Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як улады ўзялі пад кантроль фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа». Рэдкія фота


Віктар Роўда і зводны ход выконваюць на фэстывалі гімн Арсеньневай і Равенскага «Магутны Божа»
Віктар Роўда і зводны ход выконваюць на фэстывалі гімн Арсеньневай і Равенскага «Магутны Божа»

З 18 па 26 траўня ў Магілёве пройдзе XXIII фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа». Паўстаў ён з грамадзкай ініцыятывы, але зь цягам часу яго манапалізавала дзяржава. Свабода сабрала цікавыя факты пра імпрэзу.

Калі ўпершыню адбыўся фэстываль

11–17 ліпеня 1993 году з ініцыятывы тагачаснага магілёўскага ксяндза Ўладзіслава Бліна і прадстаўнікоў грамадзкасьці.

Пілігрымы на фэстываль «Магутны Божа»
Пілігрымы на фэстываль «Магутны Божа»

Пытаньнямі арганізацыі, пошуку фінансаваньня і правядзеньня займаўся ўтвораны дзеля гэтага грамадзкі Фонд духоўнага яднаньня міжнароднага фэстывалю «Магутны Божа».

Задумваўся фэст як экумэнічны форум, пакліканы абʼяднаць у музычнай творчасьці хрысьціян розных канфэсій.

Чаму фэстываль названы «Магутны Божа»

Назву яму даў першы радок гімна на верш паэткі Натальлі Арсеньневай і музыку Міколы Равенскага «Малітва». Да 2004 году твор гучаў на адкрыцьці і закрыцьці фэсту. Паводле тагачаснага палажэньня ўдзельнікі конкурснай праграмы павінны былі ведаць гімн на мове арыгіналу.

У пазьнейшай рэдакцыі палажэньня такога патрабаваньня ўжо не было. З ідэалягічных меркаваньняў улады выкананьне твору палічылі немэтазгодным, але цалкам прыбраць яго з праграмы не наважыліся. Цяпер гімн выконваецца звычайна адзін раз — на заключным гала-канцэрце.

Зь якіх крыніц фінансаваліся першыя фэстывалі

Зварот аргкамітэту фэстывалю ў Фонд Сораса з просьбай аб фінансаваньні
Зварот аргкамітэту фэстывалю ў Фонд Сораса з просьбай аб фінансаваньні
  • Фонд Сораса.
  • Прыватныя ахвяраваньні. Сродкі з дабрачынных канцэртаў.
  • Дапамагаў Магілёўскі гарвыканкам, а таксама мясцовыя прадпрыемствы.
  • Унёсак рабілі Беларускі народны фронт «Адраджэньне» ды грамадзкі камітэт «Дзеці Чарнобылю».
  • Культурныя і музычныя ўстановы гораду выдзялялі памяшканьні для імпрэзаў, а навучальныя — інтэрнаты для пражываньня ўдзельнікаў. Ім дазвалялася бясплатна езьдзіць у грамадзкім транспарце.

Хто са знакавых асобаў удзельнічаў у фэстывалі

Віктар Роўда (1921–2007) — народны артыст Беларусі і СССР, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафэсар Беларускай акадэміі музыкі. Старшыняваў у міжнародным журы фэстывалю.

Гай дэ Пікарда (1931–2007) — сябра рады Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане, сакратар Ангельска-беларускага таварыства, дасьледчык беларускай культуры. Сябра журы. Паводле запавету прах пахаваны ў Менску каля Чырвонага касьцёла.

Гай дэ Пікарда, дасьледчык беларускай культуры з Ангельшчыны
Гай дэ Пікарда, дасьледчык беларускай культуры з Ангельшчыны

Віктар Скорабагатаў — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дацэнт акадэміі музыкі. Сябра журы.

Ганна Каржанеўская — дацэнт Беларускай акадэміі музыкі, канцэртмайстар Беларускага тэлерадыёкамітэту. Сябра журы.

Зінаіда Бандарэнка — народная артыстка Рэспублікі Беларусь, дыктар беларускага радыё і тэлебачаньня. Вядоўца першых фэстываляў.

Калі ў арганізатараў фэстывалю зьявіліся першыя непаразуменьні з уладамі

Фэстывалі 1994 і 1995 гадоў — апошнія, калі аргкамітэт і ўлада трымаліся партнэрскіх стасункаў. Потым непаразуменьняў паміж імі рабілася ўсё больш.

Чыноўнікі нэгатыўна ўспрымалі праявы беларускага патрыятызму на фэсьце. Наведнікаў, якія «размахвалі бел-чырвона-белымі сьцягамі», дзяржаўная прэса пачала абвінавачваць «у нацыяналізьме».

Зянон Пазьняк выступае на фэстывалі «Магутны Божа»
Зянон Пазьняк выступае на фэстывалі «Магутны Божа»

У першыя прэзыдэнцкія выбары 1994 году на фэсьце пабываў лідэр апазыцыі і кандыдат на пасаду кіраўніка дзяржавы Зянон Пазьняк. У магілёўскім касьцёле Небаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ён павянчаўся з Галінай Вашчанкай. Дзяржаўныя ідэолягі абвінавацілі арганізатараў у намерах спалітызаваць музычны форум.

Якімі былі першыя абмежаваньні і забароны

У 1995 годзе Магілёўскі гарвыканкам запатрабаваў ад аргкамітэту фэстывалю не дапускаць правядзеньня набажэнстваў, рэлігійных цырымоніяў і эвангелічных сходаў па-за культавымі пабудовамі.

У 1996 годзе арганізатарам не дазволілі ажыцьцявіць моладзевы праект «Беларускі рок насустрач фэстывалю „Магутны Божа“». Фармальнай прычынай стала тое, што беларускія рок-гурты «Ўліс», «NRM», «Новае Неба» не падалі ідэолягам тэксты песень.

На фэстывалі 1994 году бел-чырвона-белы сьцяг яшчэ не пад забаронаю
На фэстывалі 1994 году бел-чырвона-белы сьцяг яшчэ не пад забаронаю

У 1997 годзе тагачасная намесьніца старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Натальля Аўдзеева асабіста спрабавала адбіраць бел-чырвона-белыя сьцягі ў моладзі на канцэрце гуртоў «Палац» і «Новае Неба» перад касьцёлам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Паны Марыі. Гэта быў апошні выступ беларускіх гуртоў на фэсьце.

У 1997-м адбыліся першыя затрыманьні.

Чаму старшыня аргкамітэту зьвяртаўся да Лукашэнкі

Старшыня аргкамітэту Аляксандар Аляксеенка зьвярнуўся да кіраўніка дзяржавы ў 1995 годзе са спадзевам, што яго заступніцтва паўплывае на стаўленьне мясцовай улады да фэсту. У лісьце прасіў прэзыдэнта падтрымаць фэстываль і наведаць яго. Лукашэнка не прыехаў.

На канцэрце беларускіх гуртоў «Палац» і «Новае Неба» на пляцоўцы перад касьцёлам Небаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі
На канцэрце беларускіх гуртоў «Палац» і «Новае Неба» на пляцоўцы перад касьцёлам Небаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі

У 1997 годзе чальцы фонду «Магутны Божа» канстатавалі: «Палітычныя і эканамічныя абставіны на Беларусі пазбавілі фэстываль падтрымкі асноўных фундатараў». Паводле іх, Фонд не разьлічвае на дапамогу дзяржавы, якая «заклеймавала сьвята „ганебнымі“, на яе погляд, словамі „адраджэнскасьці“ і „каталіцкасьці“». Чальцы фонду такое стаўленьне ўлады ахарактарызавалі як «варожае ідэі фэстывалю хрысьціянскай духоўнай музыкі».

Калі фэстываль апынуўся пад кантролем улады

У 1997 годзе ва ўладных структурах задумалі «абнавіць» фэстываль і даць яму «другое нараджэньне». Ад 1998 году ён пад кантролем улады. У публікацыях дзяржаўнай прэсы таго часу адзначалася «цьвёрдасьць аргкамітэту ў канчатковай адмове ад «палітычнага складніку», які меў месца ў мінулыя гады.

Склад журы першага фэстывалю «Магутны Божа»
Склад журы першага фэстывалю «Магутны Божа»

Робяцца спробы прыбраць гімн «Малітва». Яго бароніць Віктар Роўда. Ён крытыкуе арганізацыю фэстывалю, якая «адбываецца ў апошнюю хвіліну ў аўральным парадку».

Як трансфармаваўся фэстываль

У 2002 годзе заснавальнікі закрылі фонд «Магутны Божа» «празь немэтазгоднасьць існаваньня». Арганізатарамі фэсту становіцца абласная і гарадзкая ўлада. З прычыны «нястачы фінансаваньня» імпрэзы робяцца платнымі.

У 2003 годзе старшыня журы Віктар Роўда выказаў незадавальненьне тым, што ў журы не запрасілі музыказнаўцаў Віктара Скорабагатава і Галіну Каржанеўскую, якія стаялі ля вытокаў фэсту.

Зінаіду Бандарэнку, пасьля таго як фэстываль апынуўся пад кантролем улады, больш на яго не запрашаюць
Зінаіду Бандарэнку, пасьля таго як фэстываль апынуўся пад кантролем улады, больш на яго не запрашаюць

Пачынаюцца «экспэрымэнты». Арганізатары спрабуюць абысьціся бяз конкурсу, адкрыцьця і закрыцьця, паўнавартасную праграму замяняюць асобнымі канцэртамі. Такія захады тлумачацца «творчым перапынкам», каб «вывесьці фэстываль на больш высокі мастацкі ўзровень».

Ад 2015 году фэстываль праводзіцца раз на два гады. Арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, а таксама ўпраўленьне культуры Магілёўскага аблвыканкаму ды Магілёўскі гарвыканкам.

Пераможцу сёлетняга фэсту абяцаюць прыз у 2 тысячы даляраў. У конкурсе возьмуць удзел 14 калектываў зь Беларусі і Расеі. На мінулых фэстывалях геаграфія канкурсантаў была значна шырэйшая.

У матэрыяле выкарыстаныя зьвесткі, сабраныя гісторыкам Ігарам Пушкіным, архіўныя дакумэнты рыма-каталіцкай парафіі Небаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, а таксама ўспаміны арганізатараў фэсту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG