Ўкраінай я разумею, хто агрэсар і хто ахвяра, а аўтары мяне намагаюцца пераканаць у іншым. Аўтары, па-мойму, проста перахімічылі. І гэта не датычыць мантажу, за яго наш зямляк Клімовіч можа не саромецца.

«У барацьбе за Ўкраіну» — гэта найперш фільм для заходняй аўдыторыі. Але фармулёўкі, якія выкарыстоўваюць у ім аўтары, яшчэ больш заблытваюць гледача ў і бяз гэтага складанай сытуацыі. Мы не даведаемся з гэтага фільма, што сталася з Крымам. Вядома толькі, што «ён быў страчаны». А што дакладна зь ім здарылася, прадалі яго ўкраінцы ці аддалі Расеі ў падарунак, не гаворыцца.

Аўтары нам таксама тлумачаць, што ў СССР Украіна была неверагодна багатай і што пакуль Віктар Медзьвядчук быў дэпутатам Вярхоўнай рады, то яе эканоміка расла. А потым, маўляў, прыйшлі «аранжавыя» і ўсё сапсавалася. Уяўляю, якім сюрпрызам стала гэтая інфармацыя для ўкраінцаў, якія менавіта ў часы Кучмы пачалі масава ўцякаць з краіны, каб зарабіць на кусок хлеба. Медзьвядчук тлумачыць прычыну: «Ня быў створаны спрыяльны інвэстыцыйны клімат». Нюанс у тым, што Медзьвядчук падчас другога тэрміну Кучмы ўзначальваў яго адміністрацыю.

Медзьвядчук і Вялікае Княства Літоўскае

Уладзімер Пуцін, Віктар Медзьвядчук і Аляксандар Лукашэнка
Уладзімер Пуцін, Віктар Медзьвядчук і Аляксандар Лукашэнка

​Цікавы момант у фільме, дзе Медзьвядчук адказвае Пуціну, што расейцы і ўкраінцы не адзін народ. Бо для Пуціна ўсё проста, як дошка: усе ўкраінцы праваслаўныя (нягледзячы на спробы палякаў ператварыць іх у каталікоў), а значыць — рускія. Медзьвядчук нешта доўга тлумачыць, але потым і так прыходзіць да высновы Пуціна, што Ўкраіна павінна быць фэдэрацыяй. Бо, увага, некалі на тэрыторыі Ўкраіны была і Аўстра-Вугоршчына, і Крымскае ханства, і Вялікае Княства Літоўскае. А цяпер, тлумачыць кум Пуціна, улады хочуць уніфікаваць Украіну на ўзор невялікага кавалку заходняй часткі дзяржавы.

«Гэта немагчыма» — кажа кум Пуціна. Але чарговы нюанс вось у чым. Менавіта пуцінская Расея пазбаўляе нацыянальнай ідэнтычнасьці вялікія і меншыя народы Расеі, адбіраючы ў іх права на свае мовы, культуры і традыцыі. Іх перайначваюць на адзін маскоўскі капыл. А крык гэтых народаў аб праве на жыцьцё жорстка душыцца. Пра згадкі аб незалежнасьці нават маўчу. За гэта можна загрымець у турму, маецца артыкул у Крымінальным кодэксе. Злая іронія ў тым, што гэты артыкул быў уведзены акурат пасьля таго, калі Расея анэксавала Крым. Відаць, каб татары ды іншыя не «раскачалі губу».

Гучыць у фільме і адкрытая хлусьня. Напрыклад, пра поўную забарону пасьля Майдану карыстацца расейскай мовай ва Ўкраіне. Шкада, без статыстыкі, колькі мільёнаў расейскамоўных кіяўлян пацярпелі ад гэтага закону.

Час на кансьпіралёгію

Потым, калі пачалася частка аб расьсьледаваньні забойстваў на Майдане, у мяне адбылося дэжавю. Пасьля крушэньня самалёта Леха Качыньскага ў Смаленску ў польскіх СМІ пачалі зьяўляцца экспэрты, якія, седзячы ў кабінэце, лёгка тлумачылі, што на борце адбыўся выбух. Адзін зь іх, каб праілюстраваць замах тым, што было пад рукамі, выкарыстаў бляшанку з-пад Кока-колы і свой мабільнік. У Стоўна гэта робіць прафэсар Атаўскага ўнівэрсытэту Іван Качаноўскі. Ён вынес вэрдыкт пра адказнасьць «хунты» на падставе аналізу абрыўкаў відэазапісаў з Майдану. Маўляў, ахвяраў расстрэлу наўмысна вялі да снайпэраў, бо нехта ім махаў рукой «Сюды, сюды!».

Самая нудная частка фільму — пра ўмяшаньне Ўкраіны ў амэрыканскія выбары. Вялікі кавалак пра ўкраінку, маці былой стажысткі Біла Клінтана, якая вярнулася з пэнсіі, каб зьбіраць кампрамат на Трампа. Цікава, што нават Пуцін у фільме ня лічыць гэта нечым сур’ёзным і кажа, што прыхільнасьць папярэдняй улады да Гілары Клінтан і крытыка Трампа зьвязаныя выключна з тым, што ў Кіеве былі перакананыя, што выйграе менавіта Клінтан. Затым у гэтай частцы кіно ўзьнікае такая колькасьць імёнаў і падзей, што простаму гледачу ўвогуле цяжка разабрацца, хто з кім і што.

Фільм Стоўна ня мог, вядома ж, абысьціся бяз згадкі пра Джорджа Сораса і ягоную ролю ва ўкраінскім крызісе. Калі пайшлі кадры часоў ІІ сусьветнай вайны з украінскай сымболікай побач з нацысцкай, згадкі пра Ўол-Стрыт і заходніх палітыкаў, якія хочуць ператварыць Украіну ў сьметнік, я быў гатовы выключыць. Але ведаючы, што я і так павінен напісаць гэты тэкст, я змусіў даглядзець сябе да канца, каб быць шчырым перад чытачамі. А было няпроста.

«Сындром Марадоны»

Уладзімір Пуцін і Олівер Стоўн
Уладзімір Пуцін і Олівер Стоўн

​Цытаты з фільма «Насельніцтва паверыла, што там [на Данбасе] расейскія войскі», «Пасьля дэкамунізацыі Ўкраіна страціла індустрыяльную веліч», «Клінтан завяла прыватную пошту, каб рыхтаваць Майдан» або «Пуцін намагаецца захаваць мір» ня ў стане перадаць узровень усёй яго маніпуляцыі і абсурду. Там, бясспрэчна, можна сустрэць і пару праўдзівых фактаў. І вось гэты кактэйль праўды (у гэтым выпадку мізэрны) і маніпуляцыі — ёсьць самы клясычны рэцэпт прапаганды. Бо глядач ловіць сябе на думцы: не, ну вунь ёсьць жа і праўда. Хаця ў гэтым фільме аўтары моцна стараліся, каб глядач так не падумаў.

А найбольш перастараўся Олівэр Стоўн. Ці можна яго лічыць сур’ёзным пасьля пытаньняў Медзьведчуку: «Чаму ўкраінцы ненавідзяць Расею?» або недаверлівы і наіўны тон у словах «Гэта Пуцін, хросны бацька вашай дачкі, атрымліваецца, вораг?»

Страчаную гадзіну жыцьця ніхто мне ня вярне. Але ня гэта самае страшнае. З жахам часам назіраю за людзьмі, часта кумірамі юнацтва, якія з узростам дзяцінеюць на вачах. Зацыкліваюцца на маргінальнай ідэалёгіі, робяць дзіўныя заявы і гэтаксама дзіўна сябе паводзяць. Я некалі і назву прыдумаў для гэтай зьявы — «сындром Марадоны». Гэта калі чалавек па ўласным жаданьні нішчыць сваю легенду. Але «сындром Стоўна» гучыць больш мілагучна.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG