Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка хацеў атрымаць шапку Манамаха і што з гэтага выйшла


Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын, 1997 год
Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын, 1997 год

Лукашэнка сам даў Расеі інструмэнт, з дапамогай якога тая цяпер ажыцьцяўляе «прымус да інтэграцыі».

Сьцісла

  • Лукашэнка ня быў першаадкрывальнікам і ініцыятарам палітыкі інтэграцыі з Расеяй.
  • У 1990-я гады на адносіны з Расеяй моцна паўплывала імкненьне Лукашэнкі стаць прэзыдэнтам аб’яднанай беларуска-расейскай дзяржавы.
  • Дамова аб стварэньні «саюзнай дзяржавы» стала кульмінацыяй інтэграцыі.
  • Прыход Пуціна да ўлады ў Расеі паламаў пляны Лукашэнкі.
  • Доўгі час Беларусь атрымлівала маштабныя расейскія субсыдыі, палітычную падтрымку Масквы, пры тым, што кіроўны рэжым меў свабоду рук у правядзеньні ўнутранай, эканамічнай, нават замежнай палітыкі.
  • Расея цяпер выкарыстала тую «саюзную дамову», якую ў свой час ініцыяваў Лукашэнка.

Інтэграцыя як прыкмета комплексу непаўнавартасьці

Сёньняшні беларускі-расейскі канфлікт вакол пэрспэктываў інтэграцыі, «саюзнай дамовы» выглядае не да канца зразумелым нават людзям, якія цікавяцца палітыкай. Адкуль узялася тая дамова аб стварэньні «саюзнай дзяржавы» дваццацігадовай даўнасьці, за якую цяпер учапілася Масква, прымушаючы афіцыйны Менск да яе выкананьня? Сапраўды, гэта цяжка зразумець, ня ведаючы ўсёй падаплёкі, той вялізнай эвалюцыі ў адносінах Беларусі з Расеяй, якая адбылася цягам 25 гадоў кіраваньня Лукашэнкі.

Адразу адзначу, што не Аляксандар Лукашэнка быў першаадкрывальнікам і ініцыятарам палітыкі інтэграцыі з Расеяй. Яе пачала праводзіць каманда Вячаслава Кебіча адразу пасьля атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці ў 1991 годзе. Расеецэнтрызм ва ўяўленьнях беларускай кіроўнай эліты — гэта комплекс нацыянальнай, дзяржаўнай, палітычнай непаўнавартасьці, посткаляніяльны сындром, прыкмета негатовасьці грамадзтва і кіроўнай клясы ўзяць на сябе адказнасьць за ўласны лёс, упэўненасьць, што без Масквы мы прапалі.

Прэм'ер-міністры Беларусі і Расеі Вячаслаў Кебіч і Віктар Чарнамырдзін, 1994 год
Прэм'ер-міністры Беларусі і Расеі Вячаслаў Кебіч і Віктар Чарнамырдзін, 1994 год

Замах на шапку Манамаха

Прыйшоўшы да ўлады, Лукашэнка проста працягваў гэтую палітычную лінію. Але вельмі хутка ў кампаніі пад назвай «беларуска-расейская інтэграцыя» зьявіўся адзін вельмі важны падтэкст і моцны рухавік.

З 1995 году ў прэзыдэнта Беларусі выявіўся плян і гарачае жаданьне стаць прэзыдэнтам аб’яднанай беларуска-расейскай дзяржавы. Можна сказаць, што заваяваць крамлёўскі пасад, атрымаць шапку Манамаха стала яго ідэяй фікс, і зьнешняя, а збольшага і ўнутраная палітыка Беларусі была ў значнай меры падпарадкаваная рэалізацыі гэтай досыць авантурнай і звышамбітнай ідэі.

Лукашэнка гатовы быў ажыцьцявіць своеасаблівы бартэрны абмен: сувэрэнітэт сваёй дзяржавы абмяняць на вышэйшую пасаду ў Крамлі. «Каму патрэбен сувэрэнітэт пры жабрацкай нацыі?» — рытарычна пытаўся ён. (З выступу А. Лукашэнкі па Беларускім тэлебачаньні, 1998, 27 сьнежня.)

Такіх заяваў на той час было нямала:

  • «Беларусь для мяне — пройдзены этап!» («Огонек», 1996, № 43);
  • «Ня трэба баяцца, палохаць фэдэрацыяй або канфэдэрацыяй. Можа, мы прыйдзем зноў да Савецкага Саюзу і, можа, яшчэ больш жорсткага, чым у Савецкім Саюзе» («Беларуская маладзёжная», 1996, 14 сакавіка);
  • «Можа быць, гэта будзе адзіная дзяржава, можа быць — фэдэрацыя, можа быць — канфэдэрацыя. Мы да гэтага павінны прыйсьці» («Народная Воля», 1997, 19 чэрвеня);
  • «Ну, а дапусьцім, быў бы кіраўнік гэтай супольнасьці. Вы лічыце, што Лукашэнка ня мог бы прэтэндаваць на ролю кіраўніка?» («Совершенно секретно», 1997, № 9).
Ельцын і Лукашэнка пасьля падпісаньня дамовы аб саюзе Беларусі і Расеі 2 красавіка 1996 году
Ельцын і Лукашэнка пасьля падпісаньня дамовы аб саюзе Беларусі і Расеі 2 красавіка 1996 году

Лукашэнка настойліва імкнуўся фарсіраваць працэс аб’яднаньня, каб пасьпець да расейскіх прэзыдэнцкіх выбараў 1996 году. Пасьля перамоваў у Маскве з прэзыдэнтам РФ Барысам Ельцыным ён абвясьціў па БТ, што дамовіліся «аб стварэньні саюзнай дзяржавы», наднацыянальных органаў (у прыватнасьці, ураду), рашэньні якіх будуць насіць абавязковы характар. Але Ельцыну яшчэ адзін канкурэнт быў не патрэбен, і на наступны дзень ён зьняпраўдзіў заяву свайго беларускага саюзьніка, прычым у ня вельмі ветлівай форме: «Аб стварэньні адзінай дзяржавы зь Беларусьсю пытаньне не стаіць. Проста нехта нешта пераблытаў».

Дамова аб утварэньні «саюзнай дзяржавы»

Чаму дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы» падпісалі 8 сьнежня 1999 году? Бо ў 2000 годзе ў Расеі павінны былі адбыцца прэзыдэнцкія выбары. І Лукашэнка сьпяшаўся ўскочыць у апошні вагон расейскай выбарчай кампаніі. Цікава, што ён імкнуўся ўдзельнічаць у гэтай кампаніі, застаючыся прэзыдэнтам Беларусі. Гэта была страхоўка на выпадак няўдачы. Варыянт інтэграцыі, распрацаваны камандай Лукашэнкі, прадугледжваў мадэль фэдэрацыі, у рамках якой дзяржаўнасьць Беларусі фактычна ператваралася ў фікцыю. Прычым рэалізаваць гэты праект ён спрабаваў таемна, за сьпінай грамадзтва, без аніякага абмеркаваньня нават у кішэнным парлямэнце.

Аднак Ельцын адмовіўся ад гэтага варыянту. Гістарычны парадокс у тым, што тады сувэрэнітэт Беларусі ўратавала імпэрская, вялікадзяржаўная расейская эліта.

Лукашэнка моцна абураўся: «Чаму раптам Расея, якая ў 15 разоў перасягае нас па насельніцтве, большая ў шмат разоў па тэрыторыі, чым Беларусь, спалохалася гэтага працэсу?» («Советская Белоруссия», 1999, 3 ліпеня). «Такімі кавалкамі ня кідаюцца», — угаворваў ён расейскую палітычную эліту далучыць Беларусь («Известия», 1999, 28 кастрычніка).

Дамова ад 8 сьнежня аказалася значна ўрэзанай у параўнаньні зь першапачатковым беларускім варыянтам. Лукашэнка назваў яе «пасьмешышчам».

Інтэграцыя пры Пуціну

Але амбітныя пляны кіраўніка Беларусі абрынуліся 31 сьнежня 1999 году, калі Ельцын абвясьціў пра сваю адстаўку і прыход да ўлады ў Расеі Пуціна. Тады Лукашэнка зразумеў, што шапка Манамаха знайшла іншую галаву і фортка ў Крэмль зачыненая. І гэта рэзка астудзіла інтэграцыйны запал афіцыйнага Менску.

Вельмі хутка стала зразумела, што цяпер аб’ядноўвацца ў адну дзяржаву Лукашэнка не зьбіраецца. Прапаганда беларуска-расейскага яднаньня ў дзяржаўных СМІ Беларусі значна зьменшылася па маштабе і напале.

Тая мадэль інтэграцыі, якая паўстала пасьля прыходу да ўлады Пуціна, была для беларускага кіраўніцтва і грамадзтва блізкая да аптымальнай. Беларусь атрымлівала маштабныя расейскія субсыдыі, палітычную, вайсковую і дыпляматычную падтрымку Масквы, пры тым, што кіроўны рэжым меў свабоду рук у правядзеньні ўнутранай, эканамічнай, нават замежнай палітыкі.

Пэўным рубяжом у двухбаковых адносінах стаў 2014 год, далучэньне Расеяй Крыму, Данбас, канфлікт вакол Украіны. З гэтага моманту замежная палітыка Беларусі зрабілася больш самастойнай, Менск пачаў дыстанцыявацца ад Расеі — пры тым, што эканамічная залежнасьць краіны ад РФ ня зьменшылася. Узьнік такі геапалітычны шпагат, які доўга існаваць ня мог. Канфлікт рана ці позна павінен быў абвастрыцца. І гэта здарылася цяпер.

Расея раптам выцягнула з архіву той дакумэнт 1999 году, зьдзьмухнула пыл і кажа: давай інтэгравацца. Крэмль зьняў са сьцяны тую самую стрэльбу ў выглядзе саюзнай дамовы, якую павесіў на гэтую сьцяну ўласнымі рукамі сам Лукашэнка 20 год таму. І таму кіраўнік Беларусі ня можа адмовіцца ад перамоваў пра «паглыбленьне інтэграцыі». Бо Масква хутка нагадае, хто быў ініцыятарам той дамовы.

Нішто на зямлі не праходзіць бясьсьледна. Гэта такі падарунак Расеі да 25-гадовага юбілею кіраваньня Лукашэнкі. Але, думаю, ён наўрад ці яму ўзрадаваўся.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG